Краіна скарбаў

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава скарбаў

Амаль у кожнай беларускай вёсцы існуе паданне аб закапаным недзе недалёка багацці. I многія з легендаў небеспадстаўныя...

Беларусь называюць краінай скарбаў. Сапраўды, нашы землі багатыя на знаходкі грашовых комплексаў і адзінкавых манет. Менавіта тут знаходзяць скарбаў амаль не болей, чым ва ўсёй Еўропе. Практычна ў кожнай вёсцы існуе паданне аб закапаным недзе недалёка багацці, аб «заклятых скарбах».

І многія з легендаў маюць рэальныя абгрунтаванні…

Як паведамілі «Р» у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі нашай Бацькаўшчыны знойдзена больш за тысячу скарбаў. Найбольш частай знаходкай становяцца скарбы манетныя — грашовыя зберажэнні, якія былі схаваныя іх уладальнікамі ў моманты небяспекі. Багацце беларускай зямлі на старажытныя каштоўнасці тлумачыцца яе складанай і трагічнай гісторыяй — тут пралягло мноства гандлёвых шляхоў, адбылася бясконцая колькасць войнаў, перадзелаў межаў. Скарбы — матэрыяльныя сведчанні гістарычных падзей і працэсаў, важныя навуковыя крыніцы. Яны дапамагаюць даведацца пра грашовую сістэму краіны, яе законы і эвалюцыю, а таксама распавядаюць аб міжнародных і ўнутраных кантактах у эканоміцы, палітыцы і культуры.

У калекцыі Нацыянальнага гістарычнага музея сёння захоўваецца 117 скарбаў, якія адлюстроўваюць гісторыю гандлёва-эканамічных зносін і грашовага абарачэння на беларускіх землях ад часоў рымскіх уплываў III—IV стст. да пачатку ХХ ст. Многія з гэтых артэфактаў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны.

11 студзеня ў музеі адкрылася выстава «Скарбы Беларусі». На ёй прадстаўлены манетныя і манетна-рэчавыя комплексы розных катэгорый і практычна ўсіх гістарычных эпох: найбуйнейшы ў краіне дэпазіт рымскіх дынарыяў III—IV стст.; скарб ювелірных упрыгажэнняў VІ—VII стст. з гарадзішча «Выспянская гара»; манетна-рэчавы скарб канца ІХ ст. з Брылёўскага поля, які быў схаваны ў месцы старажытнай пераправы ў якасці ахвярапрынашэння; знакаміты «Пояс Вітаўта»; манетныя скарбы з вёскі Самаравічы (пачатак XVIII ст.) і са Слуцка (пачатак 1910-х гг.); мінскі манетна-рэчавы скарб канца 1910-х гг. і іншыя.

---------------------------------------

Цікава ведаць

Паводле падлікаў археолагаў, за ўвесь час існавання чалавецтва ў зямлю было закапана каля 300 тысяч тон золата і больш як 2,5 мільёна тон серабра. І калі ўсе гэтыя багацці знайсці, то на кожнага чалавека на планеце прыйдзецца па 60 грамаў золата і 400 грамаў серабра. Улічваючы канцэнтрацыю каштоўных знаходак у Беларусі, можна з упэўненасцю сказаць, што мы літаральна ходзім па скарбах!

Паводле падлікаў археолагаў, за ўвесь час існавання чалавецтва ў зямлю было закапана каля 300 тысяч тон золата і больш як 2,5 мільёна тон серабра. І калі ўсе гэтыя багацці знайсці, то на кожнага чалавека на планеце прыйдзецца па 60 грамаў золата і 400 грамаў серабра. Улічваючы канцэнтрацыю каштоўных знаходак у Беларусі, можна з упэўненасцю сказаць, што мы літаральна ходзім па скарбах!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter