Беларусь адыгрывае важную ролю ў захаванні стабільнасці ў рэгіёне

Краіна і мір зрабіліся сінонімамі

Беларусь адыгрывае важную ролю ў захаванні стабільнасці ў рэгіёне


Глабальная эканамічная турбулентнасць і геапалітычныя штормы, якія ўзнікаюць час ад часу, мімаволі прымушаюць задумацца пра тое, як выстаяць нам у гэтай рэальнасці, захаваць краіну і ўмацаваць яе незалежнасць. Менавіта таму на Усебеларускім народным сходзе вельмі важна было прааналізаваць тэндэнцыі сусветнай палітыкі і дакладна вызначыць асноўныя прыярытэты знешнепалітычнай стратэгіі Беларусі.



За мінулыя пяць гадоў свет вакол нас значна змяніўся. Але нязменнымі засталіся нашы прынцыпы і абавязацельствы перад партнёрамі. Мы не кідаліся ў сваіх перавагах, нікому не здраджвалі, ні да кога не паддобрываліся, адкрыта і сумленна фармулявалі сваю пазіцыю з міжнародных трыбун, выступаючы за справядлівы светапарадак. І пры гэтым, вядома ж, не забывалі пра свае нацыянальныя інтарэсы. Такую прынцыповасць па заслугах ацанілі ў сусветнай супольнасці. Невыпадкова Мінск быў вылучаны ў якасці пляцоўкі для перагавораў па сітуацыі ва Украіне. Менавіта тут, у цэнтры Еўропы, у лютым 2015 года пасля напружанага 16-гадзіннага дыпламатычнага марафона лідары “нармандскай чацвёркі” Пуцін, Парашэнка, Меркель і Аланд падпісалі Дэкларацыю, якая заклала аснову для дээскалацыі канфлікту ва Украіне. Ролю Беларусі ў гэтым працэсе доктар палітычных навук Сяргей Кізіма ацаніў так:

— Беларусь першая забіла ў званы, першая адзначыла маштаб будучай катастрофы, першая прапанавала рэалістычныя планы, як замарозіць ці спыніць гэты канфлікт.

У выніку тэрмін “Мінскія пагадненні” трывала ўвайшоў у лексікон палітыкаў, а словы “Мінск” і “мір” сталі сінонімамі. Міратворчыя намаганні нашай краіны кардынальна змянілі яе ўспрыманне на Захадзе, лічыць нямецкі палітолаг Рэйнхольд Крум:

— Зняцце санкцый з палітычнай эліты Беларусі — гэта крок у бок дзелавога супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. У Еўрасаюзе яшчэ раз убачылі ў Мінску партнёра, які спрабуе ўрэгуляваць адносіны паміж Захадам і Усходам. І гэта ў дадатак да таго, што нават у перыяд “замарозкі” адносінаў Захад не спыняў супрацоўніцтва з Беларуссю ў такіх значных сферах, як сумеснае добраўпарадкаванне мяжы, барацьба з наркатрафікам і трансгранічнай злачыннасцю. Еўрасаюз ніколі не сумняваўся, што яго межы на ўсходзе надзейна абароненыя. Галоўная задача на бліжэйшыя гады — матэрыялізаваць  тэндэнцыю паляпшэння адносінаў з Захадам, ператварыць яе ў канкрэтныя праекты, пачынаючы ад гандлю ды інвестыцый і заканчваючы спрашчэннем візавага рэжыму.

Папярэднія пяць гадоў не прайшлі дарэмна і на ўсходнім напрамку. Мы ўвайшлі ў склад Еўразійскага эканамічнага саюза, адкрылі для сябе новыя рынкі ў краінах “далёкай дугі” і здзейснілі сапраўдны прарыў у адносінах з такім гігантам, як Кітай. Прыклад таму — пачатак будаўніцтва высокатэхналагічнага Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень” і падключэнне Беларусі да такога амбіцыйнага праекта, як Эканамічны пояс Вялікага шаўковага шляху. На гэтай магістралі Мінску адводзіцца гістарычная роля эканамічнага, гандлёвага і лагістычнага скрыжавання паміж Захадам і Усходам. Гучыць, быць можа, пафасна, але так яно і ёсць. Магутны Кітай, з’яўляючыся другой эканомікай свету, убачыў у нашай краіне надзейнага і перспектыўнага партнёра. Гэты факт стаў яшчэ адным пацверджаннем таго, што за гады незалежнасці Беларусь ператварылася ў значнага гульца рэгіянальнай палітыкі, гаворыць кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін:

— У сучасным свеце, заснаваным на надзвычай жорсткай канкурэнцыі не толькі паміж дзяржавамі, але і паміж транснацыянальнымі карпарацыямі, на імкненні транснацыянальнага капіталу навязаць сваю волю народам і дзяржавам, выстаяць можна, толькі рэалізуючы інтэграцыйную парадыгму развіцця і ствараючы шматпалярны светапарадак. Беларусь у гэтым плане выступае цудоўнай ілюстрацыяй краіны, для якой патрэба супрацоўнічаць пераўзыходзіць імкненне канкурыраваць.

Уладзімір Веліхаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter