Красуй, маё Палессе!

На паляшуцкi фестываль было дэлегавана болей за 600 артыстаў

Яго хараство на свае вочы пабачылі ўдзельнiкi i госцi I фестывалю этнакультурных традыцый “Клiч Палесся”, што прайшоў у аграгарадку Ляскавiчы Петрыкаўскага раёна

У зацверджанай вясной гэтага года дзяржаўнай праграме развiцця Прыпяцкага Палесся аб фестывалi “Клiч Палесся” не згадваецца. Мiж тым ужо з самага пачатку рэалiзацыi названай праграмы стала вiдавочным, што толькi фiнансавай падтрымкi (а ў блiжэйшыя пяць год на эканамiчны ўздым i сацыяльнае аздараўленне палескiх тэрыторый мяркуецца накiраваць каля 3,8 трыльёна рублёў, цi звыш мiльярда долараў ЗША) будзе недастаткова. На паверку ж высветлiлася: хаця беларускае Палессе i лiчыцца краем самабытным, пра яго яшчэ недастаткова ведаюць нават у нашай краiне. А значыць, неабходна па-дзяржаўнаму патурбавацца пра распаўсюджванне, захаванне i перадачу нашчадкам унiкальнага скарбу гэтых мясцiн — шматграннай самабытнай культуры палешукоў: iх фальклору, традыцый, абрадаў, рамёстваў, асаблiвасцей нацыянальнай кухнi... Менавiта на гэтай падставе дырэктарам Нацыянальнага парка “Прыпяцкi” Сцяпанам Бамбiзам сёлета ў лiпенi ўпершыню была агучана перад Прэзiдэнтам краiны (падчас яго вiзiту на Палессе) iдэя правядзення этнакультурнага фестывалю. Аляксандр Лукашэнка палiчыў прапанову слушнай i аддаў неабходныя даручэннi. Як усякую добрую справу, арганiзаваць мерапрыемства вырашылi не адкладваючы. Нягледзячы на даволi сцiслы час, а на падрыхтоўку маштабнага свята адводзiлася ўсяго каля двух месяцаў, сёння можна заключыць: фестываль атрымаўся змястоўна насычаным i, па сутнасцi, удалым. Хаця арганiзатары не ўтойваюць: нешта даводзiлася карэкцiраваць i дапаўняць “на маршы”. Як напрыклад, выставу рэгiянальных выданняў, ролю якiх у iнфармаваннi жыхароў Прыпяцкага Палесся, ва ўплыве на развiццё палескiх тэрыторый цяжка прыменшыць.

Болей за 600 лепшых артыстаў i столькi ж народных майстроў i рамеснiкаў дэле­гавалi на Петрыкаўшчыну 8 раёнаў Гомельшчыны i 3 – Брэстчыны, што знаходзяцца ў пойме Прыпяцi. Не абышлi гэты маштабны нацыянальны фэст сваёй увагай знакамiтыя землякi, прадстаўнiкi ўладаў i замежных дыпмiсiй, аператары турбiзнесу.

— Жыхары Палесся заўжды адрознiвалiся шчодрасцю i гасцiн­насцю, дабрынёй i працавiтасцю, — падкрэслiў, адкрываючы фестываль i вiтаючы яго ўдзельнiкаў i гасцей, прэм’ер-мiнiстр рэспублiкi Сяргей Сiдорскi. Кiраўнiк урада працытаваў класiка айчыннай лiтаратуры Iвана Мележа, якi пiсаў: “Гэта сапраўды цудоўны край, а яшчэ больш цудоўныя яго людзi – палешукi”. У гэтым, па словах прамоўцы, пераконвае i “Клiч Палесся”: мерапрыемства аб’яднала сапраўдных аматараў i знаўцаў народнай культуры з яе непаўторным каларытам i глыбокiмi традыцыямi...

Двух дзён, вядома, мала, каб раскрыць усю глыбiню паляшуцкай душы. Бо ў колькасцi адных толькi мясцовых дыялектаў, што гучалi ў гэты час на фестывальных пляцоўках Ляскавiчаў, блытаюцца нават лiнгвiсты. Мiж тым, i з гэтым не паспрачаешся, голас палешукоў (гучыць як поклiч продкаў), увесь каларыт iх жыццёвага ўкладу i культуры на фестывалi быў прадстаўлены спаўна. Сапраўдная вясёлка народных талентаў зiхацела i на асноўнай сцэне гарадскога пасёлка, i вакол яе. Выступленнi творчых калектываў, кiрмаш палескiх рамёстваў, прэзентацыi сялянскiх падворкаў, конкурсы рыбаловаў, паляўнiчых, кулiнараў... Адметная дэталь — у гэтыя днi Ляскавiчы “прыраслi” ў плошчы. Амаль на два кiламетры ад цэнтра уздоўж набярэжнай вырас новы этнаквартал. Дабрацца пешшу да ўскрайку яго ня­проста. Але транспартную праблему арганiзатары вырашылi паспяхова: конны дылiжанс за некалькi хвiлiн дастаўляў жадаючых у любы сялянскi падворак. Для прыхiльнiкаў жа сучасных падарожжаў па Прыпяцi ла­дзiлiся прагулкi на цеплахо­дзе i маторных лодках. Хаця матор для палешукоў, як высветлiлася, дэталь неабавязковая. У тым пераканалi мясцовыя майстры па вырабу лодак. Дубовым дзедаўскiм чоўнам, што сёння выходзяць з-пад iх рук, – плаваць па Прыпяцi век. Традыцыйныя аўтэнтычныя заняткi i рамёствы палешукоў, захаваныя ў гэтых мясцiнах у некранутым выглядзе, – бортнiцтва, ткацтва, ганчарная i кавальская справы, паляўнiцтва i рыбалоўства – дэманстравалiся ў дзясятках стылiзаваных падвор’яў. Разам з кiраўнiкамi ўрада i ганаровымi гасцямi карэспандэнт “Р” завiтаў у асобныя з iх. Шкада, што абмежаваная газетная плошча не дазваляе падрабязней расказаць пра выяўленыя тут сапраўдныя паля­шуцкiя дыяменты.

“Гэты падворак мой, карэннай па­ляшучкi Наталлi Прус!” – з прыгожым караваем сустракае ля брамкi прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага, кiраўнiка аргкамiтэта фестывалю вiцэ-прэм’ера Iвана Бамбiзу, старшыню Гомельскага аблвыканкама Аляксандра Якабсона i iншых шаноўных гасцей гаспадыня, а па сумяшчальнiцтву дырэктар Прудкоўскага дома культуры Мазырскага раёна. Па сiгналу кiраўнiка народнага ансамбля народнай песнi “Радунiца” Мiкалая Тураўца (ён, дарэчы, родам са сталiцы фестывалю Ляскавiчаў) наваколле напаўняюць бадзёрая музыка i вясёлы спеў (у праграме “Радунiцы” больш за 300 песень, жартаў i прымавак). Ды так, што ногi мiжволi пускаюцца ў скокi. А вабная гаспадыня тым часам знаёмiць гасцей са шматлiкай раднёй – сваiмi цёткай i дзядзькам, умельцамi лоза- i саломапляцення Мiкалаем i Яўгенiяй Курмазамi, сяброўкамi Галiнай Мартынкоўскай i Жанай Агароднiк – выдатнымi майстрамi мастацкай вы­шыўкi. Тут жа быў праведзены адмысловы майстар-клас. “Залацiнка” ж падворку – выстава рэканструяваных жаночых касцюмаў традыцыйнага мазырска-тураўскага строю. А на развiтанне мазыране частуюць гасцей каўбаскамi буль­бянымi i мяснымi, пальцам пiханымi, кумпячком, часнаком верчаным... I, вядома ж, непаўторнай палескай медавухай...

Вобразна кажучы, не ўдарылi тварам у гразь ляльчане, што перанялi ўмоўную эстафету ад суседзяў. Не падвялi нi сваё раённае начальства, нi знакамiтага госця-земляка (нарадзiўся ў вёсцы Тонеж. – М. Ж.) Мiхася Дрынеўскага, кiраўнiка Нацыянальнага акадэмiчнага народнага хору iмя Цiтовiча. Гэты калектыў, як, дарэчы, i iншыя вядомыя прафе­сiяналы сцэны – Бела­рускi дзяржаўны ансамбль “Песняры”, гурт “Палац”, на фестывалi чарговы раз “запальвалi” залу сваiм блiскучым выступленнем. Лельчыцкi край багаты на старажытныя абрады, сярод якiх “Ваджэнне Маi” i прадэманстраваная падчас адкрыцця фэсту артыстамi фальклорнага ансамбля “Пралеска” з Дзяржынскага СДК “Жа­нiцьба комiна”. У лельчыцкiм падворку больш кiравалiся прынцыпам: “Лепш раз па­спрабаваць, чым сто – пачуць”. Тутэйшая гаспадыня Таццяна Касцюкевiч, не раздумваючы, запрасiла кiраўнiка ўрада ўзгадаць заняткi продкаў на практыцы: дапамагчы абмалацiць жытнёвыя снапы. I Сяргей Сiдорскi ўзяўся за цэп. Атрымалася, па агульным меркаваннi, няблага...

Цi спрабавалi вы кумпячок, у хлебным цесце запечаны? А марынаваную слiву з часнаком да яе ў якасцi прыправы? Пра варэнiкi з iгрушамi або ягадную кулагу чулi? Калi не, значыць, не завiтвалi на фестывалi да ельскiх кулi­нараў Людмiлы Лось i Таццяны Федзюкевiч, якiя шчодра частавалi ўдзельнiкаў фэсту рознай смакатой, па бабу­лiных рэцэптах прыгатаванай. Лунiнецкая сядзiба гасцiнна запрашала фестывальшчыкаў на старажытны цiкавы абрад “З ралцэм” (праводзiцца ў гэтых мясцiнах на Вялiк­дзень. – М.Ж.).

— Якi ж абрад без парасяцi малочнага, па-палеску замарынаванага, антонаўкай нацёртага ды на ражне цалкам запечанага?! – даводзiлi гасцям дырэктар фiлiяла “Грамадскае харчаванне” Валян­цiна Швед i повар Васiль Варонiч, паварочваючы на агнi падсмажанага “пятачка”.

...Кожны палескi раён знайшоў чым здзiвiць. Пiнчукi, да прыкладу, у фестывальным горадзе этнаграфiчны музей пад адкрытым небам нала­дзiлi. Прайсцi мiма абыякавым не ўдасца. Хаця для аптымiстак бабуль, удзель­нiкаў народнага калектыву “Дабраславачка”, прадэманстраваная iмi спрадвечная справа палешукоў – церцi, трапаць лён, вычэсваць ку­дзелю, ткаць непаўторныя сялянскiя рэчы – звыклая. Словам, сумаваць у пiнскай хаце не даводзiлася нiкому. Як дарэчы, i ў Талашовай, змайстраванай i аздобленай у старых традыцыях гаспа­дарамi свята — петрыкаў­чанамi...

У гэтым рэчышчы, заўважым, i нарадзiлася падчас фестывалю iдэя стварыць у Ляскавiчах цi iншай мясцiне Петрыкаўшчыны этнаграфiчную палескую вёску, дзе можна будзе не толькi сузiраць жыццё, якiм жыў раней тутэйшы люд, але на нейкi час насамрэч стаць палешу­камi. I гэта не адзiная са слушных прапаноў, што паступiлi ўжо ў скарбонку аргкамiтэта фестывалю i, на погляд арганiзатараў, дазволяць больш якасна падрыхтаваць наступны (этнакультурны фэст мяркуецца зрабiць традыцыйным). “Клiч Палесся” (у ары­гiнале – назва “Зов...”, якая, на агульную думку, не вельмi стасуецца з асноўнай мэтай — прапагандай беларускiх этнакультур) абяцае стаць лакаматывам развiцця турыстычнай галiны рэгiёну. Ён атрымае больш прадметную навуковую “падпiтку”. Пашырыцца i iнфармацыйная падтрымка мерапрыемства, да гэтай справы мяркуецца далучыць журналiстаў з суседнiх Украiны i Расii. Зрэшты, i гэта яскрава даказваў на сцэне ганаровы ўдзельнiк першага фестывалю “Клiч Палесся” Нацыянальны акадэмiчны народны хор Украiны iмя Вяроўкi, фестываль зрабiў сур’ёзную заяўку, каб стаць мiжнародным: у суседзяў жа таксама ёсць сваё Палессе. Што ж да завершанага мерапрыемства, то, нягледзячы на свой юны “ўзрост”, яно ўжо мае свае традыцыi. Пасаджаны на беразе канала ў Ляскавiчах дуб – пачатак будучай фестывальнай алеi. Ды i сам выбар пароды дрэва глыбока сiмвалiчны: палескаму фестывалю прадказваюць доўгае i цiкавае жыццё...

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter