У Мінску прайшла XIХ Міжнародная выстава “СМI ў Беларусi”, якая была прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне

Красамоўнасць даходлівага слова

У Мінску прайшла XIХ Міжнародная выстава “СМI ў Беларусi”, якая была прысвечана 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне


Тэма выставы прасочвалася ўсюды. Пачынаючы з кветак Вялікай Перамогі — сімвалічнага знака, які з гонарам прышпільвалі наведвальнікі. Са спецыяльнага стэнда “Зямны паклон вам, ветэраны!” на экспазіцыі Беларускага тэлеграфнага агенцтва, там можна было напісаць свае пажаданні ветэранам. Многія запісы зроблены мілым дзіцячым почыркам: “Вялікі дзякуй, што вы абаранялі нашу зямлю!” На стэндзе Гомельскай вобласці — фотапраект “70 гадоў — 70 твараў”, дзе абліччы тых, хто падарыў Перамогу, вылучаюцца сваёй значнасцю і мудрасцю.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця выставы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі зачытаў прывітанне Прэзідэнта. У ім гаварылася, што гэтае мерапрыемства з’яўляецца яркай і маштабнай падзеяй у жыцці медыйнай супольнасці, своеасаблівым прафесійным і творчым іспытам для прадстаўнікоў журналісцкага корпуса.

Намеснік Прэм’ер-міністра Наталля Качанава, якая прыняла ўдзел у адкрыцці выставы, падкрэсліла:

— Кожнаму грамадзяніну важна захаваць памяць пра герояў вайны, удзячнасць старэйшаму пакаленню і зрабіць усё, каб падобнага больш не дапусціць.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч нагадала:

— Дэвіз выставы: “Слова на службе міру і стварэння”. У гады найцяжэйшых выпрабаванняў, калі Беларусь-партызанка ваявала з фашызмам, слова кавала перамогу, у падполлі, партызанскіх атрадах выдавалася 162 газеты.

Выстава даўно стала падзеяй міжнароднай. Акрамя беларускіх СМІ, у ёй прымалі ўдзел госці з Расійскай Федэрацыі, СНД, Кітая, Венесуэлы, Кубы, іншых краін. На форуме даўно на роўных з друкаванымі прадстаўляюць свае дасягненні СМІ электронныя. І, вядома, гэта выдатная магчымасць для журналістаў, рэдактараў, стваральнікаў інтэрнэт-парталаў абмяняцца досведам, даведацца пра нешта новае. А яно ўзнікае бесперапынна ў пастаянна зменлівай інфармацыйнай прасторы. Кожны год — новае слова ў тэхналогіях. І гэта нядзіўна, бо за валоданне інфармацыяй, за ўплыў на масавую свядомасць сёння вядзецца сапраўдная інфармацыйная вайна. У дыскусіях, якія прайшлі падчас выставы, гаварылі пра новыя тыпы кантэнту, шляхі вырашэння пытанняў па арганізацыі вяшчання праз новыя каналы перадачы інфармацыі, стылістычную спецыфіку анлайн-журналістыкі. І, вядома, важнейшая тэма — праўдзівае асвятленне падзей Вялікай Айчыннай вайны, адпаведнасць работы журналістаў несастарэламу дэвізу “Ніхто не забыты, нішто не забыта”.

Лілія Ананіч лічыць форум знакавым:

— У ім прымалі ўдзел больш за 400 друкаваных СМІ, тэлеканалаў з розных краін. Выстава паказала, як дынамічна развіваюцца СМІ ў Беларусі. У нас зарэгістравана 1.573 друкаваныя выданні, з іх дзяржаўных — менш за 27 працэнтаў. Пашыраецца рэгіянальнае тэлебачанне, з’яўляюцца недзяржаўныя тэлеканалы.

Міністр асабліва падкрэсліла, што нацыянальныя СМІ па ўзроўні даверу апярэджваюць замежныя:

— Значыць, нам ёсць што прад’явіць грамадству і дзяржаве, але разам з тым у нас павінен быць клопат пра якаснае прырастанне нацыянальнай інфармацыйнай прасторы.

На цяперашнім форуме не толькі традыцыйна падвялі вынікі нацыянальнага конкурсу “Залатая літара”, але і ўпершыню ўручылі ўзнагароды пераможцам творчага спаборніцтва “Фота Беларусі”, у якім прынялі ўдзел больш за 500 фатографаў.

Барыс Святлоў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter