Край паэзіі і духоўнасці, парадоксаў і гумару.

Калінкавіцкі раён вядомы турыстам перш за ўсё фестывалем народнага гумару “Аўцюкі”. У святочныя дні ў вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі жыхары спаборнічаюць, чый падворак лепшы. Чым толькі не ўпрыгожваюць яны свае хаты і платы! У саміх Калінкавічах таксама не засумуеш: канцэрты, феерверк, прыпеўкі, жарты, прысмакі дармавыя... Дарэчы, Вялікія Аўцюкі па плошчы менш, чым Малыя. Але гэта не адзіны парадокс дзівоснага краю...

Калінкавіцкі раён вядомы турыстам перш за ўсё фестывалем народнага гумару “Аўцюкі”. У святочныя дні ў вёсках Вялікія і Малыя Аўцюкі жыхары спаборнічаюць, чый падворак лепшы. Чым толькі не ўпрыгожваюць яны свае хаты і платы! У саміх Калінкавічах таксама не засумуеш: канцэрты, феерверк, прыпеўкі, жарты, прысмакі дармавыя... Дарэчы, Вялікія Аўцюкі па плошчы менш, чым Малыя. Але гэта не адзіны парадокс дзівоснага краю...

Вада хоць куды!

У ходзе геалагічных работ 30 гадоў таму на тэрыторыі Сыродскага сельсавета ля вёскі Пеніца з’явілася крынічка. Вынікі даследаванняў паказалі практычна ідэальны стан вады як па мікрабіялагічных, радыялагічных, так і па хімічных паказчыках. З аналізаў стала вядома, што вада вельмі мяккая, без утрымання солей. З 216 артэзіянскіх шчылін раёна толькі ў дзвюх вада па асноўных паказчыках набліжаецца да крынічнай. Вада гэтай крыніцы па свайму біяхімічнаму саставу з’яўляецца лепшай. 3 чэрвеня 2008 года адбылося адкрыццё добраўпарадкаванай крынічкі, а затым асвячэнне яе айцом Георгіем, благачынным Калінкавіцкага раёна, настаяцелем прыхода Іконы Свята-Казанскай Божай Маці.

Цар-дуб

Да нядаўняга часу на тэрыторыі раёна знаходзіліся прыродныя помнікі — Галявіцкія дубы-волаты, два дрэвы дуба звычайнага, узрост якіх каля 500 гадоў. Вышыня іх 30 і 32 метры, дыяметр 1,5 і 2 метры. Яны з’яўляліся помнікамі прыроды рэспубліканскага значэння з 1963 года. Падобныя па магутнасці і ўзросту дубы сустракаюцца і ў Гарбавіцкім лясніцтве, а таксама ў ваколіцах Малых і Вялікіх Аўцюкоў. На жаль, час падкасіў волатаў, але ў рамках Года роднай зямлі ў горадзе будзе ўстаноўлены помнік дрэвам, што былі сведкамі ўзнікнення Калінкавічаў.

Калінкавіцкі Сафронаў

Мастаку Рыгору Сафронаву яшчэ няма 50, але спіс яго дасягненняў уражвае. Выпускнік Усесаюзнай народнай акадэміі выяўленчых мастацтваў (г.Масква, 1994 г.) адзначаны Ганаровай граматай ЦК ВЛКСМ, Калінкавіцкага райвыканкама. Ён правёў шматлікія персанальныя выставы, яго работы набыты музеямі і знаўцамі мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы, Германіі, Англіі, іншых краін. Каля 15 гадоў майстар кіруе студыяй жывапісу ў Доме дзіцячай творчасці. Яго выхаванцы не толькі любяць свайго настаўніка, з захапленнем спасцігаюць законы прыгажосці, з’яўляюцца ўдзельнікамі і лаўрэатамі розных конкурсаў, але, што, бадай, самае галоўнае, цэняць і ўмеюць ствараць прыгожае. Больш чым 25 з іх звязалі з жывапісам і выбраную пазней прафесію. У Рыгора Сафронава свой творчы почырк, галоўнае ў якім — радаснае ўспрыманне акаляючага асяроддзя і жыццесцвярджальнасць. Часам здаецца, што яго работы выпраменьваюць святло, як, напрыклад, карціна “Вясна” (на фота).

Чырвоны строй

Традыцыйным і адным з самых старажытных відаў народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з’яўляецца ткацтва. На тэрыторыі Калінкавіцкага раёна склаўся і бытаваў ажно да пачатку XX стагоддзя комплекс адзення і тканых прадметаў ужытку, вядомы як калінкавіцкі строй. Для яго характэрна, як правіла, чырвоная (колер сонца ў старажытных славян) вышыўка на белым фоне палатна. Узоры вышыўкі — гэта разнастайныя злучэнні ромбаў, крыжоў, разетак і іншых стылізаваных фігур, якія сімвалізуюць сонца, чалавека, жывёлін і птушак, засеянае поле і іншае. Гэтыя ўзоры, арнаменты ткаліся і вышываліся на каўняры, гарлавіне, плячах, рукавах, манжэтах і падоле. Акрамя таго, што яны ўпрыгожвалі адзенне, лічылася, што яны таксама ахоўвалі гаспадара ад усялякіх бед і нячыстай сілы. Больш таго, узоры складаліся ў цэлыя кампазіцыі, якія расказвалі пра святы і будні, шчасце і нягоды, мінулае і сённяшні дзень майстрыхі, яе родных і блізкіх. Вядомы беларускі этнограф-даследчык М.Ф.Раманюк піша: “Калінкавіцкі строй — адна з вяршынь беларускага народнага касцюма. Ён святочна прыгожы, зачароўвае мяккай паэтычнасцю”.

Запавет кітайскіх мудрацоў

У часы СССР у Даманавічах будаваўся завод для сушкі гародніны вытворчасці плодаагароднінных кансерваў. Зараз вытворчая дзейнасць прадпрыемства прадстаўлена вырошчваннем грыбоў вешанка і шыітаке. Праект разлічаны на вырошчванне 75 тон грыбоў у год. Аналагаў яму ў краіне няма. Шыітаке — дзіўны грыб, у Кітаі і Японіі ён цэніцца нароўні з жэньшэнем. Здаўна кітайцы лічылі, што рэгулярнае ўжыванне шыітаке аказвае спрыяльнае ўздзеянне на самаадчуванне, танізіруе нервовую сістэму. У тыя старажытныя часы, калі повар быў адначасова і ўрачом, гэтыя грыбы лічыліся лепшым сродкам для актывізацыі “Кі” — унутранай жыццёвай сілы, якая цыркуліруе ў арганізме чалавека. У 1969 годзе вучоныя Нацыянальнага даследчага цэнтра ў Токіо выдзелілі з шыітаке фармакалагічны прэпарат, які выкарыстоўваецца пры лячэнні расстройстваў імуннай сістэмы і анкалагічных захворванняў.

У старым парку

На ўсходняй ускраіне вёскі Ліпава знаходзіцца былы памешчыцкі маёнтак, узведзены з цэглы ў 1855—1862 гадах. Будынак двухпавярховы, прамавугольны ў плане, фасад выкананы ў стылі позняга класіцызму. На першым паверсе была бібліятэка, на другім — карцінная галерэя. Маёнтак акружаў вялікі парк, дзе раслі рэдкія пароды дрэў, знаходзіліся аранжарэі, а ў некалькіх штучных вадаёмах плавалі лебедзі. Стваральнікам гэтага паркава-сядзібнага комплексу быў О.І.Горват (1808—1894), буйны землеўладальнік, прадвадзіцель дваранства Рэчыцкага павета Мінскай губерні. Ліпаўскі парк у 2006 годзе заняў трэцяе месца ў краіне сярод мясцовых паркаў. Край быў і прамысловым цэнтрам Палесся: вінакурня, цагельны і лесапільны заводы пастаўлялі прадукцыю на расійскі рынак. У 1864 годзе ў Ліпаве адкрылася народнае вучылішча, у якім вучыліся 32 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі. Старажылы ўспаміналі, што памешчык прымушаў хадзіць у школу сялянскіх дзяцей, асабліва хлопчыкаў. У 1800 годзе ў Ліпаве на сродкі прыхаджан і памешчыка Ігнація Горвата была пабудавана царква ў гонар Вялікапакутніцы Параскевы.

Подых стагоддзяў

Унікальным месцам не толькі рэгіёна, але і ўсёй беларускай зямлі з’яўляюцца Юравічы. 26 тысяч гадоў таму ў гэтай мясцовасці на беразе Прыпяці пасяліліся старажытныя людзі — паляўнічыя на мамантаў. Іх стаянка цяпер з’яўляецца аб’ектам даследаванняў археолагаў. Пазней тут знаходзілася своеасаблівая сталіца славянскага племені дрыгавічоў, а ў сярэднія вякі працвітаў буйны горад, практычна мегаполіс тых часоў — Межымосце. Да 1170 года адносіцца першае ўпамінанне аб Юравічах-Межымосці ў Іпацьеўскім летапісе. Ва ўсялякім выпадку ёсць меркаванне спецыялістаў аб тым, што Юравічы намнога старэйшыя за Мазыр і, магчыма, не ўступаюць па ўзросту старажытнаму Тураву. У XVIII стагоддзі тут быў узведзены прыгожы храм, які цяпер з’яўляецца найбольш характэрным і значным помнікам архітэктуры позняга барока ў Беларусі і адзіным на Палессі. Вядуцца маштабныя работы па яго рэстаўрацыі, каб храм ізноў стаў духоўным цэнтрам рэгіёна. У 2006 годзе Хрэсным ходам вернута набытая цудатворная ікона Божай маці Юравіцкай Мілуючай. Падрабязны летапіс Юравічаў стварыў вядомы вучоны В.Ф.Ісаенка, які зараз жыве ў Мінску.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter