Ад Урада чакаюць канструктыўных прарыўных ідэй дзеля павышэння эфектыўнасці эканомікі

Крэдыт даверу як добры стымул

У самым канцы мінулага года Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў кардынальныя перастаноўкі ў кіраўніцтве Урада, Адміністрацыі Прэзідэнта і Нацыянальнага банка.



Новым Прэм’ер-міністрам прызначаны Андрэй Кабякоў. Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта стаў Аляксандр Косінец, Старшынёй праўлення Нацыянальнага банка — Павел Калаур. Кадравыя перамены закранулі ў цэлым гэтыя тры структуры.

Ва Урад накіраваныя людзі рашучыя, дасведчаныя, прагматычныя, якія добра ведаюць праблемы і ідуць ад жыцця, — заявіў кіраўнік дзяржавы падчас прадстаўлення на пасадзе новага Прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова. — Таму чакаю ад вас канструктыўных прарыўных ідэй для павышэння эфектыўнасці нашай эканомікі. Вы — штаб па вызначэнні метадаў і шляхоў дасягнення ўстойлівага, збалансаванага развіцця беларускай эканомікі і павышэння дабрабыту народа”.

Прэзідэнт адзначыў, што Ураду акрамя вырашэння бягучых задач трэба сур’ёзна папрацаваць над падрыхтоўкай планаў на сярэднетэрміновую перспектыву, у першую чаргу над праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. Гэтую праграму трэба будзе не проста распрацаваць, але і абараніць на чарговым Усебеларускім народным сходзе.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2015 годзе трэба будзе трымаць адказны экзамен перад народам. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ніякай надзвычайшчыны ў новых назначэннях няма. “Працэс гэты пастаянны. Пастаянна ідзе, цячэ наша жыццё. Ратацыя кадраў, назначэнні, перамяшчэнні на ўсіх узроўнях традыцыйныя, у год прэзідэнцкіх выбараў асабліва. Гэта таксама не навіна, у мінулы раз мы так рабілі. Асноўны касцяк Урада, іншых кіраўнікоў краіны быў сфарміраваны да прэзідэнцкіх выбараў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што назначэнні і рух кадраў будуць праводзіцца да выбараў і пасля іх: “Гэта тры этапы. Першы этап мы ажыццявілі. Ва Урада, іншых службовых асобаў, губернатараў ёсць час для таго, каб агледзецца і з 1 сту­дзеня пачаць новы год па-новаму, калі гэта неабходна”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да выбараў ён будзе бачыць, як працуе той ці іншы міністр, вышэйшыя службовыя асобы, і зыходзячы з гэтага прымаць адпаведныя рашэнні. “Згодна з нашай Канстытуцыяй, калі ў нас нармальна складзецца, народ нам даверыць, падтрымае на выбарах, Урад ідзе ў адстаўку. І ў мяне будзе яшчэ адзін варыянт назначыць новых людзей. Гэта датычыцца і губернатараў, і іншых службовых асобаў”, — сказаў Прэзідэнт. 

“Асаблівае значэнне я надаю цяперашнім кадравым рашэнням, прызначаным умацаваць эканамічны блок”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта таму склад кіраўніцтва Савета Міністраў абноўлены больш як напалову. “Будзе нармальна працаваць эканоміка — будуць і фінансы, і валюта, а значыць, і стабільнасць у нашым грамадстве. І народ ніколі не прад’явіць нам празмерных прэтэнзій”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Міхаіл Верамееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter