Край, дзе праскакаў Пегас.

Як гістарычная мясціна ўпершыню Касцюковічы ўпамінаюцца ў летапісных крыніцах больш за паўтысячагоддзя назад. Але адметныя тутэйшыя мясціны не гэтым. Адсюль выйшла цэлая плеяда вядомых беларускіх літаратараў, сярод якіх Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч. Гэтыя дзіўныя па прыгажосці краявіды Прыбесядзьскага краю лічаць сваёй малой радзімай больш за дзесятак паэтаў, публіцыстаў, празаікаў. Нібы Пегас праскакаў тут, іскрамі таленту надзяляючы касцюкоўцаў. Прырода, цудоўныя, таленавітыя людзі і з’яўляюцца галоўнымі цудамі гэтага кутка Беларусі.

Як гістарычная мясціна ўпершыню Касцюковічы ўпамінаюцца ў летапісных крыніцах больш за паўтысячагоддзя назад. Але адметныя тутэйшыя мясціны не гэтым. Адсюль выйшла цэлая плеяда вядомых беларускіх літаратараў, сярод якіх Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў, Алесь Пісьмянкоў, Леанід Левановіч. Гэтыя дзіўныя па прыгажосці краявіды Прыбесядзьскага краю лічаць сваёй малой радзімай больш за дзесятак паэтаў, публіцыстаў, празаікаў. Нібы Пегас праскакаў тут, іскрамі таленту надзяляючы касцюкоўцаў. Прырода, цудоўныя, таленавітыя людзі і з’яўляюцца галоўнымі цудамі гэтага кутка Беларусі.

Так здарылася, што Чарнобыль падзяліў Касцюкоўшчыну літаральна папалам: на адной з яе частак прызнана немэтазгодным пражыванне людзей з-за высокага радыяцыйнага фону. Той-сёй з гэтай нагоды пакінуў родныя мясціны. Але асноўная частка жыхароў раёна перамясцілася на так званую чыстую тэрыторыю. Людзі разважылі так: калі не ў роднай вёсцы, дык паблізу яе жыць, каб можна было пабываць на магілах продкаў. Ды што ні кажы, а вакол знаёмыя краявіды.
Зразумела, тыя аб’екты прыроды, культуры, архітэктуры, што засталіся ў зоне адсялення, цудамі літаральна не назавеш. Але жыць, і помніць, і захаваць памяць для нашчадкаў — ці не дзеля гэтага мы расказваем пра выдатныя мясціны роднай зямлі ў гэтым праекце? Таму і аб іх, тых, куды “ўваход забаронены”, але якія засталіся ў памяці людской, — таксама сёння наш аповед.

Пад залатымі купаламі

Зараз раскажам пра два праваслаўныя храмы, якія, перажыўшы ліхалецці, заставаліся апорай веры. І не толькі Боскай, але і веры ў Айчыну, у шчасце і жыццё. Сцвярджаць так дазваляюць гістарычныя факты. Зараз у вёсцы Гаўрыленка, дзе на беразе ракі Зубр і стаіць драўляная Свята-Пакроўская царква, пабудаваная ўжо ў далёкім 1863 годзе, налічваецца 111 двароў, у якіх пражывае каля 290 чалавек. А стэла, што ўстаноўлена ля канторы мясцовага аграпрадпрыемства, — сведка памяці аб 170 вяскоўцах, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай. Вось што такое вера і адданасць Радзіме!
Царкву неаднойчы апустошвалі. Пакрыты пазалотай іканастас вывезлі ў суседнія Клімавічы. Сам будынак закрывалі, яго ператваралі ў амбар. Ды толькі не зарастала сюды сцяжынка. На дзесяць гадоў раней за Свята-Пакроўскую пабудавана цагляная Свята-Траецкая царква ў вёсцы Саматэвічы. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры псеўдарускага стылю. У хуткім часе пры ёй было адкрыта народнае вучылішча, якое давала пісьменнасць і навуку паўсотні вясковым хлапчукам. Зараз, на жаль, храм аказаўся на адселенай тэрыторыі. Але людзі вераць, што і ў ім некалі зноў загучаць званы.

Да Куляшова, у Саматэвічы

У “забруджанай” зоне аказалася і вядомая вёска Саматэвічы — радзіма народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. Саматэвічы вымушаны былі перасяліцца ў новы пасёлак, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Але знайшліся і такія, хто не крануўся з роднага кутка. Таму зараз у калісьці вялікім населеным пункце налічваецца ўсяго некалькі двароў.
Як вядома, бацькі будучага народнага паэта настаўнічалі. Ужо ў сталыя гады Аркадзь Аляксандравіч вельмі цёпла ўспамінаў пра іх, асабліва пра маці, Кацярыну Фамінічну. Ён нават лічыў, што ўсё, што ёсць у ім лепшага, — ад маці. Гэтую думку пацвярджаюць нават вершаваныя радкі: “Я музу параўнаў бы з роднай маці...”
Але чарнобыльская навала не паслабіла памяць людскую аб паэце. Па-ранейшаму ў Саматэвічах існуе ягоны дом-музей, як і дзесяцігоддзі назад прыязджаюць сюды экскурсанты, каб на ўласныя вочы пабачыць родны кут аўтара “Сцяга брыгады”, “Новага рэчышча”, “Камсамольскага білета” і шматлікіх іншых паэтычных твораў, якія сталі залатым фондам нацыянальнай паэзіі. Дарэчы, у свой час вёску наведаў нават Міхаіл Гарбачоў.

Жыватворная студня

Звычайна мясцовасць дае назву нейкім прыродным з’явам. У нашым жа выпадку менавіта крыніца, што выбіваецца з-пад зямлі, дала назву бліжняй вёсцы — Студзянец. І гэта значыць, што пра тутэйшую гаючую ваду людзі ведалі значна раней, чым пачалі сяліцца тут.
Невыпадкова і вёска тут з’явілася. Як сведчыць паданне, крыніца выбівалася з-пад вялізнага стогадовага дуба. А на дрэве вісела ікона, нібы сведка таго, што вада гаючая. Пачалі людзі браць гэтую ваду. І многія пазбавіліся ад рознай немачы. Таму і назвалі крыніцу ля вёскі Студзянец Святой.
Існуе і яшчэ адно паданне аб сіле тутэйшай крынічнай вады. Яно не такое і даўняе, адносіцца да канца ХVІІІ стагоддзя. Паніч з роду Цеханавецкіх, што ўладарылі на гэтай зямлі, доўгі час не меў дзяцей. І тады на крыніцы прылюдна даў зарок: калі ў яго з’явіцца нашчадак, пабудуе над ёй капліцу. А пасля таго як нарадзіўся сын, абяцанне стрымаў. Капліцу асвяцілі ў дзень Святога Духа. Таму з таго часу менавіта на гэтае свята тут збіраецца шмат людзей.
У 30-я гады мінулага стагоддзя панскую капліцу спалілі. Спрабавалі засыпаць і крыніцу. Але вада кожны раз знаходзіла пуцявіну і прабівалася на паверхню. Цікавая гісторыя і дуба. Аднойчы ў яго вершаліну ўдарыла маланка, і волат стаў засыхаць. Але з-пад пня прабіўся новы парастак, які зараз вырас таксама ў сапраўднага волата.

Гістарычныя тайны нетраў

Здаецца, няма больш кансерватыўнай навукі, чым археалогія. У імя яе ўжо так распластаваны нетры зямныя, што ў іх не засталося жывога месца. Але археолагі робяць усё новыя і новыя адкрыцці.
Цікава, што першыя навуковыя звесткі з даўняй гісторыі Касцюкоўшчыны здабыў з зямных нетраў яе ўраджэнец, адзін з заснавальнікаў першабытнай археалогіі Беларусі Канстанцін Міхайлавіч Палікарповіч. Родам ён з тутэйшай вёскі Белая Дуброва. Ля гэтага ж паселішча больш як 80 гадоў назад Палікарповіч і раскапаў старажытнае гарадзішча, знайшоўшы вельмі каштоўныя для навукі прадметы ўжытку, жаночыя ўпрыгажэнні. Яны далі падставы меркаваць аб побыце, рамёствах продкаў, што жылі тут у каменным і раннім жалезным веку. Старажытнае гарадзішча на беразе Бесядзі ля Белай Дубровы і зараз не губляе свайго значэння для археалогіі. Кожная экспедыцыя сюды прыносіць новыя цікавыя гістарычныя знаходкі.

Параненая святыня

Даўняя легенда аб Святым возеры, што размешчана ў лясным гушчары непадалёк ад Бесядзі, пэўна, крыху перабольшвае яго грознасць і пустыннасць. Апавядае яна пра саперніцтва двух парубкаў за прыгажуню Хоцю (сцвярджаецца, што ад яе імя пайшла назва другога райцэнтра Магілёўшчыны — Хоцімска). Калі адзін з хлапцоў не змог перамагчы другога ў сумленным спаборніцтве, то забіў яго. На месцы пахавання юнака пабудавалі царкву. Праз стагоддзе гэтая царква правалілася пад зямлю, а на яе месцы ўтварылася возера. І ў возеры тым вада была цёмная, дна дасягнуць было немагчыма, нават ніякая рыба не вадзілася. І ні людзі, ні птушкі не насялялі яго берагі.
У наш час стаялі паблізу Святога возера вёскі. У цёплыя летнія дні гучалі тут людскія галасы, рыбакі скаланалі воды на лодках і чоўнах, дзятва плюхалася на цёплым мелкаводдзі. Было тут некалі любімае месца адпачынку. Аб тым, якая чыстая вада ў вадаёме, сведчыць хаця б тое, што і зараз тут шмат ракаў.
Цяпер людзям сюды шлях забаронены. Пасля буйнейшай тэхнагеннай катастрофы сучаснасці радыяцыйнае забруджанне на Святым возеры ў некаторых месцах у больш як 2,5 тысячы (!) разоў перавышае дапушчальнае. Шмат вучоных пабывала ў гэтых мясцінах, не адна доктарская і кандыдацкая дысертацыя абаронена імі. Спрабуючы выконваць навуковыя рэкамендацыі па дэзактывацыі тутэйшых вод, узімку сыпалі на азёрны лёд дзесяткі тон мінеральных тукаў, каб нейтралізаваць радыеактыўныя элементы. Аднак фон застаецца па-ранейшаму вельмі высокім. Таму і стаіць зараз у запусценні возера. Вёскі паабапал яго выселены, пуцявіны, што вялі да яго, параслі дзірваном і кустамі.
...Некалі, як сцвярджае тая ж легенда, на гэтыя мясціны з-за таго, што тут здзейснена такое каварнае злачынства, было накладзена пракляцце. І тэрмін спраўджвання яго вызначаны: праз сто гадоў. Спазнілася кара. Але ўсё ж адбылася.

Бацька паветранай пяхоты

Абрэвіятуру ВДВ (паветрана-дэсантныя войскі) і зараз той, хто ў іх служыў, “расшыфруе” як войскі дзядзькі Васі. І ў гэтым няма ніякага жарту. Бо сапраўды заснавальнікам сучасных паветрана-дэсантных войскаў па праву лічыцца амаль на працягу чвэрці стагоддзя іх былы глаўком Герой Савецкага Саюза генерал арміі Васіль Піліпавіч Маргелаў. Менавіта ў той час, калі ён узначальваў іх, тут была ўведзена новая тактычная дактрына баявых дзеянняў, пачало ажыццяўляцца дэсантаванне асабовага саставу разам з тэхнікай. Дарэчы, першым, хто апрабаваў дэсантаванне непасрэдна ў баявой тэхніцы, быў сын глаўкома, за што і атрымаў званне Героя Расіі.
Імя Маргелава вядомае. Але далёка не ўсе ведаюць, што жыццё гэтага военачальніка цесна звязана з касцюковіцкай зямлёй. Тут прайшлі яго дзіцячыя гады, тут скончана школа. Тут упершыню пайшоў працаваць у мясцовы лясгас. Адсюль пачаўся і ваенны шлях будучага глаўкома. І невыпадкова на галоўнай плошчы Касцюковічаў зараз побач з помнікам землякам-героям узвышаецца бюст генералу арміі В.П.Маргелаву.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter