Край, які лучыць гісторыю і яднае народы.

Як мінімум адно цуда Карэліцкага раёна вядома далёка за межамі Беларусі — Мірскі замак. Але ж ёсць тут і іншыя дзівосы, на жаль, фармат праекта дазваляе ўзгадаць толькі пра сем з іх. Што, аднак, не перашкаджае кожнаму жадаючаму самастойна папоўніць свае веды пра гэты цудоўны край. Упэўнены: расчараваных не будзе.

Як мінімум адно цуда Карэліцкага раёна вядома далёка за межамі Беларусі — Мірскі замак. Але ж ёсць тут і іншыя дзівосы, на жаль, фармат праекта дазваляе ўзгадаць толькі пра сем з іх. Што, аднак, не перашкаджае кожнаму жадаючаму самастойна папоўніць свае веды пра гэты цудоўны край. Упэўнены: расчараваных не будзе.

З Вялікай Мядзвядкі — у Вялікі Свет

Вялікая Мядзвядка — вёска, дзе ў 1802 годзе нарадзіўся чалавек легендарнай біяграфіі — Ігнат Дамейка. Шляхецкая сядзіба размяшчалася на пагорку каля раўчука, прытока Ушы. Адсюль пачыналася дарога Дамейкі ў Вялікі Свет. На жаль, зараз пра гэтую сядзібу нагадваюць толькі падмуркі і не зруйнаваная людзьмі і часам гаспадарчая пабудова, дзе размяшчаецца сельскі клуб. Аднак па-ранейшаму цурчыць раўчук. Непадалёк — маляўнічая сажалка і парк. А на могільніку дрэмле драўляная Ўзнясенская царква XIX стагоддзя...
2002 год быў абвешчаны ЮНЕСКА годам Ігната Дамейкі. На двух кантынентах знаходзіцца больш за 70 помнікаў, мемарыяльных знакаў і шыльдаў, на якіх увекавечана імя геолага, мінералога, даследчыка Чылі і рэктара Чылійскага ўніверсітэта ў Сант’яга, нацыянальнага героя гэтай краіны. У цэнтры Вялікай Мядзвядкі ўстаноўлены мемарыяльны камень-валун, а каля мясцовай школы — бронзавы бюст Дамейкі. У яго гонар закладзена алея і названа галоўная вуліца вёскі, а ў Мядзвядскай базавай школе створана музейная экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму земляку. Можа, з цягам часу атрымаецца аднавіць і саму сядзібу, бо яе замалёўкі і апісанне захаваліся.

І загучала музыка ў касцёле...

Старадаўні касцёл св. Мікалая, апеты знакамітым Уладзіславам Сыракомлем, які з’яўляўся на той час парафіянінам мірскага касцёла, сёлета ўпершыню зноў прыняў не толькі прыхаджан. У рамках VII свята мастацтваў “Мірскі замак-2009” тут загучала старадаўняя музыка. Праграма канцэрта складалася з твораў кампазітараў, што нарадзіліся, жылі і працавалі на Гродзеншчыне. Сярод іх — В.Длугарай, К.Клабан, М.К.Агінскі, М.Карловіч, С.Манюшка. Унікальны канцэрт адбыўся дзякуючы Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга і падтрымцы, якую аказала мясцовая ўлада пры правядзенні рэстаўрацыйных работ гэтага помніка архітэктуры канца XVI — пачатку XVII стагоддзя.

МІРнае спалучэнне стагоддзяў

“Ад Мінска да Міра 13 міль”, — сцвярджалі сярэдневяковыя падарожнікі. Гэта мястэчка знаходзіцца якраз пасярэдзіне аднаго з самых старых трактаў Беларусі на шляху між былой сталіцай Вялікага княства Літоўскага — Навагрудкам і не менш прывілеяваным на той час горадам Нясвіжам. У пісьмовых крыніцах Мір упершыню ўзгадваецца ў 1395 годзе, калі яго  захапілі і разрабавалі крыжакі. 27 снежня 1579 года Міру было даравана няпоўнае магдэбургскае права.
У XVI стагоддзі на рыначнай плошчы з’явіліся Траецкая царква і Мікалаеўскі касцёл. У XVII—XVIII стагоддзях Мір — буйны гандлёвы цэнтр. Да канца ХIХ стагоддзя шырока былі вядомы мірскія конныя кірмашы. У цэнтры пасёлка захаваліся пабудовы гандлёвых лавак. Паблізу — будынак кагалу (яўрэйскага самакіравання), дзве сінагогі і іешыва (талмудысцкая акадэмія, дзе рыхтавалі равінаў).
Мір — радзіма філосафаў Фларыяна Бохвіца і Саламона Маймана, вядомых беларускіх акцёраў братоў Аляксандра і Мікалая Ільінскіх, пісьменнікаў Рамана Тармолы-Мірскага і Вольгі Іпатавай. Аповед паштальёна, запісаны ў мірскай карчме “вясковым лірнікам” Уладзіславам Сыракомлем, стаў асновай для верша “Паштальён”. Затым гэты верш быў пакладзены на музыку — атрымалася добра вядомая і сёння песня “Когда я на почте служил ямщиком”.
Зараз Мір не толькі турыстычная Мекка, але і візітная картка Беларусі, а жамчужына сярэдневякоўя — Мірскі замак — успрымаецца як нацыянальны сімвал. Замак-прыгажун — феномен захавання лепшых дасягненняў беларускага дойлідства. Нездарма ў 2000 годзе ён быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Замак і яго багатае архітэктурна-ландшафтнае акружэнне, уключаючы сам пасёлак, фарміруюць асаблівую аўру, якая спавівае гісторыю і сучаснасць.

Меладычны звон разносіцца па наваколлі...

Калі едзеш з Міра ў Навагрудак, здалёк відаць Свята-Пакроўская царква ў Турцы. Яна быццам сустракае і праводзіць падарожнікаў. Само мястэчка валынскія хронікі згадваюць у 1276 годзе — падчас спусташальных паходаў галіцка-валынскіх князёў у саюзе з татарамі на Наваградак.
Пакроўская царква ў Турцы — адзін з лепшых прыкладаў рэтраспектыўна-рускага стылю ў царкоўным дойлідстве Беларусі. Спачатку ў 1747 годзе быў пабудаваны драўляны храм, а ў 1886—1888 гадах — новая царква з бутавага каменю і цэглы ў выглядзе крыжа. Дарэчы, іканастас вырабляў у Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу ўраджэнец Турца Рыгор Лойка. Маштабная кампазіцыя, велічныя пяць купалоў, маляўніча абрысаваны сілуэт двух’яруснай званіцы з акруглым завяршэннем вызначаюць гэтую царкву. Больш як стагоддзе яна з’яўляецца галоўным архітэктурным упрыгожаннем Турца і наваколля.

Натхнёны Вялікай Перамогай

У вёсцы Вялікая Слабада жыве самадзейны мастак Міхаіл Чачотка. Хату яго пазнаеш здалёк, яна аздоблена прыгожым дэкорам разбярства і чаканкай. У свой час ён скончыў мастацкае вучылішча ў Маскве. 80-гадовы мастак малюе пейзажы роднага краю і нацюрморты. А зараз стварае цыкл карцін на ваенную тэматыку — партрэты мясцовых партызан, палотны пра жыццё і дзейнасць атрадаў народных мсціўцаў у Налібоцкай пушчы і ўвогуле ў Прынёманскім краі. Гэта своеасаблівы падарунак Міхаіла Сцяпанавіча 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і юбілею Вялікай Перамогі.

Цудатворная ікона

У 1533—1550 гадах у Міры быў пабудаваны цагляны храм у выглядзе прадаўгаватага крыжа. Выгляд і размяшчэнне царквы алтаром на ўсход сведчаць, што яна з’явілася ў часы, спрыяльныя для праваслаўя ў гэтым мястэчку. У 1705 годзе храм захапілі ўніяты, а ў 1839-м яго вярнулі праваслаўным. Да 1925 года тут знаходзілася Мірская ікона Божай Маці XVI стагоддзя. А ў 1934-м копія Пачаеўскай іконы “Замілаванне” была дастаўлена ў Мір, у Свята-Траецкую царкву для лячэння сям’і святара протаіерэя Уладзіміра Свірскага. Яна і зараз асвячае царскія дзверы гэтага храма. Пачаеўская ікона “Замілаванне” належыць да ліку найбольш шануемых і лічыцца цудатворнай. Сёлета праваслаўныя хрысціяне адзначылі яе 450-годдзе. І калі вернікі прыкладваліся да іконы, над мірскім храмам узнікла вясёлка, хоць дажджу не было.

Паэтычнае возера

Возера Свіцязь дзякуючы творчасці такіх славутых паэтаў, як Адам Міцкевіч і Ян Чачот, стала ў сусветнай літаратуры нейкім чароўным і таемным сімвалам. І як бы сябры-філаматы не спрачаліся між сабой наконт падання аб узнікненні гэтага возера, абодва былі ўлюбёныя ў свіцязянскія краявіды і паэтызавалі гэтую прыгажосць.
Паводле адной з легенд, калісьці на гэтым месцы ўзвышаўся аднайменны горад. Ён належаў князю Тугану, які быў на баку Міндоўга.
Дарэчы, прыродных цудаў у гэтых мясцінах шмат. Вакол возера размешчаны Свіцязянскі ландшафтны заказнік. Тут налічваецца каля трыццаці розных тыпаў лесу, а само возера адрозніваецца небывалай чысцінёй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter