Краіна замкаў. У якіх ваколіцах вандроўніку шукаць эксклюзіўную экзотыку

Рамантычны вобраз Беларусі як краіны замкаў увёў нехта з пісьменнікаў. Аднак калі ўважліва прыгледзецца, то акажацца, што сярэдневяковых мураў, куды варта звазіць дзяцей, гасцей, няма ні на Гомельшчыне, ні на Магілёўшчыне, ні нават у “бацьку” нашых гарадоў — Полацку. Крэпасці, авеяныя легендамі, — гэта выключны здабытак Гродзеншчыны, яе эксклюзіў, экзотыка. І невыпадкова менавіта туды накіроўваецца большасць экскурсійных аўтобусаў.

Палёт фантазіі ў Мір

Найперш, вядома, ваяжы арганізуюцца ў Мір — да замка, збудаванага ў XVI стагоддзі і вядомага на ўвесь свет дзякуючы прыналежнасці да Спісу сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Я ўжо не памятаю, колькі разоў бываў у гэтым незвычайным месцы, але кожная сустрэча з гатычнай крэпасцю для мяне — як першая. У нашай краіне няма помнікаў дойлідства, якія валодалі б такой прывабнасцю, як гэты велічны комплекс з вузкімі вінтавымі вежамі ў мурах, падземнымі хадамі і аўрай даўно мінулага часу. Замак захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе, таму ён выгадна вылучаецца на фоне іншых аналагаў. Работа рэстаўратараў непрыкметная: адноўленыя фрагменты страчанага выглядаюць як прафесійны макіяж, які не змяняе сапраўднага аблічча шэдэўра. Да таго ж Мірскі замак звязаны з легендарнымі Радзівіламі, і гэта яшчэ адзін плюс у шэраг прычын яго папулярнасці.
У Міры, бадай, самая адладжаная турыстычная інфраструктура. Калі яшчэ некалькі гадоў таму тут было праблематычна падсілкавацца, набыць сувеніры, то цяпер вакол крэпасці ідзе бойкі гандаль і хлебам надзённым, і духоўным у некалькіх пунктах: кафэ, рэстаранах, лаўках. Не з’яўляецца праблемай наведванне прыбіральні, якая “ўманціравана” ў былыя абарончыя валы замка. А раней жа ўсе хадзілі “за вугал”...
Турысту важны не толькі цікавы гістарычны аб’ект і добрае харчаванне, але і агульны антураж таго месца, куды ён трапіў. Мястэчка Мір захавала забудову даваеннага часу і можа служыць узорам таго, у якім асяроддзі жылі нашы продкі крыху больш за паўстагоддзя таму. У цэнтры гарадка размешчаны гандлёвы пляц, абапал яго касцёл і царква, навокал — мора жылых дамоў: бліжэй да плошчы — мураваныя асабнякі купцоў, далей — драўляныя хаціны астатніх мяшчан. А гатычны замак — гэта такая жамчужына, якой не можа пахваліцца кожны горад бацькаўшчыны, аднак сярод складнікаў вобразу ідэальнага “беларускага сусвету” сярэдневяковая крэпасць (ды яшчэ са зданню!) з’яўляецца абавязковым атрыбутам. Таму Мір у нейкай ступені можа лічыцца “пупам” краіны замкаў, нашай радзімы часоў Скарыны і Радзівілаў. Па казку пра залаты век, які нібыта існаваў у даўнія часы, трэба ехаць сюды і толькі сюды. Для аматараў фантазіі тут знойдзецца вялікі разгон.

Новы год з князем Вітаўтам

З Міра дарогі вядуць у розныя бакі. Але куды ні руш, заўсёды прыбудзеш у нейкую незвычайную мясціну. Прычым гісторыя гэтага месца абавязкова будзе звязана з эпохай Вялікага княства Літоўскага. У такой тэматычнай спецыфіцы і заключаецца асаблівасць Гродзеншчыны. Так, у Гродне захавалася царква XII стагоддзя, гэта значыць часоў Старажытнай Русі. Сляды той даўняй культуры, якая аб’ядноўвае продкаў беларусаў, украінцаў і расіян, знойдзены ў Навагрудку, Слоніме, Ваўкавыску. Але — пад зямлёй. І тое, што бачылі археолагі, паўстане перад вачамі турыстаў у лепшым выпадку ў краязнаўчым музеі ў выглядзе лічаных артэфактаў. А на паверхні жывуць сучасным жыццём дзве эпохі — ВКЛ і СССР. Апошняя эпоха тут малаактуальная. Таму ўсе турфірмы арганізуюць падарожжы пераважна па тэматыцы, звязанай з “вялікакняжацкімі” рэаліямі.
Напрыклад, фірма пад красамоўнай назвай “Краіна замкаў” прэзентавала нядаўна анімацыйную экскурсію “Каляды і Новы год з князем Вітаўтам”. Кіраўнік фірмы Аляксандр Варыкіш адзначае, што Вітаўт у сваім жыцці быў цесна звязаны з Гроднам і ўсім наваколлем. Гэту зямлю ён атрымаў у спадчыну, і невыпадкова яму належыць пабудова мураванага Старога замка, які да нашага часу захаваўся ў абласным цэнтры.
Новая экскурсія дазволіць цяперашнім беларусам адчуць сябе колішнімі ліцвінамі. Зімовыя святы ў сярэднявечнай традыцыі мелі глыбокі рэлігійны падтэкст. Таму пастаноўшчыкі анімацыі вырашылі, што месца Дзеда Мароза павінен заняць святы Мікалай, якога нашы продкі чакалі на Каляды. У час вандроўкі разыгрываецца шоу, у якім Вітаўт збірае харугву з удзельнікаў экскурсіі, каб спыніць крыжакоў, што жадаюць дапусціць прыход святога Мікалая. Затым наступае кульмінацыйная падзея анімацыі — штурм замка крыжакоў. Пасля перамогі адзначаецца прыход зімовых свят: удзельнікі экскурсіі частуюцца нацыянальнымі стравамі, слухаюць сярэднявечную музыку і развучваюць танцы таго часу.
У гэтай экскурсіі не “ўдзельнічаюць” замкі. Дзіўна? Не. Прафесійныя экскурсаводы стараюцца паказаць сваім кліентам не толькі крэпасці, але і “глухія” гарадкі, вёскі, каб прадэманстраваць іх былую веліч і падкрэсліць: сучасная правінцыя калісьці была культурным плацдармам краіны. І, дарэчы, такія гістарычныя “паходы” на Гродзеншчыну амаль заўсёды праходзяць праз Міншчыну — сумежныя раёны маюць вельмі шмат агульнага ў культуры, а “стрыечны брат” Міра — Нясвіж акурат належыць да Мінскай вобласці. Таму тэндэнцыя развіцця турызму накіравана на паўночны захад, але не можа абысціся без уключэння ў маршруты іншых рэгіёнаў.

Дзе ажываюць легенды

Калі раней мэтай падарожніка было ўбачыць — нарэшце, пасля многіх “чутак” ад знаёмых — замкі ў Навагрудку, Любчы, Гальшанах, вялікакняжацкія цытадэлі ў Лідзе і Крэве, то цяпер на месца “замкавай” рамантыкі прыйшла “местачковая”. Распрацавана мноства маршрутаў, якія вядуць па вясковых дарогах з заездамі ў забытыя Богам паселішчы. Адно з маіх першых падарожжаў па Гродзеншчыне адбылося ў Іўеўскі раён і сумежныя з ім. Само Іўе, дзе захавалася адна з нямногіх у краіне татарскіх мячэцяў, ашаламіла і тым, што там жа стаяць некранутыя часам цудоўны касцёл і запусцелая, але цэлая сінагога. Вось ён — эксклюзіў! І там жа, на вуліцы, гучыць жывая беларуская мова.
Трапляючы на Гродзеншчыну, гарадскі жыхар не толькі адкрывае для сябе спадчыну велічнай эпохі ВКЛ, але і чуе ўпершыню чыстую беларускую мову, якая гучыць з вуснаў і паштаркі ў Гальшанах, і прадаўшчыцы піражкоў на лідскім аўтавакзале. Экзотыка, не іначай!
Гэта сёння ўсе, мабыць, чулі пра вёску з прыгожай назвай Жамыслаўль, дзе стаіць палац графаў Умястоўскіх, які ледзь не быў аддадзены задарма ў прыватныя рукі. А яшчэ пяць гадоў назад сюды толькі пракладваліся першыя сцежкі — і не саліднымі турфірмамі, а аматарамі старасвеччыны з універсітэта культуры. Гэтыя ж знаўцы гістарычных шляхоў у свой час адкрылі мне мястэчка Геранёны. Даволі непрыкметнае паселішча на самай мяжы з Літвой мае ўсе падставы стаць знакамітым, як і ў мінулыя вякі. Бо ўсе мы слухаем легенду пра Барбару Радзівіл, стоячы ў двары Нясвіжскага замка. Але ж у Нясвіжы Барбара ніводнага разу не была! А жыла яна акурат у Геранёнах. Ад яе палаца засталася, на жаль, толькі крушня па пагорку, зарослая хмызняком. Між тым ацалеў стары касцёл, які, магчыма, памятае пра незвычайную жанчыну.

Вакол свету... па Радзіме

Экскурсавод кампаніі “Віяполь” Анатоль Варава з 70-х гадоў возіць турыстаў па Гродзеншчыне. З таго часу ў яго нарадзіліся дзесяткі маршрутаў, а пералік некаторых з іх ужо змушае задумацца: можа, варта найперш праехацца гэтымі шляхамі, а ўжо пасля “штурмаваць” замкі Чэхіі і Луары?
“Дойлідства Налібоцкага краю” — чулі пра такі куточак? А гэта і Гальшаны, і Крэва, і некалі вялікі манастыр у Барунах. Пакланіцца іконе Жыровіцкай Божай Маці, наведаць храмы Слоніма — сюды Варава вазіў вандроўнікаў яшчэ ў атэістычныя часы і змагаўся з райкамаўскімі пільнымі цёткамі, якія складалі спісы “нядобранадзейных” наведвальнікаў “устаноў культу”.
З чым асацыіруюцца ў вас Кушляны? Слушна, з бацькам навачаснай айчыннай літаратуры Багушэвічам. А Солы? Тут у 1917 годзе было падпісана пагадненне паміж ленінскім урадам і нямецкімі войскамі аб перамір’і. Гервяты? Тут востраў беларускіх літоўцаў і адзін з найпрыгажэйшых неагатычных касцёлаў, кажуць, нават самы высокі. Варняны? Магчыма, імя мястэчка не ўсім пра нешта паведаміць. Але тут захавалася першая плошча ў духу сучасных шырокіх пляцаў, выбрукаваная яшчэ больш як дзвесце гадоў таму, калі гарады былі цесныя, а тут панаваў прастор. Магчыма, калісьці гэта і сапраўды была самая прасторная плошча ў краіне. А ўздоўж пляца і цяпер красуюцца дамы, аптэка XVIII стагоддзя, у галаве ансамбля — белы касцёл. Тут час спыніўся, гісторыя застыла. А Варава аб’яднаў незвычайныя мясціны ў адзін ланцуг і возіць суайчыннікаў у, як ён назваў маршрут, “Астравецкую кругасветку”.
“Пад зоркай Навагрудка” Анатоль Георгіевіч ад Міра да Іўя праз Навагрудак, возера Свіцязь чытае вершы Адама Міцкевіча, тутэйшага ўраджэнца. А цяпер тымі ж шляхамі кіруюцца аўтобусы і многіх іншых турфірм. Дарога пракладзена — грэх не пракаціцца.

Аўгустоўскі цеплаход да Друскенік давязе?

Калі пралягуць турыстычныя маршруты паміж Гродзеншчынай і суседнімі краінамі Еўрасаюза, на што вельмі спадзяюцца і вандроўнікі, і кіраўнікі экскурсійных бюро? Невядома. Граніца ж... Візы... Аднак беларускі рэгіён звязаны з суседнімі польскімі і літоўскімі землямі агульнай спадчынай і ў перспектыве можа ўвайсці ў вялікі еўрапейскі маршрут, як аб’ядналіся ў адно цэлае між сабою блізкія тэрыторыі Чэхіі, Аўстрыі і Германіі (Прага, Вена і Дрэздэн цяпер прапануюцца на рынку як адзіны “прадукт”).
Але пакуль спецыялісты абмяркоўваюць магчымасць пуску цеплахода паміж Гроднам і літоўскім курортам Друскінінкай, трэба, як кажуць, браць тое, што даюць. А пад бокам — Аўгустоўскі канал.
Бадай, найбольш незвычайны маршрут на Гродзеншчыне пралягае па канале. Тут курсіруе цеплаход “Нёман”, які можа прыняць на борт паўсотні пасажыраў за раз. Праз Гродна па Нёмане плавае цеплаход “Вольга Саломава”. Сышоўшы на бераг, трапіш у атмасферу, якая не паўтараецца больш нідзе, апрача хіба толькі прыбалтыйскіх краін. Горад на вялікай рацэ зачароўвае касцёламі, замкамі, пакручастымі вулачкамі, дый назвы гэтых вуліц нестандартныя: Вялікая Траецкая, Дамініканская, гучаць водгаласам сівой даўніны плошча Тызенгаўза, вуліца Давыда Гарадзенскага. А Гродна ж яшчэ называюць каралеўскім горадам, бо апрача Вітаўта яго шанавалі сваёй прысутнасцю і такія славутыя манархі, як Стэфан Баторый, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, тут збіраліся на пасяджэнні дэпутаты парламента Рэчы Паспалітай. Экскурсаводы абавязкова нагадаюць, што па гродзенскіх вуліцах хадзілі Эліза Ажэшка, класік сусветнай літаратуры, Людвік Заменгоф, стваральнік мовы эсперанта... Здаецца, усё гэта абавязкова трэба не толькі пачуць, але і пабачыць на свае вочы. Пакуль яшчэ гродзенскі брук не замяло снегам — ёсць шанц прайсці па яго камянях і пачуць грукат сэрца “каралеўскага горада”. Едучы па дарозе з Мінска, Віцебска, Гомеля, пазнаёмцеся заадно і з экзотыкай іншых куткоў “краіны замкаў”.

Галіна ПАТАЕВА, кандыдат геаграфічных навук, дырэктар турыстычнай кампаніі “Віяполь”:

 “Яшчэ з савецкіх часоў Гродзеншчына — ідэальнае месца для падарожжаў”

Галіна Рамуальдаўна ў турызме з 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Адна з першых яе вандровак па Беларусі была на Гродзеншчыну — у велічны Мір, які тады яшчэ не быў адрэстаўрыраваны, “выгладжаны”, як сёння. Але і цяпер, арганізуючы маршруты па радзіме для суайчыннікаў і гасцей з-за мяжы, спадарыня Патаева ў першую чаргу кіруе свой погляд на славутыя мясціны захаду краіны.

— З пункту гледжання наладжанасці інфраструктуры гэта самы развіты рэгіён. Таму, бадай, яшчэ з савецкіх часоў Гродзеншчына лічыцца ідэальным месцам для падарожжаў. Вельмі важна, што тут дагледжаныя цэнтры гарадоў, нават вясковыя храмы захаваліся ў эпоху атэізму ад разбурэнняў.
— Падарожнікі найчасцей скардзяцца на тое, што ўздоўж дарог няма туалетаў, кавярань. Як вы ацэньваеце з гэтага боку трасы Гродзеншчыны?
— На жаль, з туалетамі дрэнна пакуль што паўсюль у Беларусі, натуральна, калі параўноўваць з Парыжам. Зрэшты, дастаткова за сто кіламетраў ад Мінска пабудаваць стаянку з платнымі грамадскімі прыбіральнямі на 10 месцаў (6 для жанчын і 4 для мужчын) — і праблема ў значнай ступені была б вырашана. Бо разлічана, што праз паўтары-дзве гадзіны язды людзям трэба прыпыніцца для адпачынку і вырашэння сваіх асабістых пытанняў. Аднак, нават нягледзячы на гэта, калі б я выбірала адну-адзіную вобласць, куды з гонарам адпраўляла б турыстаў, я выбрала б менавіта Гродзеншчыну.
— Што яшчэ трэба ўдасканаліць у сферы абслугоўвання?
— У адрозненне ад некаторых іншых куткоў краіны у мястэчках Гродзеншчыны ёсць магчымасць заказаць абеды для вандроўнікаў. Бо дагэтуль, бывае, сутыкаешся з такой праблемай у многіх рэгіёнах, дзе адзіны на пасёлак рэстаран зачынены, бо там — “спецабслугоўванне”: вяселле або харчуюцца госці якога-небудзь з’езда. А цяпер турыст ужо не той, што раней: яму браць з сабой бутэрброд нязручна. Ён аддае перавагу камфорту і магчымасці падсілкавацца ў кавярні. Прычым, што важна: людзі хочуць “этнаграфічнасці” ў ежы — нейкіх спецыфічных мясцовых страў, не “общепитовского” меню, а хаця б нашых простых, але сытных баршчу, дранікаў, смятаны.
— Якія мясціны, на вашу думку, яшчэ трэба добраўпарадкаваць, каб зрабіць больш прывабнымі для турыстаў?
— Першачарговай задачай я лічу рэстаўрацыю сінагогі ў Слоніме. Унікальны будынак XVII стагоддзя як стаяў у аварыйным стане з пасляваенных часоў, так і застаецца недагледжаным. Аднак я не хачу сказаць, што ўвесь цяжар гэтай работы павінен легчы толькі на мясцовыя ўлады. Адважуся кінуць кліч калегам па турбізнесе сабрацца на суботнік у Слоніме, каб разам дапамагчы справе ўратавання помніка архітэктуры.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter