Крэатыўны настрой

Ілья Волкаў развучвае яшчэ адну песню для «Еўрабачання»

Ілья Волкаў чамадан у Кіеў пакуль не пакуе, ён развучвае яшчэ адну песню для дзіцячага «Еўрабачання-2013».

Два тыдні застаецца да пачатку Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2013», які пройдзе 30 лістапада ў Кіеве. Нашу краіну на прэстыжным музычным форуме прадставіць 11-гадовы мінчанін Ілья Волкаў. Разам з ім на сцэну выйдуць пяць дзяўчынак з інтэрнацыянальнай танцавальнай групы «Maxi Briz». Нагадаем, імя канкурсанта было названа пасля прамой тэлетрансляцыі фінальнага канцэрта рэспубліканскага адборачнага тура — дзіцячага конкурсу «Песня для «Еўрабачання», арганізатарам якога з’яўляецца Белтэлерадыёкампанія. Па выніках галасавання журы і гледачоў кампазіцыя «Спявай са мной» у выкананні Ільі Волкава набрала найбольшую колькасць балаў сярод дзесяці прэтэндэнтаў на перамогу.

Ужо 24 лістапада беларуская дэлегацыя адправіцца ў Кіеў. Але, па словах яе кіраўніка, выканаўчага прадзюсара тэлеканала «Беларусь 2» Людмілы Барадзіной, пра «чамаданны настрой» размовы пакуль няма.

— Падрыхтоўка ўдзельнікаў конкурсу ўступіла ў завяршальную фазу. Графік рэпетыцый стаў больш напружаным, што і зразумела, паколькі работа, праведзеная дома, — залог якаснага выступлення. Гатовы сцэнічныя касцюмы, дызайнер Ганна Гарбачэўская, з якой Белтэлерадыёкампанія супрацоўнічае не першы год, прапанавала арыгінальны праект промапакета і правяла фотасесію. Разам з усёй неабходнай дакументацыяй у Кіеў адпраўлена новая аранжыроўка. Паралельна з рэпетыцыямі конкурснай песні педагог па вакале Вольга Вронская будзе развучваць з Ільёй Волкавым агульную песню, якую арганізатары конкурсу ад ЕВС пераслалі ўсім удзельнікам шоу, — распавяла Людміла Барадзіна.

Дзіцячае «Еўрабачанне-2013» пройдзе пад дэвізам «Будзь крэатыўным!», які заклікае шукаць і развіваць у сабе новыя здольнасці. Спаборнічаць у міжнародным конкурсе ў гэтым годзе будуць удзельнікі з 12 краін: Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Македоніі, Грузіі, Мальты, Малдовы, Нідэрландаў, Расіі, Сан-Марына, Украіны і Швецыі. Конкурснае шоу пройдзе ў Нацыянальным палацы мастацтваў «Украіна».У прамым эфіры шоу будуць трансліраваць тэлеканал «Беларусь 1» і міжнародны спадарожнікавы тэлеканал «Беларусь 24».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter