Какие изменения хотят внести в Закон «О туризме» в части экскурсионной работы

Краязнаўцы выйдуць з ценю

У Мінспорту і турызму актыўна абмяркоўваюць варыянты змяненняў у Закон «Аб турызме». Разлік такі: унесці ў Парламент праект прынцыпова новага дакумента наступнай восенню. У ім хочуць не толькі ўрэгуляваць пытанні ўзаемадзеяння турагенцтваў і тураператараў, але і расставіць кропкі над «i» ў экскурсійнай дзейнасці. У гэтай сферы, мяркуючы па водгуках саміх экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, даўно наспелі змяненнi.

Візітнай карткай Гомеля, яго самай вядомай славутасцю з’яўляецца палац Румянцавых і Паскевічаў. 
Фота Вiталя ГIЛЯ

Нядобрасумленная канкурэнцыя

Асноўныя нараканні— на нелегалаў. У першую чаргу — прыезджых. Замежныя тургрупы часта едуць да нас са сваім апавядальнікам, які мала за тое, што не павінен працаваць на нашай тэрыторыі, дык яшчэ і вяшчае пра падзеі і славутасці са сваёй званіцы. Такім чынам, маем, настойваюць экскурсаводы, якія не раз падслухоўвалi такія гісторыі, не толькі падрыў іміджу краіны. Крыўдна яшчэ і за страчаную матэрыяльную выгаду: кожны такі расказчык— мінус адна заяўка на паслугі нашых профі.

Крыху менш экскурсаводы незадаволеныя нядобрасумленнай канкурэнцыяй з боку сваіх жа калег, якiя атэставаны ўсяго па пары маршрутаў, але працуюць па дзясятку. Каб вы разумелі: кожную тэму экскурсіі трэба абараніць падчас атэстацыі. Дарэчы, у самых запатрабаваных у запасе па 15—20 тэм. Усяго ж у галіне працуе амаль 1,1 тысячы атэставаных экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Члены камісіі настойваюць: ім важна пераканацца не столькі ў веданні методыкі і тэхнікі правядзення экскурсii, колькi ў валоданні зместам. А то нават i зараз на абароне здараюцца неспадзяванкі: Віцебск блытаюць з Магілёвам, Герцэна з Грыцаўцом. Ці вось яшчэ гісторыя: у экскурсавода сеў навігатар, і ён банальна не зарыентаваўся ў Гомелі. Нягледзячы на такія праколы, нашы турысты скардзіцца не любяць. Але чуткамі профасяроддзе поўніцца. Як і назвамі турфірмаў, якія звяртаюцца па паслугi такіх сумнiўных спецыялістаў.

Справа за кантролем

Сігналы, зразумелая справа, паступаюць у Мінспорту і турызму. Дырэктар дэпартамента па турызме Андрэй Моўчан прызнае: цяперашняя рэдакцыя Закона «Аб турызме» ў большай ступені дэкларатыўная. Шэраг абмежаванняў быццам бы і прапісаны, але санкцый за парушэнне правіл работы няма. Як вынік— адсутнасць пакарання прыводзіць да таго, што рынак набывае бязладны і негатыўны выгляд і фармат. Хоць экскурсаводы — інтэлектуальная эліта турызму і твар краіны. Таму прапановы ведамства наступныя.

Па-першае, даць дакладнае вызначэнне экскурсійнай дзейнасці, прапісаўшы, што без атэстацыі і пацвярджальнага бэйджа працаваць нельга. Сачыць за гэтым будуць супрацоўнікі дэпартамента па турызме і абласных упраўленняў спорту і турызму. Менавіта іх, а не міліцыю плануецца надзяліць паўнамоцтвамі складаць пратаколы. Адразу ж паўстала пытанне: ці не мала будзе кадраў, каб прасачыць за парушальнікамі па ўсёй краіне? Намеснік дырэктара дэпартамента Віталь Грыцэвіч гаворыць, што патэнцыяльных «кантралёраў» не так ужо і шмат. Зрэшты, браць плануюць не колькасцю: пара-тройка такіх мерапрыемстваў з прыцягненнем СМІ — і пытанне адпадзе само па сабе. Экскурсаводы зарабляюць не такія вялікія грошы, каб пла-ціць штрафы. Тым больш яшчэ ёсць магчымасць канфіскацыі выручкі.

Пра якія штрафы ідзе гаворка? Суразмоўца адсылае да часткі першай артыкула 12.7 КаАП — аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі коратка, то за работу без спецдазволу або ліцэнзіі прадугледжаны штраф у 10—50 базавых велічынь, на ІП — у 10—200 базавых з канфіскацыяй незаконна атрыманага даходу цi без яе альбо з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцтвам. Юрыдычнай асобе пагражае ўсё тое ж самае, хіба што штраф большы — да 500 базавых.

Калі ж экскурсавод працуе не па сваіх тэмах, яго чакае некалькі папярэджанняў, а потым атэстацыю могуць прыпыніць на тэрмін да аднаго года. Магчыма, спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у пастанову Саўміна № 895 — у само палажэнне аб атэстацыі, каб даць камісіі права збірацца часцей. А каб не было пытанняў пры правядзенні праверак, дадаткова прапісаць, што бэйдж у спецыяліста не толькі павінен быць пры сабе, але і знаходзіцца на бачным месцы. Праўда, экскурсаводы і гіды адразу ж папрасілі распрацаваць новы варыянт нагруднага знака, каб ён даўжэй служыў. 

Для большасці турыстаў экс-курсіi на двухпавярховым чырвоным аўтобусе дазваляюць пазнаёміцца з вядомымі месцамі нашай сталіцы.
Фота Сяргея ЛАЗЮКА

Адразу ж паўстала пытанне: а хто будзе кантраляваць нелегалаў на тэрыторыі музеяў? Паводле Кодэкса «Аб культуры», экскурсійная дзейнасць вядзецца там толькі па ўзгадненні з адміністрацыяй. Адпаведна, і бэйджы могуць выглядаць інакш. Як— ведаюць толькі мясцовыя работнікі. Можа, надзяліць паўнамоцтвамі кантролю яшчэ Мінкульт і аблвыканкамы? Гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца.

Усе ў рэестр

Пакуль жа высветліўся яшчэ адзін момант: iльготны рэжым працы па прынцыпе аграсядзіб, калі экскурсавод на перыферыі не адкрывае ІП, але падае заяву ў падатковую інспекцыю і выплачвае энную суму раз у год, здаецца, не атрымаецца. З такой ініцыятывай выступаў Рэспубліканскі саюз туріндустрыі. У Міністэрстве па падатках і зборах настойваюць: спіс фізічных асоб, якія маюць права працаваць без рэгістрацыі ІП, сфарміраваны. І ў бліжэйшыя гады ён наўрад ці будзе мяняцца. Ды і не так ужо складана сёння адкрыць ІП, як пра гэта гавораць.

Пакуль ідзе абмеркаванне варыянтаў рашэння праблемы, на сайце Нацагенцтва па турызме запусцілі рэестр, дзе заклікаюць зарэгістравацца, пажадана з прыкладаннем фота ўсіх атэставаных спецыялістаў. Туды змогуць зайсці кліенты, пазнаёміцца завочна з профі, пераканацца ў яго легальнасці, а пазней пакінуць водгук аб рабоце. Дарэчы, амаль дзевяць соцень гідаў і экскурсаводаў адгукнуліся на заклік.

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter