Край цікавых падзей і прыгожых, руплівых людзей

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Быхаўскага райвыканкама і рэдакцыі быхаўскай райгазеты “Маяк Прыдняпроўя” Не сем, а дваццаць сем цудаў можна налічыць на Быхаўшчыне, з гонарам расказваюць мясцовыя жыхары. Бо гісторыя краю вельмі багатая на значныя падзеі і знакамітых людзей.Рэдактар раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікола Леўчанка, які ахвотна згадзіўся зрабіць з намі падарожжа па Быхаўшчыне, вельмі добра ведае свой родны куток і сваіх землякоў. Ён расказаў, што пасяленне пад назвай “двор Быхаў” упершыню ўпамінаецца ў грамаце князя Змітра Семяновіча 31 мая 1393 года.Адна з легенд сцвярджае, што ў ваколіцах Быхава жыхары хаваліся ад ворагаў — “быў хоў”, і таму горад атрымаў такую назву. Размешчаны на старажытным галоўным гандлёвым шляху, вядомым як “путь из варяг в греки”, Быхаў меў стратэгічнае значэнне, што і акрэсліла яго шматвяковую гісторыю.Мікола Леўчанка шчыра ўслаўляе людзей, што жывуць у гэтых мясцінах, такімі паэтычнымі радкамі:Я заўсёды сардэчна вітаю,Адчуваю дыханне вякоўІ ўсяго Прыдняпроўскага краю,Калі бачу сваіх землякоў.

Сумесны праект “Народнай газеты”, Магілёўскага аблвыканкама, Быхаўскага райвыканкама і рэдакцыі быхаўскай райгазеты “Маяк Прыдняпроўя”

Не сем, а дваццаць сем цудаў можна налічыць на Быхаўшчыне, з гонарам расказваюць мясцовыя жыхары. Бо гісторыя краю вельмі багатая на значныя падзеі і знакамітых людзей.
Рэдактар раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікола Леўчанка, які ахвотна згадзіўся зрабіць з намі падарожжа па Быхаўшчыне, вельмі добра ведае свой родны куток і сваіх землякоў. Ён расказаў, што пасяленне пад назвай “двор Быхаў” упершыню ўпамінаецца ў грамаце князя Змітра Семяновіча 31 мая 1393 года.
Адна з легенд сцвярджае, што ў ваколіцах Быхава жыхары хаваліся ад ворагаў — “быў хоў”, і таму горад атрымаў такую назву. Размешчаны на старажытным галоўным гандлёвым шляху, вядомым як “путь из варяг в греки”, Быхаў меў стратэгічнае значэнне, што і акрэсліла яго шматвяковую гісторыю.
Мікола Леўчанка шчыра ўслаўляе людзей, што жывуць у гэтых мясцінах, такімі паэтычнымі радкамі:
Я заўсёды сардэчна вітаю,
Адчуваю дыханне вякоў
І ўсяго Прыдняпроўскага краю,
Калі бачу сваіх землякоў.

Ікона Маці Божай Баркалабаўская

Яе гісторыю расказала нам выкладчык Быхаўскай гімназіі Валянціна Аляксееўна Дуван. У час вайны са шведамі праязджаў каля вёскі Баркалабава князь Пажарскі, які вёз у Маскву ікону Казанскай Божай Маці. Раптам коні застылі на месцы. Як іх ні паганялі, яны стаялі як укапаныя. Усе, у тым ліку і князь Пажарскі, рашылі, што ікона “хоча” застацца ў Баркалабаве. Доўгі час яна захоўвалася ў Баркалабаўскім манастыры, але пасля рэвалюцыі, калі рэлігія апынулася ў загане, простыя людзі забралі яе і хавалі як маглі. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ікону аддалі ў Свята-Троіцкую царкву ў Быхаве, дзе яна знаходзіцца і зараз.

Мемарыял воінскай славы ў Лудчыцах

З Быхава мы паехалі ў бок вёскі Лудчыцы, якая знаходзіцца ў 12 кіламетрах ад райцэнтра, каб пабываць на месцы, адкуль летам 1944 года пачалася аперацыя “Баграціён” па вызваленню Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Мабыць, такую назву атрымала яна таму, што ў гэтых мясцінах у 1812 годзе, калі вялася барацьба супраць напалеонаўскага нашэсця, знаходзіўся штаб Другой арміі пад камандаваннем князя Баграціёна.
У гады Вялікай Айчыннай вайны жорсткія баі пад Лудчыцамі вялі байцы 556-га стралковага палка 169-й дывізіі.
У 1984 годзе ў вёсцы Лудчыцы быў адкрыты Мемарыял воінскай славы. Ён увекавечыў подзвіг Герояў Савецкага Саюза рускіх Уладзіміра Мартынава, Пятра Вінічэнкі, беларуса Івана Барысевіча, узбека Гуляма Якубава, казаха Сундуткалі Іскаліева, грузіна Галакціёна Размадзе пры штурме вышыні 150,9 каля вёскі Лудчыцы.

Кураняты замест боегаловак

У савецкі час звышсакрэтным аб’ектам у Быхаве лічыўся ваенны аэрадром. Самалёты марской авіяцыі абслугоўвалі Балтыйскі флот, маглі несці на сваім борце ядзерныя боегалоўкі.
Калі ваенныя авіятары пакінулі Быхаў, узнікла пытанне, як выкарыстаць памяшканні, пабудовы, капаніры з карысцю для народнай гаспадаркі.
Зараз шэсць капаніраў займае 1-я прамысловая пляцоўка ЗАА “Агралінк”, дзе ў год вырошчваецца 10 мільёнаў куранят.

Сінагога — помнік архітэктуры ХVІІ стагоддзя

Гістарычная пабудова захавалася да нашага часу лепш, чым Быхаўскі замак. Тут бываюць турысты з Італіі, Ізраіля, ЗША, Англіі і іншых краін. Сінагога — помнік архітэктуры позняга Рэнесансу, пабудавана ў 40—50-я гады ХVІІ стагоддзя. Была таксама прызначана для абароны. Акружалі сінагогу трое гарадскіх варот — Магілёўскія, Рагачоўскія і Падольныя.
Шмат часу з’яўлялася цэнтрам рэлігійнага і грамадскага жыцця яўрэяў Быхава, якія ў пачатку ХХ стагоддзя складалі амаль палавіну жыхароў горада.
Цікава, што да гэтага часу на сценах сінагогі засталіся старажытныя фрэскі. У мясцовым музеі паведамілі, што раней была спроба аднавіць сінагогу, якая можа быць добрай гістарычнай спадчынай не толькі для вернікаў-яўрэяў.

Народны ўмелец Станіслаў Афонькін

Цуды ствараюць людзі. У вёсцы Новы Быхаў мы сустрэлі народнага ўмельца Станіслава Мікалаевіча Афонькіна. Ён пляце з лазы прыгожыя карзіны, кашы, шкатулкі і іншыя вырабы. Імі любаваліся на рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках жыхары Мінска, Віцебска, Масквы, іншых гарадоў.
Станіслаў Афонькін — лаўрэат фестывалю народнага мастацтва “Беларусь, мая песня”.

Быхаўскі замак

Той, хто прыязджае ў Быхаў з боку Дняпра, адразу заўважае руіны гістарычнага збудавання.
У 1590 годзе Ян Хадкевіч — гетман Вялікага княства Літоўскага — пачаў будаваць у Быхаве замест драўляных мураваныя замкавыя ўмацаванні, узвядзенне якіх завяршаў Леў Сапега. Горад атрымаў моцны бастыён, які надзейна яго абараняў.
Быхаўскі замак з’яўляецца часткай умацаванняў горада-крэпасці і быў акружаны ровам з пад’ёмным мостам. Замак займаў плошчу 75 на 70 метраў. Належаў магнатам Хадкевічам (1590—1621 гг.) і Сапегам (1621—1831 гг.). Пасля 1831 года замак адышоў у “казну” і некаторы час знаходзіўся ў запусценні, але ў 70-я гады ХІХ стагоддзя яго адрамантавалі і выкарыстоўвалі як турму, а затым як казарму.
Мікола Леўчанка паказаў нам уваход у падвальнае памяшканне жаночай гімназіі, дзе ў верасні 1917 года пасля разгрому карнілаўскага мяцяжу ўтрымліваліся генералы Карнілаў, Дзянікін, Лукомскі, Маркаў, Раманоўскі, Эрдэлі і іншыя.
На тэрыторыі былога замка мы сустрэлі гасцей з Масквы Лідзію Іванаўну Канавалаву і яе дачок Ніну і Таццяну. Тут пасля вайны знаходзіліся казармы авіяцыйнай часці, дзе служыў яе муж старшы лейтэнант Уладзімір Іванавіч Канавалаў. Сям’я 26 гадоў жыла непадалёку адсюль, і шмат чаго засталося ў памяці з тых часоў.

Месца фарсіравання Дняпра войскам Баграціёна

Маляўнічы бераг Дняпра каля вёскі Новы Быхаў. Тут у 1812 годзе армія Баграціёна фарсіравала раку і накіравалася пад Смаленск, дзе злучылася з Першай рускай арміяй, каб граміць напалеонаўскія орды.

 Выбіраем разам

Дарагія чытачы!
Каб прыняць удзел у выбары цудаў нашай роднай Беларусі, проста запоўніце анкету і пастаўце адзнаку па сямібальнай шкале кожнаму з прапанаваных сёння цудаў Быхаўскага раёна. Анкеты адпраўляйце на адрас рэдакцыі "Народнай газеты" з прыпіскай на канверце "7 цудаў Беларусі".
Свае меркаванні аб праекце вы можаце выказаць на сайце рэдакцыі ў Інтэрнэце: www.ng.by

Ваш голас вельмі важны! 7 цудаў Быхаўскага раёна                             Ваша адзнака

Быхаўскі замак

Ікона Баркалабаўская

Быхаўская сінагога

Мемарыял воінскай славы ў Лудчыцах

Былы ваенны аэрадром у Быхаве

Дзівосы народнага ўмельца Станіслава Афонькіна

Месца фарсіравання Дняпра войскам Баграціёна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter