Галоўны зубны доктар Вiцебшчыны Васiль Варганаў вылечыў каля 13 тысяч пацыентаў
Размову з галоўным урачом абласной стаматалагiчнай палiклiнiкi i галоўным пазаштатным стаматолагам упраўлення аховы здароўя Вiцебскага аблвыканкома Васiлём Васiльевiчам Варганавым мы пачалi з... беларускай лiтаратуры.
Не загаворвай нам зубы, скажа нехта. Дык вось, што датычыцца зубоў, то пра гэта нiжэй. А я ў сваю чаргу запытаюся ў скептыкаў: цi часта вам даводзiлася сустракаць у сваiм жыццi ўрача, якi добра валодае роднай мовай, цiкавiцца айчыннай гiсторыяй i лiтаратурай? Не сумняваюся, што тых, хто адказаў «так», можна будзе пералiчыць па пальцах адной рукi...
Выбар прафесii зубнога ўрача стаў для сялянскага хлапчука Васiля Варганава невыпадковым. У вёсцы Чудзiна Ганцавiцкага раёна, дзе ён нарадзiўся, працавала ў той час выдатная сям’я ўрачоў Мяцелiц. Галава яе якраз i завiхаўся ля зубапратэзнага крэсла, калi так можна было назваць яго недзе пяцьдзесят год назад. А Вася сябраваў з ягоным сынам, i яму, вырасшаму без бацькi, якi загiнуў у 1947 годзе, патрабавалася мужчынская ўвага. Чулы, iнтэлiгентны доктар прывячаў малога аднавяскоўца, апекаваў нароўнi са сваiм нашчадкам.
Пасля школы Васiль паступiў у Баранавiцкае медыцынскае вучылiшча. У той нялёгкi час, калi ўрачы любых спецыяльнасцей былi нарасхват, ён, малады спецыялiст, выпускнiк, больш двух гадоў выконваў абавязкi галоўнага ўрача ўчастковай бальнiцы ў сябе на радзiме. Менавiта ў тым, што медыцына — яго прызванне, там i пераканаўся i паступiў у Мiнскi медыцынскi iнстытут вучыцца на стаматолага.
Сёння, пасля столькiх перажытых гадоў, калi прыйшло прызнанне калег, давер пацыентаў, ёсць пра што расказаць, можна падагулiць зробленае, падзялiцца сакрэтамi з маладзейшымi, азначыць сваю ролю ў медыцыне.
— У 1976 годзе ў Вiцебску працавала толькi адна стаматалагiчная палiклiнiка. Зараз iх тры, некалькi аддзяленняў пры агульных палiклiнiках, больш дзесятка прыватных кабiнетаў, — расказвае Васiль Васiльевiч. — Наша медыцынская ўстанова самая буйная ў рэспублiцы. Закуплена сучаснае медыцынскае абсталяванне, укаранёны новыя прагрэсiўныя тэхналогii. Спецыялiсты вучацца ў такiх вядомых у медыцынскiм свеце вучэбных цэнтрах, як Масква, Кiеў, Перм. Мы выкарысталi магчымасцi навучання ў Германii, Францыi, Балгарыi i iншых краiнах...
Пакiнем на час вытворчыя справы i зазначым, што сам галоўурач вылечыў каля трынаццацi тысяч пацыентаў. Сёння ў яго лечацца дзецi i ўнукi тых, каму ён калiсьцi аказваў сваю дапамогу ўпершыню.
Працуе галоўны зубны ўрач вобласцi натхнёна i таленавiта, мэтанакiравана i настойлiва. Асваенне пратэзавання фарфорам, металакерамiкай, металапластмасай, лазерная зварка, iмплантацыя — усё гэта дазваляе вiцебскiм медыкам iсцi не толькi поруч са спецыялiстамi iншых галiн медыцыны, але i крыху наперадзе. Вопыт мясцовых медыкаў запатрабаваны — Вiцебск стаў месцам правядзення семiнараў i канферэнцый рэспублiканскага значэння.
— Васiль Васiльевiч, — пытаюся, — а цi змяншаюцца чэргi ў вашай палiклiнiцы? Калi я прыходжу ў яе, то яны хоць i не дужа вялiкiя, але вiдавочныя.
— Чэргi таму, напэўна, што мы лечым лепш, чым другiя. А калi пасур’ёзней, то падрыхтоўка стаматолагаў вялася раней толькi на адпаведным факультэце Мiнскага медунiверсiтэта, i асноўная колькасць выпускнiкоў там i заставалася. Таму з дапамогай рэктара Вiцебскага медыцынскага унiверсiтэта мы выйшлi з iнiцыятывай аб адкрыццi ў нашым медунiверсiтэце стаматалагiчнага факультэта. Савет Мiнiстраў рэспублiкi даў на гэта згоду. Я вельмi рады i задаволены, што летась 28 маладых спецыялiстаў прыступiлi да работы ў Вiцебску i вобласцi.
Задаволены не толькi ўрачы абласной стаматалагiчнай палi-клiнiкi, але i пацыенты: са жнiўня рэзка палепшылася даступнасць стаматалагiчнай дапамогi, шэсцьдзесят працэнтаў наведвальнiкаў могуць заказаць талоны прама па тэлефоне...
Мэтанакiраванасць у рабоце, патрабаваннi да сваiх калег не толькi начальнiцкiя, а, можна сказаць, i бацькоўскiя, гатоўнасць прыйсцi на дапамогу маладзейшым парадай i справай, тактоўнасць i iнтэлiгентнасць вылучаюць Васiля Варганава. Яму сёння ўдзячны многiя. Многiм удзячны ён сам. Сярод тых, хто дапамагаў у будаўнiцтве палiклiнiкi, у абсталяваннi яе сучаснымi машынамi i механiзмамi, ён называе былога першага сакратара абкома партыi Уладзiмiра Грыгор’ева i былога старшыню гарвыканкома Мiкалая Федарчука, сённяшняга старшыню аблвыканкома Уладзiмiра Андрэйчанку i многiх яшчэ.
Амаль трыста чалавек працуе сёння ў абласной стаматалагiчнай палiклiнiцы, што на вулiцы Шрадэра ў Вiцебску. За 22 гады пад кiраўнiцтвам Васiля Васiльевiча калектыў не згубiў набытага, а стаў яшчэ больш прафесiйным. А ў крэсле «гуляючага трэнера» — практыкуючага галоўурача, па словах наведвальнiкаў, адступае i страх, i боль.
На здымку: Васiль Варганаў са студэнткай-практыканткай.