Сергей Шкляревский семьдесят лет возглавляет Покрашевский ФАП Слуцкого района

«Крочу ад хаты да хаты, дзе людзі мяне чакаюць»

У працоўнай кніжцы 92-гадовага Героя Сацыялістычнай Працы Сяргея Іванавіча Шклярэўскага адзіны запіс, датаваны 1 ліпеня 1950 года: фельчар-акушэр Покрашаўскага ФАПа Слуцкага раёна.


Ветэран медыцыны таксама адзначаны двума ордэнамі Леніна, медалямі, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, прызнаны выдатнікам аховы здароўя Беларусі. Вясковы медык выбіраўся дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, членам Цэнтральнага камітэта Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Сяргей Іванавіч — ганаровы грамадзянін Слуцкага раёна і Мінскай вобласці.

ДАЎНО гэта было. Летнім днём сусед узяў мяне з сабою ў лес па дровы. Конік няспешна цягнуў вазок. Мы пра тое-сёе гаманілі. Пра будучае маё пачалі. Запалі ў памяці яго словы: «Ты добра вучышся, урачом стань. Заўжды будзеш патрэбен людзям...»

Гэты момант з далёкага мінулага ўсплыў падчас сустрэчы ў слуцкай вёсцы Покрашава з нязменным загадчыкам ФАПа Сяргеем Шклярэўскім. Адклаўшы ў бок стос картак пацыентаў, Сяргей Іванавіч зірнуў у акно, дзе мітусліва мільгалі юркія ластаўкі. Думкі вярнулі яго ў далёкае пасляваеннае лета, калі ўпершыню пераступіў парог будынка, дзе ў невялікім пакойчыку месціўся Покрашаўскі ФАП:

— Ваеннае ліхалецце перакруціла мой лёс. Рана не стала маці. Пасля вызвалення Случчыны адведаць родных прыехаў бацькаў брат Мікалай. Ён служыў у контр­разведцы. Убачыў вясковую беднату і забраў мяне ў Ленінград, каб уладкаваць у Сувораўскае вучылішча. Па прыездзе яго адразу адправілі ў доўгатэрміновую камандзіроўку. Каб атрымаць харчовую картку, з дапамогай сяброў дзядзькі ўладкаваўся слесарам у электрамайстэрню Кастрычніцкай чыгункі. Там працаваў, пакуль ён не вярнуўся. У першае пасляваеннае лета дзядзьку перавялі на службу ў Варонеж. Дабіраліся мы з ім цягніком праз Маскву. Прыехалі ў сталіцу раніцай 24 чэрвеня 1945 года. Наш поезд адпраўляўся ўвечары. У той дзень горад вітаў удзельнікаў ваеннага парада. Нам пашчасціла трапіць на Чырвоную плошчу і глядзець урачыстасць. Пачуцці ад ваеннага шэсця захлыналі.

З Варонежа дзядзька адправіўся служыць у Кітай, і я так і не стаў сувораўцам. Вярнуўся дамоў. На палях убіралі збажыну. Разам з сябрамі працаваў на калгаснай малатарні. Увосень пераросткам пайшоў у школу. У 17 гадоў скончыў сямігодку. Намерыўся паступаць у чыгуначны тэхнікум, аднак дырэктар затрымаў выдачу пасведчання, і я не паспеў адправіць дакументы. Паспяхова здаў уступныя экзамены ў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу, але на вучобу мяне не прынялі: закон абавязваў забяспечваць сірот інтэрнатам, якога ў першыя пасляваенныя гады не было. Падаў заяву, што не прэтэндую на жыллё, і мяне залічылі. Хутка праляцелі тры гады. У кірзавых ботах і гімнасцёрцы атрымліваў дыплом фельчара-акушэра і накіраванне на працу ў Слуцкі раён. Там мне месца не знайшлося. Восенню пайшоў у армію. Родныя зладзілі развітальную вечарыну.

Служыў у марской батарэі на Балтыцы, а потым у санчасці. У пісьмах цікавіўся, як адбудоўваецца родная вёска Серагі. У вайну за сувязь жыхароў з партызанамі акупанты яе амаль дашчэнту спалілі. Людзі паступова адбудоўваліся. Дзяржава выдзяляла лес для ўзвядзення жылля. І нашай сям’і вызначылі 30 кубоў на пабудову хаты. Паехаў у лясгас выпісваць дакументы і там сустрэў аднакурсніцу, якая і падказала, што ў Покрашаве вызваляецца пасада фельчара. Так і трапіў сюды.

— Так што, і хату не давялося будаваць у родных Серагах?

— Там бабуля Юстына і сястра засталіся. Дапамагаў ім з будоўляй. Хутка займеў сваю сям’ю. Прыгажуня-настаўніца Марыя Дзмітрыеўна Зіневіч кватаравала разам з маёй сваячкай Марыяй Мікалаеўнай Савановіч, якая таксама настаўнічала ў Покрашаве. У той час лютавалі эпідэміі дзіцячых хвароб: дыфтэрыя, коклюш, шкарлятына, адзёр. Суткамі хадзіў ад хаты да хаты і ратаваў дзетак. Надта стамляўся, таму забягаў да маладых настаўніц адпачыць — і закахаўся. Зрабіў прапанову і атрымаў згоду. Дырэктар мясцовага вінзавода Іван Сымонавіч Янковіч пагадзіўся быць сватам, і на яго «козліку» паехалі ў Грэск да бацькоў нявесты. Нас прынялі, і сватаўство перарасло ў невялікае вяселле.

Збудавалі свой драўляны дом, але, на жаль, нядоўгім выдалася жыццё гаспадыні. Аўдавеў. Горыч страты дапамагалі пераадолець праца і вяскоўцы. Добрыя людзі пазнаёмілі з урачом Нэляй Мікалаеўнай Якухновай. У яе не склалася сямейнае жыццё. Адна выхоўвала дваіх дзяцей. Мы пражылі разам шаснаццаць шчаслівых гадоў, і я зноў аўдавеў. Дзеці Нэлі Мікалаеўны сталі роднымі. Дачка Людміла з сям’ёю жыве ў сталіцы. Сын Сяргей — у Слуцку. Яны пастаянна прыязджаюць у госці. Не забываюць мяне і ўнукі Павел, Аляксандр і малодшы Ілля. Ён скончыў пяць класаў. Любіць бавіць час у Покрашаве. І для мяне вёска стала роднай. Раней тут было багата моладзі, нараджалася шмат дзяцей. Неаднойчы даводзілася прымаць у сялянак роды, выконваць розныя медыцынскія працэдуры. Вяскоўцы з першых дзён маёй працы і дагэтуль завуць мяне доктарам, а я ж фельчар-акушэр. Многія аднакурснікі атрымалі вышэйшую медыцынскую адукацыю.

— Зайздросцілі ім?

— Канечне, хацеў стаць сапраўдным урачом. У кожнага свае шляхі-дарогі. І сёння, праз дзесяцігоддзі, балюча ўзгадваць, як у першы дзень працы ў Покрашаве падарваўся на гранаце хлопчык. Тварык абсмалены, рукі пашкоджаны, кроў льецца. Трэба было тэрмінова ратаваць яго. Спыніў кровацячэнне, і на кані адвёз падлетка ў Грэскую раённую бальніцу. Выклікалі санітарную авіяцыю і адправілі ў Бабруйск. Жыццё ўратавалі, але назаўсёды ён застаўся сляпым. А колькі іншых складаных выпадкаў засталося ў памяці! Для вяскоўцаў ты сапраўдны доктар — трэба апраўдваць гэта на справе. На цябе спадзяюцца, чакаюць неадкладнай дапамогі.

На маіх вачах раслі пакаленні. Ведаю радавод кожнай вясковай сям’і. У пасляваенныя гады на нашым участку пражывала амаль 800 дзяцей. Кожнаму трэба было своечасова зрабіць прышчэпкі. Вясковаму медыку заўжды ёсць чым заняцца.

— За сем дзесяцігоддзяў працы ў якія часы нагрузка ў ФАПе была найбольшай?

— Калі толькі ачухваліся пасля перажытай вайны. Хвалямі каціліся розныя інфекцыйныя хваробы. Перажылі без страт масавае захворванне дзяцей дыфтэрыяй, коклюшам, шкарлятынай. Усіх хворых паступова падымалі на ногі.

У другой палове 1960-х Урад прыняў спецыяльную пастанову па арганізацыі лячэння дзіцячых хвароб. Наша старанне заўважылі, і ў 1966 годзе мяне ўзнагародзілі ордэнам Леніна.

— Узнагарода, безумоўна, надала настрою для далейшай працы!

— І адказнасці. Вясковы медык круглыя суткі на варце. Першую дзяржаўную ўзнагароду — Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР — атрымаў на пачатку працы ў Покрашаве. Тады мы паспяхова справіліся з дыфтэрыяй: не дапусцілі ні адзінага лятальнага зыходу. Трымалі сываратку напагатове, і яна магічна дзейнічала. Галоўным было не ўпусціць момант.

Зараз, калі ўвесь свет змагаецца з пандэміяй каронавіруса, пільна сочым за сітуацыяй у вёсцы. Усім, хто прыязджае з-за мяжы, абавязкова назначаем каранцін. На працягу пэўнага перыяду назіраем за станам іх здароўя. Дапамагае нам участковы міліцыянер. Два тыдні трымалі ў ізаляцыі вадзіцеля-дальнабойшчыка пасля вяртання яго з замежнага рэйса. У населеных пунктах, якія замацаваны за нашым ФАПам, з пачатку пандэміі не зафіксавана ні адзінага выпадку захворвання. Тлумачу людзям, як засцерагчыся ад інфекцыі ў гэты складаны час.

— Сяргей Іванавіч, вы не адзін працуеце ў ФАПе?

— Трыццаць гадоў нясём вахту з санітаркай Святланай Адамаўнай Свінко. Абое даўно атрымліваем пенсію, але працуем. Раней абслугоўвалі значна большую тэрыторыю. У суседняй вёсцы Вынішчы былы школьны будынак рэканструявалі пад ФАП. А ў аграгарадку Замосце дзейнічае амбулаторыя, якую ўзначальвае доктар Алена Рылач. Там працуе і лабараторыя. Вяскоўцам не трэба ехаць у раённую бальніцу для здачы аналізаў. Пераважная частка нашых пацыентаў — састарэлыя людзі. Штодня адпраўляюся па сваім маршруце. Імкнуся часцей наведваць адзінокіх і інвалідаў. Яны рады кожнаму майму прыходу. Ад такіх пешых вандровак мне толькі карысць. Свой узрост не адчуваю.

— Адкуль чэрпаеце энергію? Мо ў вас выпрацаваны сакрэт даўгалецця?

— Ён даволі просты: цурацца ляноты і любіць людзей. Калі дапамагу чалавеку — на сэрцы цяплее. Крочу ад хаты да хаты, дзе людзі мяне чакаюць. Часам прыкідваю: калі скласці ўсе мае пешыя візіты да пацыентаў, то будзе болей, чым даўжыня экватара.

— А якім транспартам карысталіся?

— Бяру ў рукі свой медыцынскі партфель і адпраўляюся ў шлях. У пасляваенныя гады мясцовы калгас нам, медыкам, выдзяліў коніка. Ён выручаў у самыя адказныя моманты. У чорнай матроскай цяльняшцы і штанах клёш на брычцы лётаў на выклікі. Коніка змяніў службовы матацыкл. Каб кіраваць ім, вучыўся на спецыяльных курсах і атрымаў пасведчанне. Амаль да пяцідзесяці гадоў не расставаўся з матацыклам. Выручаў і веласіпед. У 1979 годзе тагачасны міністр аховы здароўя Мікалай Саўчанка замацаваў за ФАПам легкавік УАЗ. Амаль паўтара дзесяцігоддзі служыла машына. Працяглы час наш ФАП займаў толькі адзін пакойчык будынка, у якім пад адным дахам былі сельсавет і паштовае аддзяленне.

— Вы адзіны вясковы медыцынскі работнік у рэспубліцы адзначаны званнем Героя Сацыялістычнай Працы. Дзеля чаго наогул працуе доктар?

— Ведаю адно: мая справа — дапамагаць хворым. Вяскоўцы, як пачулі пра ўзнагароду, шчыра віншавалі. Тэлефанавалі аднакурснікі па вучобе ў Бабруйску. Акрамя працы ў ФАПе, і зараз не цураюся грамадскіх спраў. Мяне сорак пяць гадоў выбіралі дэпутатам Покрашаўскага сельсавета. Адзін перыяд быў і пазаштатным старшынёй сельвыканкама. Дваццаць пяць гадоў запар выбіраўся дэпутатам раённага Савета, дзе ўзначальваў камісію па аздараўленні, сацыяльным забеспячэнні і фізічнай культуры. Быў членам Цэнтральнага камітэта Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама абкама і Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

І зараз Сяргей Іванавіч не разлучаецца з грамадскай дзейнасцю. Калі ў сельвыканкаме абмяркоўваюцца важныя сацыяльныя пытанні, яго запрашаюць выказаць сваю думку. У прафесійнае свята вясковы фельчар, як заўжды, будзе прымаць заслужаныя віншаванні і пажаданні. Сапраўдны рэкорд: 70 гадоў нязменна нясе медыцынскую варту ў слуцкім Покрашаве.

subbat50@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter