Палац Незалежнасці стаў неад’емнай часткай вялікай палітыкі

Красамоўны сімвал

Гэты грандыёзны комплекс быў задуманы ў 2011-м як афіцыйная цырыманіяльная пляцоўка краіны. У кастрычніку 2013 года ён расчыніў дзверы для першых наведнікаў — удзельнікаў пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. І з тае пары Палац Незалежнасці стаў неад’емнай часткай вялікай палітыкі. Не толькі беларускай, але і сусветнай.



 На свае вочы ўбачыць вядомыя па кадрах афіцыйнай хронікі памяшканні, прайсці па калідорах, якія ўсяго за два гады сталі гістарычнымі, новай рабочай рэзідэнцыі Прэзідэнта — гэта на самай справе незабыўна. Дотык да жывой гісторыі, калі хочаце, неперадавальнае адчуванне дачынення да падзей сусветнага маштабу і значэння. Нядаўна ў Палацы Незалежнасці прайшла шырокая і вельмі пазнавальная экскурсія для заслужаных людзей нашай краіны — членаў Савета старэйшын пры Мін­аблвыканкаме, ганаровых грамадзян Мінскай вобласці, значных прадстаўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскасці. Уражанні ды эмоцыі наведнікаў ёміста выказаў ветэран працы, Герой Беларусі Павел Марыеў:

— Сваёй урачыстасцю гэты палац узнімае настрой. А той факт, што тут праходзілі падзеі планетарнага маштабу — засядала нармандская чацвёрка, якая шукала шляхі ўсталявання міру ва Украіне, — гаворыць і зусім пра асаблівую значнасць гэтага месца. Гэта — дастойны сімвал дастойнай краіны.


Тэма лютаўскай сустрэчы кіраўнікоў Расіі, Германіі, Францыі ды Украіны ўспаміналася не раз. Яшчэ б: для Палаца Незалежнасці яна стала не проста знакавай, але і легендарнай. І зрабіла раптоўна знакамітай і вельмі папулярнай тую самую круглую Зялёную залу, у якой ішлі беспрэцэдэнтныя па напружанні і значнасці 15-гадзінныя перагаворы. З цяжкасцю адрывае погляд ад выставы карцін, падораных Аляксандру Лукашэнку кіраўнкамі замежных дзяржаў, старшыня Сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Агракамбінат Сноў” і член Савета Рэспублікі Мікалай Радаман. У самім факце падобных экскурсій у Палац Незалежнасці ён бачыць глыбокі сэнс:

— Гэта ж не проста дзяржаўнае і гістарычнае месца. Гэта яшчэ і жывое ўвасабленне дасягненняў нашых праектантаў і будаўнікоў, мэбельшчыкаў і дызайнераў. Гэты будынак наглядна дэманструе поспехі сучаснай Беларусі.


І на самай справе. Зручныя палацавыя крэслы зроблены майстрамі “Пінскдрэва”. Канапы тут маладзечанскія, сталы — бабруйскія. Велічэзныя бліскучыя люстры — ад лідскага “Каскада”. Усё гэта і паасобку, і ў сукупнасці гаворыць пра нацыянальную самабытнасць як самога палаца, так і праводзімай у ім унутранай палітыкі. Вольга Даргель, якая ўзначальвала ў 1994-2001 гадах Міністэрства сацыяльнай абароны, іншых слоў і не змагла знайсці:

— Тут усё настолькі ўражвае, што проста не перадаць. У Беларусі павінна было з’явіцца нешта падобнае. Таму што гэта не проста будынак. Гэта — яркі нацыянальны сімвал нашай дзяржаўнасці.

Дзмітрый Кротаў

Фота "СБ"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter