Самы старажытны замак Беларусі

Крэва: камень жаданняў старажытнай сталiцы

ДАЛЁКА не кожны куток Беларусі такі шчодры на гістарычныя помнікі і падзеі, як Смаргоншчына. Вабяць вандроўнікаў спадчынныя маёнткі Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі і Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, рэшткі старажытнага замка, дзе была заключана Крэўская унія — дынастычны саюз паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам.


Першыя пісьмовыя згадкі пра сталіцу нальшанскай зямлі, а пазней і Крэўскага княства датуюцца ХIII стагоддзем. Правілі тут вядомыя князі Гедымін, Альгерд, Ягайла, які стаў польскім каралём, а дзве дзяржавы аб’ядналі сілы ў барацьбе супраць крыжакоў і ў 1410 годзе дабіліся гістарычнай перамогі пад Грунвальдам.

Мястэчка атрымала Магдэбургскае права, а таксама герб з залатым паўмесяцам і сярэбранай зоркай на блакітным полі і карысталася прывілеяванай пячаткай прыватнага шляхецкага герба “Ляліва”, якой карысталіся 594 найбольш знатныя роды Вялікага Княства Літоўскага.

Сярэдневяковыя  войны  неаднойчы спусташалі драўляныя пабудовы паселішча. Недаступным для ворагаў заставаўся змураваны з камянёў пасярод балот на штучна насыпаным невялікім пясчаным узвышшы ў зліцці рэчак Краўлянкі і Шляхцянкі замак, які неаднойчы пераўтвараўся ў арэну баявых дзеянняў.

Педагогдзіцячага садзіка Святлана ШУЛЬВІНСКАЯ з выхаванцамі.

У Першую сусветную вайну праз навакольныя мясціны праходзіў фронт. Тут ваяваў жаночы батальён смерці Марыі Бачкаровай. На крэўскай лініі абароны адбылося першае братанне рускіх і нямецкіх салдат, першая на Усходнім фронце газавая атака. Замак выкарыстоўваўся ў пазіцыйных баях і быў моцна разбураны. На пачатку трыццатых гадоў мінулага стагоддзя, калі мясцовасць адышла да буржуазнай Польшчы, праводзілася ўмацаванне мураваных сцен. Беларускі мастак Язэп Драздовіч стварыў серыю малюнкаў тагачаснага мястэчка.

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Крэва стала цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна, а ў 2000 годзе атрымала статус аграгарадка. Тут падтрымліваецца развіццё рамесніцтва і ганчарства. З мэтай спрыяння захаванню і адраджэнню замка ўтвораны міжнародны фонд “Крэва”. Праз населены пункт праходзяць турыстычныя маршруты “Легенды Вялікага Княства Літоўскага” і “Дойлідства Налібоцкага краю”, “Крэўскімі сцежкамі Першай сусветнай вайны”.

97-я вясна Станіславы ЛЕАНОВІЧ.

ЛЕДЗЬВЕ прыметнай кропачкай на карце пазначана Крэва, раскінутае на сямі пагорках адной з вяршынь Балтыйскай грады. Сялянскія сядзібы не адразу ўбачыш з ажыўленай аўтамагістралі Мінск—Вільнюс. Патанаюць у густых садах пераважна драўляныя дамы, з-за якіх узвышаюцца руіны старажытнага замка. Як вартавыя ахоўваюць наваколле хрысціянскія храмы: царква Аляксандра Неўскага і касцёл Праабражэння Гасподняга. На супрацьлеглым пагорку ўглядаюцца вокнамі ў далячынь тыпавая двухпавярховая сярэдняя школа і адміністрацыйны будынак, у якім размешчаны сельсавет і кіраўніцтва гаспадаркі, рэарганізаванай на пачатку года ў вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Крэва”. 

Яркія сонечныя промні зіхацяць у сярэбраных хвалях хуткай плыні, што віруе вакол замка. Вада настолькі празрыстая і чыстая, хоць чэрпай і наталяй смагу. Вынырваючы з-за крутых вулачак, імчаць праз цэнтр аграгарадка аўтамашыны. Чатыры дарогі вядуць у розныя бакі. Па гэтых шляхах некалі кіраваліся ў замкавую рэзідэнцыю каранаваныя асобы.

Старшыня Крэўскага сельсавета Сяргей КАПЫШ

Бязлюдна на крэўскай плошчы, слыннай багатымі кірмашамі і палітычнымі падзеямі далёкай даўніны. Аддзяленне пошты, некалькі магазінаў і кафэ паўкругам акрэсліваюць цэнтр. Зялёным дываном услана наваколле замка. Невялікі гурт авечак, чорна-пярэстая карова сілкаваліся на ўзгорку майскай травою. Па вулачцы няспешна крочылі дзве кабеты і хлопчык. Павітаўся з імі і шмат цікавага пачуў ад іх. Наталля Загорская з нявесткай Людмілай і ўнукам Цімошкам вярталіся з крамы. З размовы з імі пачалася мая вандроўка. 

...Вольга Булышова пераехала ў Крэва з паўночнага Аленегорска, што ў Мурманскай вобласці. Тут і замуж выйшла за Вікенція Мігановіча. Штолета прыязджаюць адпачываць мурманскія сваякі. Мясцовая моладзь паступова вяртаецца. Віталій Навагель працуе ў Смаргоні, жонка яго Таццяна загадвае гаспадарчай часткай у школе. Адрамантавалі бацькоўскую хату, пабудавалі хлеў, завялі карову, авечак, трусоў, курэй. Бацьку свайго, які загінуў, калі Віталію было тры гадкі, ён не памятае. Хлопчыка выхоўвала маці Ірына Еўстафьеўна. Па яе ініцыятыве Віталій гаспадарыць у Крэве. Навагелі адкрылі каля замка прыватнае кафэ, якое любяць наведваць як мясцовыя, так і турысты. Падрастаюць у маладой сям’і Мацвейка, Ілля і Міланка. Кожную раніцу да іх падворка пад’язджае на аўтамабілі за малаком Аляксандр Страшкевіч. Да трох тон малака штодзённа збірае ён па 66 вёсках і хутарах сельсавета. Прыватны статак штогод змяншаецца, і цяпер у ім каля 270  кароў. Па тры маюць сем’і Збігнева Ліпніцкага і Алены Шарэцкай.

Работнікі «Смаргоньгазу» Аляксей ЖУК і Мікалай СУШ.

Прыбытковая малочная галіна ў гаспадарцы “Крэва”, дзе ад кожнай з 1232 дойных кароў летась атрымана па 4300 кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць вытворчасці яго перавысіла 35 працэнтаў. 

На жывёлаводчай ферме “Папялевічы” да выхаду на пенсію працавала асемянатарам Людміла Празароўская. Бацькі яе ў пяцідзясятыя гады адправіліся з Гро- дзеншчыны асвойваць казахстанскую цаліну. Маці Яўгенія Станіславаўна чвэрць стагоддзя даіла кароў на цаліннай ферме. Думка пра родныя мясціны не давала спакою. Так атрымалася, што не адразу вярнуліся дамоў. Перабраліся ў эстонскі гарадок Валга, а адтуль ужо на Смаргоншчыну. Купілі ў Крэве побач з замкам хату. Людміла Францаўна і Яўгенія Станіславаўна сядзібу пераўтварылі ў кветнік. Увогуле, кожны крэўскі падворак прыгожа абуладжаны.

Галоўны эканаміст ВУП «Крэва» Галіна ГАРДЗЕВІЧ

— Праўду кажуць, што мілей за родную зямлю нічога няма, — чую ад Наталлі Загорскай, якая чвэрць стагоддзя адпрацавала загадчыцай паштовага аддзялення. Усіх тутэйшых ведае. Сваю справу перадала нявестцы Людміле, у якой завяршаецца дэкрэтны водпуск, і летам яна выйдзе на працу. Трохгадовы Цімошка і дзве дачушкі падрастаюць. Аўдавелая свякроў і сям’я нявесткі жывуць на адной вуліцы, якая раней называлася Прускай, а цяпер — Савецкай. Захаваліся ў Крэве іх гістарычныя назвы — Ашмянская, Багданаўская, Зарэчная, Смаргонская, як і назвы параскіданых па Юравым, Ксяндзовым і Крыжовым пагорках часціны мястэчка — Месца, Закрэўе, ці Выган, Радзівонаўка.

Амаль на паўтара кіламетры забудавана сядзібамі выцягнутая ўздоўж узвышшаў Савецкая вуліца. Многія падворкі пустуюць. Некаторыя дамы выкупілі дачнікі. Мясціны ўнікальныя: на пагорках красуюцца бярозавыя гаі ўперамежку з векавымі дубамі, з-пад якіх б’юць гаючыя крыніцы. Па-над дахамі ўзвышаюцца стагадовыя рэліктавыя лістоўніцы. У сярэдзіне мінулага стагоддзя на гэтай крэўскай вуліцы пабудавалі дом маладыя настаўнікі Раіса і Міхаіл Страх. Прасторны, абшаляваны вагонкай, з шырокімі вокнамі, ён і цяпер прыгожа выглядае. Дворык з альтанкай пад старымі яблынямі, палісаднік з кветнікамі і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. Міхаіл Канстанцінавіч выкладаў матэматыку, чарчэнне, геаграфію, а Раіса Сцяпанаўна вучыла вясковых дзяцей роднай мове. Шмат цікавага чула ад маці Вікторыі Мікалаеўны Русаковіч пра Кандрата Крапіву. Маці вучылася разам з будучым класікам беларускай літаратуры ва Уздзенскім народным вучылішчы, дзе аднакласнікі вясковага пераростка звалі татам. Калі стаў вядомай асобай, Кандрат Кандратавіч ніколі не цураўся сваіх землякоў.

Наталля, маленькі Цімох і Людміла ЗАГОРСКІЯ.

Школай жыла настаўніцкая сям’я. Да дзевяностагадовага рубяжа набліжаецца аўдавелая Раіса Сцяпанаўна. Унук Андрэй абнавіў хату. Прывёў нявестку Людмілу. Адной вялікай сям’ёю жывуць. Прабабуля дапамагае праўнучкам засвойваць школьныя заданні. Старэйшая Вікторыя на пачатку вясны прызнана пераможцай камп’ютарнай рэспубліканскай віктарыны па роднай мове. І меншая Аляксандра роднай мовай захапляецца. Маленькі Цімошка любіць слухаць казкі, якіх Раіса Сцяпанаўна ведае мноства. Дапамагаюць дзеткі па гаспадарцы, а яна ў Загорскіх вялікая. Дзве каровы, свінні, куры, агарод, дзе заўжды ёсць чым заняцца. Лішкі малака прадаюць дзяржаве і значна папаўняюць сямейны бюджэт. Не расстаецца з кароўкай і аўдавелая дачка Раісы Сцяпанаўны — Наталля. Падворак яе побач. Сыны Андрэй, Павел, Аляксандр нарыхтоўваюць сена, дровы назапашваюць. Дружна жывуць Загорскія. 

У канцы Прускай вуліцы, каля самага лесу, хатка старэйшай жыхаркі Крэва Станіславы Леановіч, якой пайшоў 97-ы год. Даўно аўдавела былая калгасная звеннявая па вырошчванні лёну. Не стала сыноў Франца і Уладзіміра. Сталічныя ўнукі забылі пра бабулю. Сацыяльны работнік Тэрэса Капыш штодня наведваецца да яе, клапоціцца, як пра родную. Заказала новы газавы балон, і працаўнікі райгазу Аляксандр Жук і Мікалай Суш аператыўна даставілі яго. Дзякуючы клопату сацыяльнага работніка назапашаны дровы, агародчык дагледжаны. 

Вучаніца дзіцячай музычнай школы Маргарыта САКОВІЧ

— Не застаюцца без увагі адзінокія пенсіянеры, — адзначае старшыня сельсавета Сяргей Капыш. — Пастаянна спецыялісты аб’язджаюць хутары і вёскі, цікавяцца справамі жыхароў. Каму неабходна, аказваем дапамогу. Клапоцімся і пра навядзенне парадку ў населеных пунктах. Асаблівую ўвагу надаём добраўпарадкаванню гістарычнай часткі Крэва, куды штодзённа прыбываюць  аўтобусы з турыстамі. Распрацаваны і  рэалізуюцца  з  фінансавай  падтрымкай  Еўрапейскага  саюза   турыстычныя маршруты “Крэўскімі  сцежкамі Першай сусветнай вайны” і “Аб чым маўчаць валуны”. Шэсць старажытных культавых валуноў — помнікаў  рэспубліканскага значэння знаходзяцца ў нашай мясцовасці. 

Вучонымі даказана, што самыя першыя пасяленні людзей у Крэве былі за пяць тысяч гадоў да нашага часу. З кожным годам павялічваецца колькасць вандроўнікаў па гістарычных мясцінах крэўскай зямлі. Для зручнасці прыёму гасцей з фінансавай падтрымкай Еўрасаюза закуплены і сваімі сіламі ўсталяваны каля Крэўскага замка дэкаратыўныя каваныя лаўкі, сметніцы, высаджаны кусты, кветкі. Скрынкі з расадай сальвіі і іншых кветак старанна вырошчвала ў сваім кабінеце кіраўнік спраў сельсавета Алена Жабінская. Высаджваць кветкі на клумбы дапамагалі вяскоўцы. 

Гаспадар Віталь НАВАГЕЛЬ.

Заклапочаны ў сельсавеце зберажэннем архітэктурнага помніка мінуўшчыны. Спецыялістамі створана праграма, а з міжнароднага фонду выдзелены грошы на правядзенне геадэзічных работ на тэрыторыі замка. Узяты ўзоры грунту для экспертызы, каб найлепей правесці кансервацыю княжацкай вежы. У планах і кансервацыя сцен замка. 

У школьным краязнаўчым музеі сабрана мноства экспанатаў, звязаных з багатай гісторыяй Крэва, які аднаго ўзросту са старажытнымі егіпецкімі пірамідамі. З Юравай гары, дзе выяўлена месца паганскага капішча, як на далоні паўстаюць руіны замка. На гэтую гару прыносілі ахвяры паганскім багам. Захаваўся на вяршыні камень жаданняў. Загаданае на ім абавязкова павінна здзейсніцца. 

Тут сустракаюць світанак і задумваюць запаветныя мары выпускнікі школы. Ваенным марыў стаць юны Сяргей Капыш. Але лёс інакш распарадзіўся. Быў піянерважатым, завочна закончыў сталічны педінстытут, настаўнічаў, кіраваў педагагічным калектывам і сем гадоў узначальвае сельсавет, дзе раней старшынёю працаваў бацька Леанід Аляксандравіч Капыш. У родным Крэве застаўся і брат Андрэй.

Раіса СТРАХ з унучкай Вікторыяй.

Сёлета толькі чатыры выпускнікі ў Крэўскай сярэдняй школе. У пачатковых класах з кожным годам усё больш вучняў. І ў дзіцячым садку павялічылася колькасць выхаванцаў. Дзейнічае ў Крэве і дзіцячая музычная школа. Навучэнцы старэйшых класаў спасцігаюць асновы бізнесу. І са спортам дружаць крэўскія хлопчыкі і дзяўчынкі. Неаднаразова школьная каманда перамагала на раённых спартыўных спаборніцтвах. 

ТРАДЫЦЫЯЙ стала ў канцы лета праводзіць ля сцен Крэўскага замка свята “Пад знакам Лялівы”. Рыцарскія баі, выступленні народных творчых калектываў, парад персанажаў у гістарычных касцюмах, якія прадстаўляюць насельнікаў як Крэўскага, так і іншых замкаў Беларусі, вялікі выбар сувеніраў — такім ладзіцца жнівеньскі фэст. Кожны з гасцей імкнецца зазірнуць на Юраву гару, каб загадаць там ля валуна сваё жаданне. Завяршаючы вандроўку па старажытным Крэве, і я не ўтрымаўся, каб не загадаць жаданне ў старажытнай сталіцы. 

Смаргонскі раён

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter