Край, дзе волаты жывуць

На Клеччыне ганарацца чатырохвяковымі дубамі і стогадовымі землякамі

На Клеччыне ганарацца чатырохвяковымі дубамі і стогадовымі землякамі

У летапісах Клецк упамінаецца з 1127 года. Гісторыя раёна — як генеалагічная выстава. Тут і князі Яраславічы, і каралева Бона Сфорца. Клецк быў і цэнтрам ардынацыі роду Радзівілаў, што пабудавалі тут цудоўны палац, які, на жаль, да нашых дзён не захаваўся. Аднак, нягледзячы на шэраг страт, цудаў на Клеччыне хапае.

Кветкі Анастасіі

Анастасіі Васільеўне Цыган з Морацкага дома рамёстваў 78 гадоў. Першы свой твор яна вышыла, калі была яшчэ зусім маленькай — гадоў у пяць, не болей.
— У тыя часы і нітак добрых не было, — узгадвае бабуля Наста. — Разбіралі старыя ручнікі і так вышывалі. Як рабіла ў калгасе, не было калі з іголкай займацца, а вось пайшла на пенсію і стала вышываць. Гаспадарка невялікая — усяго два парсючкі. Уходзішся з хатнімі справамі, трэба чым-небудзь і душу пацешыць. Ды і людзям на радасць.
Анастасія Васільеўна вышыла дзіўнымі каляровымі кветкамі і птушкамі больш за 60 ручнікоў, абрусаў, сурвэтак, фіранак. Каму як гасцінец, каму ў падарунак, а некаторыя і на продаж. Ручнікі бабулі Анастасіі з блакітнымі галубамі абавязкова прысутнічаюць амаль на кожным вяселлі ў раёне.

Клецкія волаты

Велічнымі дрэвамі на Беларусі нікога не здзівіш. Але, убачыўшы клецкі 400-гадовы цар-дуб, мы аслупянелі. Дарожка праз маладую дуброву нечакана абрываецца каля 23-метровага дрэва, пад якім сам Толкіен з яго “Уладаром пярсцёнкаў” памёр бы ад зайздрасці. З галін, кожная з якіх сышла б за асобнае дрэва, звісае ізумрудны мох. Здаецца, зараз з-за моцнага трохметровага ствала выйдуць чароўныя лясныя эльфы. Дуб яшчэ жывы — на верхавіне пажаўцелае ўжо лісце. Але гэты волат, нягледзячы на моцны выгляд, як і любы пенсіянер, патрабуе ўвагі. У мінулым годзе яго нават “умацавалі” з сярэдзіны трыма мяшкамі цэменту. Так, далёка не кожны сучаснік Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Тадэвуша Касцюшкі выглядаў бы такім малайцом.
Маладажоны абавязкова прыязджаюць пакланіцца ўладару лесу. Лічыцца: каб у сям’і не было праблем з нараджэннем дзетак, трэба дакрануцца да яго. Некаторыя ідуць яшчэ далей — там-сям са ствала зрэзаны шматкі кары. “На развод” хаваюць ці пад пярыну кладуць, не інакш! Кажуць, што гэты дуб даруе і доўгі век. Сапраўды, на Клеччыне шмат доўгажыхароў. Да аднаго з іх — 100-гадовага Яфіма Фёдаравіча Абабуркі ў вёску Колкі мы завіталі на зваротнай дарозе. Дзядуля Яфім дакладна не ведае, ці хавалі бацькі дубовую кару ў хаце, але гаворыць, што ў яго сям’і ўсе жылі доўга і ніякага сакрэту доўгажыхарства не мелі. Працавалі на зямлі, ад яе і сілу бралі. Сам дзед Яфім усё жыццё працаваў у калгасе, выгадаваў чатырох дзяцей, а колькі ў яго ўнукаў і праўнукаў, ужо збіўся з ліку. Нягледзячы на стогадовы ўзрост, ён сочыць за гаспадаркай і нават сам коле дровы.

Сведка мінулага

Свята-Пакроўскі храм у вёсцы Ёдчыцы — помнік народнага драўлянага дойлідства, быў пабудаваны ў 1801 годзе пры Радзівілах на спецыяльна зробленым для яго высокім насыпе. Кажуць, вернікі не адзін дзень хто ў шапках, хто ў чым насілі зямлю і бутавыя камяні, каб новая царква была бачна здалёк. І сапраўды, бела-блакітны храм, ззяючы залатымі цыбулькамі купалоў, нібы лунае ў паднябессі.

Татарскае прышэсце

У пачатку XVI стагоддзя месца каля Клецка пад назвай Краснастаў на рацэ Лань заняло значнае месца ў гісторыі. 5 жніўня 1506 года войска Вялікага княства Літоўскага на чале з князем Міхаілам Глінскім перамагло тут крымскіх татар. Было ўзята ў палон шмат народу, а вось што рабіць з палоннымі — ніхто не ведаў. Самі ж палонныя вяртацца дадому не захацелі і папрасілі дазволу застацца ў гэтых мясцінах назаўжды. З таго часу татары жывуць і працуюць побач з карэннымі жыхарамі, ды так асіміляваліся, што тут іх так і называюць — нашы татары. Ды і назвы вёсак гавораць самі за сябе — Шылічы, Бабаевічы, Арда...
У 1996 годзе, калі на месцы бітвы ставілі памятны знак, нават задумаліся, што на ім пісаць. Пра перамогу неяк некарэктна — ужо свае людзі. Таму паставілі проста памятны знак.

Музей вёскі

Гэты музей жыхары вескі Заастравечча па сваёй ініцыятыве стварылі ўсяго за чатыры месяцы. Да 60-годдзя Перамогі былое памяшканне сельскага клуба ператварылася ў сапраўдны “кландайк”. Людміла Мікалаеўна Прышчэпа, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Заастравецкай школы, можа часамі вадзіць вас па залах. Тут старыя драўляныя вырабы, аўтэнтычны посуд, палавікі, жалезныя прасы, газавыя лямпы, лісты з фронту і шмат чаго іншага. Асобная экспазіцыя прысвечана мясцовым яўрэям, якія жылі ў Заастравеччы яшчэ да рэвалюцыі. Большасць з іх была расстраляна фашыстамі. Сяльчане нават аднавілі па памяці схему даўняй забудовы сваёй вёскі. Экспазіцыя музея ўвесь час папаўняецца новымі экспанатамі, якія, бы клапатлівыя мурашы, прыносяць самі заастравечанцы. Кожнага госця яны адразу вядуць сюды. І не дзіва, бо тут прадстаўлены ўсе вясковыя сем’і. У музеі ёсць нават зала для мастацкіх выстаў. Але “дабілі” землякоў заастравечанцы тады, калі з Барысава прыцягнулі і паставілі каля музея сапраўдную баявую машыну пяхоты. Ведай нашых, заастравечанскіх!

Вяртанне Марыі

Фарны касцёл Святой Тройцы некалі быў самым велічным будынкам у Клецку. Зараз ад яго засталася толькі адна замшэлая сцяна з шыльдай, на якой указана, што гэта — рэшткі помніка дойлідства XV—XVI стагоддзяў. Такіх разбураных сведак мінулага можна шмат адшукаць на Беларусі. Калісьці на сродкі магнатаў Радзівілаў і Сапегаў іх будавалі самыя вядомыя архітэктары. На жаль, падчас шматлікіх войнаў шмат чаго было зруйнавана на нашай зямлі. Але нярэдка сустракаюцца сапраўдныя цуды. Адно з іх — “Вяртанне Марыі”.
У касцёла Святой Тройцы былі чатыры цудоўныя моцныя галасы — чатыры званы. Самы вялікі з іх, з выявай Прасвятой Дзевы Марыі з ружанцам у руках, быў падараваны храму ў 1705 годзе. У гады Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў знішчаны. Прапалі і званы. Але звычайным вясновым ранкам 1983 года на месцы былога хутара коўш экскаватара наткнуўся на нешта, што адазвалася глухім металічным стогнам. Калі з зямлі, калыхаючыся на тросах, паказалася страчаная “Вялікая Марыя”, людзі ўпотай хрысціліся і плакалі. І яшчэ доўгі час бабулькі кланяліся і хрысціліся каля стаяўшага на парозе гісторыка-этнаграфічнага музея 1500-кілаграмовага славутага звона. А ў 2005 годзе ён быў урачыста ўстаноўлены на званіцы новага касцёла Святой Тройцы ў Клецку. Як напамін аб цудоўным знаходжанні 304-гадовай “Вялікай Марыі” на медным баку звона відаць два глыбокія шрамы — сляды каўша экскаватара.

Мадэрновы шпіталь

Клецкі шпіталь — помнік рэдкага цяпер на Беларусі, а некалі вельмі распаўсюджанага стылю мадэрн. Ён быў пабудаваны ў адзін час з казармамі і канюшнямі для раскватараванага ў Клецку напрыканцы XIX стагоддзя ўланскага палка. Шпіталь выкарыстоўваўся па свайму прамому прызначэнню падчас усіх войн, якія прайшлі на нашай тэрыторыі. У 1960-я гады, калі быў узведзены новы будынак, стары шпіталь прыстасавалі для іншых патрэб. Зараз тут знаходзіцца мясцовая ЖКГ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter