Восем з дзесяці вадзіцеляў рызыкуюць жыццём сваіх дзяцей

Крэсла зберажэ жыццё

Восем з дзесяці вадзіцеляў рызыкуюць жыццём сваіх дзяцей. ДАІ Мінскай вобласці агучыла паказальную лічбу: усяго каля 20% малых пада­рож­нічаюць у спецыяльных аўтакрэслах. Астатнія — на руках у бацькоў або на заднім сядзенні. Не самая радасная статыстыка. Як можна бяздумна рызыкаваць жыццём свайго дзіцяці? Зразумела, што кожны вадзіцель спадзяецца, што з ім нічога дрэннага не здарыцца. Аднак чаканні не заўсёды супадаюць з рэальнасцю. Колькі дзяцей пры ДТЗ выкінула з пярэдняга сядзення праз лабавое шкло. Не выратавала іх ні тое, што яны сядзелі на руках у дарослага, ні адносна невысокая хуткасць.

Ды што там аўтакрэслы, некаторыя не карыстаюцца нават рамянямі бяспекі. Такое пачуццё, што дарослыя не разумеюць самага простага: дзіцячы арганізм можа пацярпець нават з-за рэзкага тармажэння. Нядаўна на аўтастаянцы каля супермаркета назірала за маладым мужчынам. Ён паставіў пакеты з прадуктамі на задняе сядзенне, побач пасадзіў сына гадоў пяці. А потым так даў па газах, што толькі колы заскрыпелі. Уяўляю, як малога кідала па салоне. Шкада, што яго бацьку, мабыць, усё роўна.

Алена НІКАНЮК, Смалявічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter