Край рукатворных славутасцей

Тут не кіпелі вядомыя гістарычныя бітвы. На Кіраўшчыне, адным з самых маладых адміністрацыйных утварэнняў магілёўскай зямлі, няма і славутых гістарычных помнікаў культуры і архітэктуры. Але край гэты заўсёды быў адметны тварэннем рук яго працаўнікоў. Пра гэта і гаворка ніжэй.

Тут не кіпелі вядомыя гістарычныя бітвы. На Кіраўшчыне, адным з самых маладых адміністрацыйных утварэнняў магілёўскай зямлі, няма і славутых гістарычных помнікаў культуры і архітэктуры. Але край гэты заўсёды быў адметны тварэннем рук яго працаўнікоў. Пра гэта і гаворка ніжэй.

“Дрэмле памятка дзён...”

Не, гаворка не пра курган, які захоўвае пэўную гістарычную легенду, а ўсяго пра помнік з каменя, але таксама напамінак пра падзеі, што адбыліся тут амаль тры с паловай стагоддзі таму. Што менавіта — пра гэта і распавядае надпіс на ім. “У 1766 годзе, — узгадвае ён нашчадкам, — пачалося паўстанне сялян у Любоніцкім і Стоўпіцкім стараствах Рэчыцкага павета супраць феадалаў на чале з Паўлам Лагойкам ( падаўлена ў 1782 г.)”.
Зразумела, у некалькі радкоў цяжка ўціснуць увесь сэнс грамадскага пратэсту, які ўзнік у той далёкі час. Але адно тое, што цягнуўся ён аж 16 гадоў, выклікае разуменне значнасці і арганізаванасці выступлення сялян. І хоць не гойсалі паўстанцы атрадамі, аднак адносіны да нялюдскіх паводзін паноў выказвалі канкрэтна. Законапалажэнне Рэчы Паспалітай забараняла памешчыкам караць сялян і ўстанаўлівала жорсткую адказнасць за іх забойства. Аднак у Любонічах здаўна стаялі дзве шыбеніцы. І не толькі для застрашвання. Таму не толькі для застрашвання і паўстанцы нападалі на панскія двары, збівалі панскіх прыхвасняў, адмаўляліся плаціць непамерныя падаткі.
Хоць у рэшце рэшт сялянскае паўстанне было задушана, яго важакі жорстка пакараны (Паўла Лагойку і Лаўрына Самадзелку пакаралі смерцю, а яшчэ пяцярым зачыншчыкам адсеклі руку), яно было не дарэмным, бо прынесла палёгку прыгонным.

Палац пана Булгака

Род паноў Булгакаў належаў да ліку старажытных і знатных на Беларусі. Ужо ў 16-м ст. Булгакі займалі высокія пасты ў Вялікім княстве Літоўскім, а потым і ў Расійскай імперыі. А Ігнацій Ёсафат Булгак, маючы сан епіскапа, два дзесяцігоддзі ўзначальваў уніяцкую царкву ў Расіі.
Маёнтак Добасна, што стаяў на месцы ўпадзення аднайменнай рэчкі ў Днепр, належаў знакамітаму роду Сапегаў. Але ў канцы 18-га ст. яго набываюць Булгакі і ствараюць тут сваю рэпрэзентацыйную рэзідэнцыю, пабудаваўшы адпаведны палац. Будаўніцтва палаца, якое патрабавала немалых сродкаў, пачалося ў сярэдзіне дваццатых гадоў 19-га ст. і цягнулася амаль да пачатку 20-га ст. Затое атрымалася выдатная пабудова, якая стала ў адзін рад са славутымі замкамі Радзівілаў.
Да нашага часу дайшлі малюнкі палаца ў Жылічах, выкананыя вядомым беларускім краязнаўцам Напалеонам Ордай, а таксама некаторыя фотаздымкі ўнутранага інтэр’ера, зробленыя перад Першай імперыялістычнай вайной Янам Булгакам. Яны сведчаць аб багатым убранстве, высокім мастацкім гусце гаспадароў.
Апошнім уладальнікам палаца быў Эдгар Булгак, які жыў пераважна за мяжой. Але калі прыязджаў у Жылічы, то наладжваў балі для мясцовай шляхты. І не толькі для яе. У вызначаныя дні перад палацам збіраліся сяляне і прыслуга. На балконе размяшчаліся музыканты, і пачыналіся весялосць і танцы.
Яшчэ адна адметнасць маёнтка — паркавы ансамбль, які ўзнік, бадай, раней, чым быў пабудаваны палац. Тут разам з традыцыйнымі для тутэйшых мясцін дрэвамі раслі адметныя пароды: серабрыстыя таполі і ясені, чырвоныя дубы.
Зараз архітэктурна-паркавы ансамбль аднаўляецца. Ён уключаны ў адзін з турыстычных маршрутаў па Кіраўскім раёне.

Волат з ледніковага перыяду

Зараз цяжка нават уявіць эпоху ледніковага перыяду. Але па тым, які след ён пакінуў на нашай зямлі, можна зрабіць вывад аб тым, што гэта была сіла, якая згубіла не толькі мамантаў, але і змятала ўсё на сваім шляху.
Менавіта рух леднікоў прынёс на Кіраўшчыну вялізны валун. Ён і зараз ляжыць, урослы ў зямлю, на полі, што на ўсход ад вёскі Пясцова, здзіўляючы сваімі памерамі. Вагу яго падлічыць немагчыма, бо невядома, на колькі камень-волат урос у глебу. Але шырыня “цела” з буйна-зярністага граніту складае тры з чвэрцю метры, вышыня над зямлёй — 1,4 метра, а даўжыня — пяць метраў і 25 сантыметраў.
На Беларусі геалагічнымі помнікамі лічацца 59 ледніковых валуноў. На самай справе іх значна больш. І кіраўскі волат — адзін з няўлічаных.

“Рассветаўскія” двойчы Героі

Алея Славы ў Кіраўску адкрываецца стэламі, прысвечанымі Герою Савецкага Саюза і Герою Сацыялістычнай Працы Кірылу Пракопавічу Арлоўскаму і двойчы Герою Сацыялістычнай Працы Васілю Канстанцінавічу Старавойтаву. Аб’ядноўвае гэтых людзей тое, што абодва ваявалі з ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны і абодва набылі славу выдатных арганізатараў сельскагаспадарчай вытворчасці, кіруючы мясцовым калгасам “Рассвет”.
Кірыла Арлоўскі з вайны вярнуўся Героем, але і інвалідам. Нягледзячы на фізічную немач, здолеў вывесці гаспадарку ў лік лепшых у рэспубліцы, за што і атрымаў залаты медаль “Серп і молат”.

Паўліны, цэсаркі і...

Каб убачыць гэтых экзатычных для нашых мясцін птушак, далёка ехаць не трэба. Яны вольна разгульваюць літаральна побач з цэнтральнай плошчай Кіраўска. Тут, у скверы, і арганізаваны своеасаблівы заакуток. Мясцовая дзятва ў захапленні ад такой экзотыкі. Тым больш што побач у невялічкім доміку ім пакажуць чучалы драпежнікаў і іншых насельнікаў мясцовых лясоў — ад ваўка да дзіка.

Чыгірынка — як бурштынка

Так ужо супала, што днямі Чыгірынская ГЭС, уведзеная ў эксплуатацыю ў канцы пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, адзначыла свой паўвекавы юбілей. У гонар гэтай даты на будынку электрастанцыі адкрыта мемарыяльная дошка.
Але Чыгірынка, як яе звычайна называюць, гэта не толькі амаль 5 млн кілават-гадзін электраэнергіі, якая штогод паступае ў адзіную энергасістэму краіны, забяспечваючы электрычнасцю вытворчыя аб’екты і жыллё жыхароў трох суседніх раёнаў. Гэта прыродная водная жамчужына Беларусі. Утворанае Друццю вадасховішча займае плошчу 24 квадратныя кіламетры і цягнецца на 17 кіламетраў уздоўж. У акружэнні лясных масіваў яно даўно стала любімым месцам адпачынку жыхароў Магілёўшчыны. Славіцца вадаём і рыбнымі запасамі. Тут неаднаразова праводзіліся спаборніцтвы рознага рангу па зімоваму і летняму лову рыбы. А турысты пры жаданні могуць адпачыць у дамах адпачынку і на турыстычных базах, што размешчаны на маляўнічых азёрных берагах.

Музей Салановічаў

Не кожная вёска можа пахваліцца сваім музеем. Хіба што ў мясцовай школе сабраны і аформлены нейкі гістарычны куток. А вось кіраўскія Любонічы стараннем Івана Адамавіча і Марыі Іванаўны Салановічаў займелі сапраўдны этнаграфічны музей, якому могуць пазайздросціць нават прафесійныя этнографы. У ім сабрана больш за 200 прадметаў сельскага ўжытку розных часоў. І зараз экспазіцыя дае яскравае ўяўленне аб тым, як жыла вёска апошнія два стагоддзі.
А пачалося ўсё з... фальклору. Івану Адамавічу, заўзятаму гарманісту, прапанавалі стварыць фальклорны калектыў і выступіць на раённай сцэне. І ў хуткім часе такі з’явіўся. Назвалі яго “Спадчына”. А разам з захапленнем народнымі мелодыямі, песнямі роднага краю ўзнікла ў Салановіча і думка аб тым, што нядрэнна б было аздобіць выступленні самадзейных артыстаў сапраўднымі прадметамі хатняга ўжытку. І ён па сваяках і знаёмых пачаў збіраць прадметы даўніны.
Спачатку музей Салановічаў быў хатнім. Потым яму выдзелілі пакой у мясцовым Доме культуры. Паколькі яго гаспадары не мелі вопыту ў музейнай справе, то экспанаты проста расстаўляліся ў пакоі. Зараз Любонічы сталі аграгарадком. Капітальна адрамантаваны і атрымаў новае жыццё тутэйшы Дом культуры. Іншы выгляд набыў і этнаграфічны музей. І зараз яго наведваюць не толькі кіраўчане, але і турысты з іншых куткоў Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter