Вандроўкі з Уладзімірам Субатам. Прыгажосць старажытнага Крайска

Крайск: куточак Лагойшчыны райскі

Гісторыю свайго краю, свае карані, радавод, безумоўна, варта ведаць кожнаму. Як кажуць, без мінулага няма будучага. У кожнага паселішча свая гісторыя. Глыбока ў сівую мінуўшчыну вядуць карані Крайска, што ў паўночным куточку Лагойшчыны. Сялянскія сядзібы падступаюць да берага рэчкі Крайшчанкі, якая поіць крынічнымі водамі Вілію. 

Упершыню Крайск узгадваецца ў судзебных дакументах Вялікага Княства Літоўскага 1523 года, калі права ўладарыць ім аспрэчвалі Юрый Зяновіч і Войцэх Насілоўскі. Уласнасць перайшла дзецям Зяновіча. Потым гэтым маёнткам Ашмянскага павета Віленскага ваяводства валодаў віцебскі ваявода Юрый Насілоўскі. Пазней гаспадарылі тут і памешчыкі Пташынскі, Каменскі, заможны граф Тышкевіч. Адкрылася суконная фабрыка. Дзейнічалі драўляная царква і манастыр, ігумен якога разам з іншымі праваслаўнымі айцамі пісьмова звяртаўся да Пятра I з просьбай абараніць ад наступу каталікоў.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Крайск стаў цэнтрам воласці Вілейскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі. На месцы драўлянай царквы паўстала мураваная Свята-Мікалаеўская. У канцы ХIХ стагоддзя збудаваны яшчэ адзін праваслаўны храм — Святога Аляксея. На пачатку мінулага стагоддзя ўзведзены касцёл.

З першых гадоў савецкай улады і па сёння Крайск — цэнтр сельсавета і сельгаспрадпрыемства.

Ваенныя падзеі мінулага стагоддзя пакінулі тут крывавы след. Ворагі нішчылі сялянскія сядзібы, здзекваліся над мірнымі жыхарамі. У Вялікую Айчынную вайну гітлераўцы спалілі больш як 60 падворкаў, паўсотні маладых вяскоўцаў вывезлі ў нямецкае рабства, зверскі знішчылі 112 жыхароў. Дзясяткі сялян сельсавета загінулі на франтах і ў партызанскіх атрадах. Мемарыяльным помнікам увекавечана памяць ахвяр вайны.

У мірны час аднавілі вытворчую дзейнасць калгас, рэфармаваны ў ААТ “Крайск”, вытворча-вопытнае лясніцтва, сацыяльна-бытавыя службы, навучальныя і медыцынскія ўстановы. Вёска атрымала статус аграгарадка.

З Крайска бярэ пачатак радавод па мацярынскай лініі Нобелеўскага лаўрэата сусветна вядомага вучонага Жарэса Алфёрава.

КОЖНЫ куточак беларускай зямлі па-свойму асаблівы. Дняпроўскія кручы, сасновыя бары Панямоння, азёрныя краявіды Віцебшчыны, журавінныя мясціны Палесся, Якуцкія вяршыні Мінскай марэннай грады… Геніяльна прыкмеціў паэт: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Адзін з іх — перакацістая Лагойшчына, якую людзі называюць беларускай Швейцарыяй. На адным з такіх узгоркаў уздоўж рэчкі Крайшчанкі выцягнуліся вуліцы Крайска. З другога боку да рачной плыні падступае кукурузнае поле.

Як сведчыць паданне, некалі тут стаяў прыгожы горад Райск, жыхары якога славіліся працавітасцю і сардэчнасцю. Частыя войны не міналі аддалены ад шляхоў куточак. Ворагі імкнуліся завалодаць Райскам. Войска чужакоў нішчыла навакольныя палі. У жорсткай бітве бязмежна лілася кроў ваяроў. Зямлю, як снапамі, услалі забітыя. Палалі вогнішчамі гарадскія сядзібы. Уцалела крайняя вуліца. Паселішча сталі называць Крайскам.

Журналісцкія шляхі-дарогі прыводзілі мяне сюды раней. А сустракацца з кіраўніком ААТ “Крайск” Мікалаем Мойскім чамусьці не даводзілася. Цікава было паслухаць заўзятага хлебароба, які амаль два дзесяцігоддзі ўзначальвае сельгаскалектыў. Мікалай Уладзіміравіч скупа расказаў пра сябе. Сын каваля Уладзіміра Канстанцінавіча з вілейскай вёскі Вялікая Сэрвач пасля заканчэння сярэдняй школы год падсабляў бацьку ў кузні зверасаўгаса “Беларускі”. Па накіраванні гаспадаркі паступіў на агранамічны факультэт Беларускай дзяржсельгасакадэміі і пасля вучобы спецыялістам вярнуўся дамоў. Займаўся насенняводствам, узначальваў агранамічную службу ў суседнім даўгінаўскім сельгаспрадпрыемстве. Дванаццаць гадоў кіраваў вілейскім саўгасам “Стайкі”.

Галоўны заатэхнік Ірына МАЦЕЦКАЯ і дырэктар ААТ “Крайск” Мікалай МОЙСКІ

Крайская гаспадарка спецыялізуецца на вытворчасці малака, ялавічыны і збожжавых. На тэрыторыі сельсавета размешчана і ААТ “Нястанавічы-Агра”. Крайскія землі па ўрадлівасці не перавышаюць 25 балаў. Сёлета ў сярэднім на круг з больш як тысячагектарнай нівы атрымана амаль па 25 цэнтнераў зерня. Завяршылася жніво абмалотам збожжавых на прыватных участках. Засеяны яны ў асноўным ячменем, пшаніцай. На адным з такіх участкаў засталі за працай збожжаўборачны камбайн “Палессе”, якім кіраваў Уладзімір Казак. Памочнікам у яго сын Аляксандр. Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак працуе механізатарам. Бацька і сын Казакі намалацілі тысячу тон збожжа і прызнаны пераможцамі сярод пяці ўборачных экіпажаў гаспадаркі.

Да камбайна пад’ехаў вадзіцель Віктар Бохан, і зерне з бункера выгрузілі ў кузаў МАЗа. Дзялянку лоўка драўлянай “казою” абмерала Наталля Сачак, занатавала ў блакнот. Вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “бухгалтар” яна атрымала ў мінскім універсітэце. Адпрацавала па накіраванні ў прысталічным Новым Двары і вярнулася дамоў. Бацька Канстанцін Аляксандравіч да выхаду на пенсію кіраваў сельвыканкамам, а маці Валянціна Мікалаеўна ўзначальвала аддзел кадраў гаспадаркі. Цяпер яны на заслужаным адпачынку і дапамагаюць выхоўваць унука — сямікласніка Яўгена. Да заняткаў у яго ўсё гатова. Звыш васьмідзесяці навучэнцаў з Крайска і навакольных вёсак займаюцца ў сярэдняй школе. Пярэстым кветкавым дываном усланы клумбы перад парадным уваходам у двухпавярховы будынак. Сёлета шэсць выпускнікоў атрымалі атэстаты сталасці. Удвая больш дзяцей прыйдзе ў першы клас. Для навучання абсталяваны камп’ют арны клас, ёсць бібліятэка, спартыўная зала, сталовая.

Бухгалтар ААТ “Крайск” Наталля САЧАК

ВЯЛІКАЯ ўвага надаецца духоўна-маральнаму выхаванню вучняў. Часты госць у іх — айцец Сергій Падольскі. Дзякуючы яго старанням адноўлены цэрквы Свяціцеля Мікалая і Царственных Пакутнікаў, могілкавы храм Свяціцеля Алексія Маскоўскага Цудатворца ў Крайску, а таксама пабудавана новая царква Святога апостала Іаана Багаслова ў суседняй вёсцы Вялікія Нястанавічы. Раней даводзілася сустракацца са святаром, у прыходзе якога тры храмы. З айцом Сергіем завіталі ў галоўны — Свяціцеля Мікалая і Царственных Пакутнікаў. Стэнды з абразамі распавядаюць пра гісторыю прыхода і мястэчка. Матэрыялы бацюшка збіраў у архівах Мінска і Вільнюса і выдаў кнігу, напоўненую цікавымі фактамі. Узгадваецца ў ёй, што ў час рэстаўрацыі царкоўнага будынка, які вярнулі вернікам, святар у сне ўбачыў, як у храм завітаў цар Мікалай II, пакрочыў да алтара і, вяртаючыся да выхаду, назваў лічбу чатыры. Сон узрушыў айца Сергія, і ён яшчэ больш заўзята ўзяўся за аднаўленне будынка. Праз чатыры гады Мітрапаліт Філарэт тут правёў урачыстае набажэнства з нагоды адкрыцця адноўленага прыхода. На царкоўным падворку ўсталяваны бюст Мікалая II.

Айцец Сергій ПАДОЛЬСКІ

Распавядаецца ў выданні і пра трагічнае Велікоднае набажэнства ў ваеннае ліхалецце. Памятае гэта і пенсіянерка Валянціна Бахар, з якою сустрэліся на яе дагледжаным падворку. Узгадала 85-гадовая Валянціна Паўлаўна, як да царквы прыскакаў на кані партызан і паведаміў, што з суседняй вёскі Альковічы для расправы выехалі гітлераўцы. Людзі кінуліся ратавацца. Фашысты ў храме засталі толькі святара Аляксандра Каўша, якога замучылі да смерці. На ўсё жыццё запомніла васьмігадовая Валянціна Бахар, як знявечанымі ляжалі на падворку забітыя акупантамі яе дзядзька Пётр і цётка Марыя Бахары, якія дапамагалі народным мсціўцам харчаваннем. У партызанскім атрадзе змагаўся з ворагам і бацька Валянціны Паўлаўны. З іншымі байцамі хадзіў у абоз. Пасля вызвалення ад акупантаў пайшоў на фронт. Вызваляў краіны Еўропы ад карычневай чумы. У пасляваенныя гады талакой адбудоўвалі спаленыя ворагам Крайск, Грыневічы, Рагозіна. Сёння ў садах патанаюць сядзібы аграгарадка.

Пенсіянерка Валянціна БАХАР

СА старшынёй сельвыканкама Вольгай Анкуда завіталі на падворак да школьнай настаўніцы Святланы Савіцкай-Губаравай, маці васьмярых дзяцей. Так склаўся яе лёс, што з чацвярымі дзецьмі засталася ўдавой. Выйшла ў другі раз замуж за трактарыста Андрэя Губарава і нарадзіла яшчэ чацвёра дзетак. Прыбудовай пашырылі дом, у якім цяпер некалькі спальняў, прасторныя зала і кухня. Трымаюць карову, паўдзясятка свіней, розных птушак. На прысядзібным участку растуць гародніна, садовыя дрэвы. У полі на гектары надзелу вырошчваюць бульбу і збожжавыя.

Старшыня сельвыканкама Вольга АНКУДА

Старэйшы сын Мікалай — святар у Жыровіцкай царкве, мае сваю сям’ю. Дачка Настасся атрымлівае прафесію медсястры ў Баранавіцкім медкаледжы, а Таццяна пайшла па слядах маці — вучыцца ў Беларускім дзяржпедуніверсітэце імя Максіма Танка. Дзесяцігадовы Аляксей пераняў ад бацькі ўменне кіраваць трактарам. Як складзецца лёс малодшых у дружнай сям’і — пакажа час.

— Гаспадарцы патрэбны працоўныя рукі на палях і фермах, — заклапочаны дырэктар ААТ “Крайск” Мікалай Мойскі. — У гарачы сезон сяўбы, жніва выручаюць брыгады са Століншчыны. Зараз на зернетаку працуюць палешукі. Няма пастаянных пастухоў. Даводзіцца іх часта мяняць.

Шматдзетная сям’я Святланы і Андрэя САВІЦКІХ-ГУБАРАВЫХ

На легкавіку Мікалая Уладзіміравіча пад’ехалі на луг, дзе ў густой траве пасвіліся дойныя каровы. З жывёлагадоўчай фермы “Рагозіна”, што побач з пашай, падышла галоўны заатэхнік Ірына Мацецкая. У Крайск прыехала пасля заканчэння Гродзенскага сельгасінстытута, выйшла замуж і засталася тут. Клопатаў у Ірыны Міхайлаўны хапае. Ад яе даведаўся, што на пяці старых фермах і новым комплексе ўтрымліваецца амаль дзве тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. Памяшканні старой забудовы, таму шмат ручной працы. З-за нізкіх перакрыццяў тэхніка не можа заехаць у кароўнік. Кармы завозяцца коньмі і ўручную раздаюцца. Пабудаваны новы жывёлагадоўчы комплекс, дзе ўсё механізавана.

Пацікавіўся ў галоўнага спецыяліста вынікамі працы жывёлаводаў. Ірына Міхайлаўна ўпэўнена, што сёлета ад кожнай амаль з сямісот кароў будзе атрымана па 5900 кілаграмаў малака.

Паўтары сотні жыхароў сельсавета маюць занятак на палях і фермах гаспадаркі. Тры дзясяткі працоўных месцаў у лясніцтве, якім кіруе выпускнік Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Аляксандр Ліпскі. Калектыў абслугоўвае 10 тысяч гектараў лесу, асноўную частку якога складаюць хвойныя пароды. Дзялянкі, якія вырубаюць, паўторна засаджваюць ляснымі пародамі.

Ляснічы Аляксандр ЛІПСКІ

У БЫЛЫЯ часы на дубах, ліпах прымацоўвалі калоды для пчол. Рознакаляровыя вуллі ўпрыгожваюць пчальнік Ула- дзіміра Каспяровіча, да якога завіталі са старшынёй сельвыканкама Вольгай Анкуда. Да выхаду на пенсію ён узначальваў трактарную брыгаду гаспадаркі і дома займаўся пчалярствам. Жонка Аліна Адамаўна даглядала свіней на ферме. Траіх дзяцей выхавалі. Сыны Віталь і Алег з сем’ямі жывуць у Мінску. Дачка Наталля пасля вучобы вярнулася дамоў, выйшла замуж і працуе галоўным бухгалтарам лясніцтва. Аўдавелы Уладзімір Францавіч не адчувае сябе адзінокім. Усё лета ў яго адпачываюць унукі. Кожныя выхадныя наведваюцца сыны. Заўзятым пчаляром стаў малодшы Віталь. Захапілася гэтым заняткам і яго жонка Анжэла. Цяпер у Каспяровічаў тры дзясяткі вулляў.

Пчаляры бацька і сын Уладзімір і Віталь КАСПЯРОВІЧЫ

Жыхары сталіцы аблюбавалі прыгожы куточак Лагойшчыны, адкуль карані Нобелеўскага лаўрэата Жарэса Алфёрава. Некалькі разоў вучоны наведваў Крайск, дзе каля мастка праз рэчку Крайшчанку стаяў бацькоўскі дом яго маці. Сюды да бабулі і дзядулі прыязджаў юны Жарэс. І калі ў 2014 годзе ў чарговы раз прыехаў, доўга хадзіў па падворку, прысеў на ўскрайку сядзібы і ўглядаўся ў зарэчныя прасторы. Цяпер на гэтай сядзібе стаіць домік пенсіянеркі Бэлы Смаліцкай. Паўвека таму пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча прыехала яна працаваць правізарам у аптэку, выйшла замуж за мясцовага Аляксандра Бахара. Аўдавелай адзінокай пенсіянерцы дапамагае сацыяльны работнік Іна Гірлятовіч.

Пенсіянерка Бэла СМАЛІЦКАЯ
Бюст апошняга імператара Расіі Мікалая II.

Па суседстве жыве мінчанка Марыя Ляткоўская. Да выхаду на пенсію ўзначальвала аддзел у адміністрацыі Мінскага аўтазавода. Да Марыі Лазараўны прыязджаюць адпачываць дзеці, унукі.

Сельвыканкам пастаянна рыхтуе дакументы на пустуючыя сядзібы для правядзення аўкцыёнаў. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца мясціны каля вадаёмаў, лесу. Летась у вёсцы Малыя Нястанавічы праз аўкцыён жыхары Мінска сталі гаспадарамі дзвюх сядзіб. Больш прывабныя падворкі ўладальнікі прадаюць самі. Сталічная сям’я купіла селішча ў вёсцы Белае, непадалёку ад дома старшыні сельвыканкама Вольгі Анкуда.

Як адзначыла Вольга Міхайлаўна, якая дзясяты год кіруе сельвыканкамам, на пакінутых падворках зносяцца пабудовы і надзел перадаецца іншым гаспадарам ці ўводзіцца ў гаспадарчае карыстанне ААТ “Крайск”. Амаль дваццаць участкаў падрыхтаваны для выстаўлення на аўкцыён. Абнаўляецца Крайск сучаснымі катэджамі, у якіх спраўляюць наваселлі сем’і механізатараў, спецыялістаў, інтэ- лігентаў аграгарадка, над якім у апошнія дні лета развітальна кружаць буслы, каб вясною зноў вярнуцца на свае гнёзды ў райскі куточак Лагойшчыны.

Лагойскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter