24000 заявок, от 18 до 81 года: кого и как отбирают в волонтеры II Европейских игр

Крэатыў вiтаецца

Анкета і заяўка, гутарка па тэлефоне, затым — асабістая, а яшчэ праверачны тэст. Пасля прыйдзе на электронную пошту не адна прэзентацыя для завучвання і анлайн-навучання. А што потым? Зноў тэст. Увесь гэты алгарытм — не адбор на высокааплатную працу, а конкурс для тых, хто хоча дапамагаць. Для таго каб стаць валанцёрам II Еўрапейскіх гульняў, трэба атрымаць перамогу сярод велізарнай колькасці кандыдатаў. Якімі якасцямі для гэтага трэба валодаць? 

Валанцёрам неабходна ведаць гісторыю краіны і Гульняў, расклад спаборніцтваў і колькасць разыгрываемых камплектаў медалёў.

«Прайшоў час, калі пры слове «валанцёр» усплывала асацыяцыя: студэнт, які прагульвае пары і жадае павесяліцца. Зараз валанцёры — гэта людзі з высокім узроўнем валодання замежнымі мовамі, выдатнымі камунікатыўнымі якасцямі, вялікім багажом ведаў і ўменняў»,Яўгенія Нікіціна, прэс-сакратар фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года», вядзе нас праз офіс да герояў матэрыялу — валанцёраў, якія прайшлі адбор.

Заяўкі на конкурс валанцёраў, якія акажуць значную дапамогу ў арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў, падалі ўдзельнікі з 100 краін свету. І больш за ўсё з Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Азербайджана. Ужо цяпер конкурс складае тры чалавекі на месца. Пакуль назіраецца цікавы факт: падаюць заяўкі людзі ад 18 да 81 года. Так, самаму даросламу кандыдату — 81. Гэта дама з Вялікабрытаніі. Ёсць і кандыдат з ЗША, які быў валанцёрам аж на 15 Алімпійскіх гульнях. Вядома, чым больш вопыту ў валанцёраў ва ўдзеле ў спартыўных спаборніцтвах, тым лепш. Да таго ж важнае значэнне пры адборы мае і валоданне замежнымі мовамі, уменне працаваць у камандзе, а таксама арганізатарскія здольнасці. Пра вытрымку, валоданне сваім настроем і жаданне заўсёды адгукнуцца на просьбу любога чалавека і казаць не варта. У сярэднім працоўны дзень валанцёра будзе доўжыцца ад 8 да 12 гадзін, затым — наступная змена валанцёраў. У іх абавязкі будзе ўваходзіць мноства розных задач — у залежнасці ад таго, у якім кірунку яны будуць задзейнічаныя.

— Тыя, хто прайшоў адбор у склад валанцёраў, а гэта студэнты нашых ВНУ, ужо займаюцца на агульным трэнінгу ва ўніверсітэтах Мінска. У гэтым месяцы трэнінгі адбудуцца і ў абласных гарадах, — тлумачыць Яўгенія Нікіціна. — Акрамя гэтага, усе валанцёры пройдуць функцыянальны і аб’ектавы трэнінгі, якія будуць арганізаваны непасрэдна перад Гульнямі. Гэта трэба для таго, каб валанцёры адразу ж прыступілі да працы, ведаючы, з чым маюць справу.

Перад намі два валанцёры — студэнты Анастасія Сінкевіч і Аляксей Мендзель, якія апрануты ў блакітныя фірменныя футболкі Гульняў. Па іх валанцёраў можна без праблем знайсці ўсюды, дзе яны выступаюць добраахвотнымі памочнікамі. Дарэчы, перад самім мерапрыемствам кожнаму з іх уручаць камплекты адзення. Усяго 8 адзінак: красоўкі, штаны, шорты, куртка, бейсболка, байка, майка пола, заплечнік. Гэта ўсё застанецца ў іх на памяць. Што тычыцца пражывання і харчавання, то і гэта ім прадаставяць.

Свае заяўкі Анастасія і Аляксей адправілі больш за год таму. Насця, студэнтка другога курса факультэта міжнародных адносін БДУ, кажа:

— Месяц чакала адказу, але нічога не прыходзіла. Тады патэлефанавала ў валанцёрскі аддзел, сказала: «Вельмі хачу дапамагаць. Можа, нават цяпер спатрэблюся?» Мяне паклікалі на гутарку. Я прайшла яе і тэставыя заданні.


Сумяшчаць пары і валанцёрства нескладана, кажуць студэнты. Праўда, для таго, каб прымаць актыўны ўдзел ужо ў дні Гульняў, яны павінны здаць датэрмінова сесію ў маі.

— Доўгі час мы дапамагалі праводзіць гутаркі. Узровень ведаў англійскай мовы ў нас высокі, таму ўсё гэта непраблематычна. Значна страшней было праходзіць тэставанне самім. У мяне, напрыклад, спыталі, калі я апошні раз плакала і чаму. Стрэсаўстойлівасць правяралі, — кажа Насця, а Аляксей дадае:

— А мяне спыталі, што буду рабіць, калі ў спартсмена знікне пояс па дзюдо. Наогул, гэта добрыя пытанні, таму што яны з лёгкасцю правяраюць, як мы будзем дзейнічаць, ці не разгубімся? Я быў валанцёрам ужо больш як у 15 мерапрыемствах розных галін і многае ведаю, шмат да чаго гатовы. Таму падчас II Еўрапейскіх гульняў буду адказваць за зла­джанасць работы функцыянальных напрамкаў на «Мінск-Арэне». А Насця будзе дапамагаць аднаму з Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў краін, якія ўдзельнічаюць.

Аляксей, які вучыцца на трэцім курсе Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава БДУ, запэўнівае нас, што кожны павінен паспрабаваць сябе ў ролі валанцёра. Прычыны пералічвае:

— У будучыні буду біёлагам-аналітыкам. Здавалася б, пры чым тут валанцёрства? А гэта вопыт зносін з людзьмі. Самымі рознымі, з розных краін, з розных сфер. Я і так лічу сябе добрым, але калі ты стараешся дапамагчы камусьці, то становішся яшчэ больш добразычлівым, камунікабельным і старанным. Нават калі падчас нейкага мерапрыемства я не мог самастойна вырашыць пэўнае пытанне, то знаходзіў тых, хто дапаможа госцю. Важная і ўсмешка: так прыемна бачыць, калі ты падымаеш настрой іншаму чалавеку! Праца валанцёра дазваляе сябе выпрабаваць у ролях менеджара, асістэнта, перакладчыка і іншых — дзе такі досвед яшчэ дадуць? — пытаецца Аляксей. — У будучыні я б хацеў стаць сярэбраным валанцёрам — гэта тыя людзі, якія нават пасля 50 гадоў актыўна займаюцца валанцёрствам.

— Пакуль мы працягваем адбор валанцёраў. Заявак шмат, а адбор сур’ёзны, — дадае Яўгенія Нікіціна. — Валанцёр — гэта, па сутнасці, чалавек, якога першым бачаць госці нашай краіны па прыездзе, і апошні, каго бачаць, — калі з’язджаюць. На іх ляжыць вялікая адказнасць. Не выключаем, што, магчыма, менавіта гэты склад валанцёраў Гульняў стане асновай для фарміравання агульнай беларускай базы найлепшых валанцёраў.

kasel@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter