Краіна казак — Беларусь

Каб жыць, бы ў казцы, трэба толькі ўбачыць фантастычнае вакол сябе

Вынікі
папярэдняга конкурсу “НГ” і выдавецтва “Рыфтур”  — “Нечаканая Беларусь” — засведчылі, што нашы чытачы любяць Радзіму і ўмеюць бачыць яе незвычайную прыгажосць нават скрозь шэрую будзённасць.
Гэта азначае, што новы
сумесны праект “НГ” і “Рыфтур” “Краіна казак — Беларусь” прыйдзецца вам даспадобы.
Умовы конкурсу нескладаныя. Вам трэба ўважліва паглядзець на здымкі фотамастака Сяргея Плыткевіча, зробленыя ім з вышыні птушынага палёту. Кожны з убачаных фотамастаком краявідаў нагадвае нейкага дзівоснага звера, фантастычную птушку ці іншапланетны пейзаж.
Складзіце легенду ці казку пра тое, што бачыце на здымку, і дашліце ў рэдакцыю. Пераможцы кожнага тура конкурсу ўбачаць свае творы надрукаванымі. Аўтары самых цікавых, арыгінальных і фантастычных апавяданняў атрымаюць каштоўныя падарункі ад выдавецтва “Рыфтур”.
Шліце свае допісы з пазнакай “Краіна казак” на адрас: 220013, г.Мінск, вул. Б.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета”.
Ці на электронную скрыню info@ng-daily.by
Возера-сэрца
Так называюць возера Глубелька з прыроднага комплексу “Блакітныя азёры” Нацыянальнага парку “Нарачанскі”
Легенду пра яго запісаў І. П.Драўніцкі.
Пасля ўдалага палявання ў час вячэры-гулянкі паны дамовіліся пажаніць сваіх дзяцей Галю і Вінцэнта. Раней пытаць у дзяцей згоды не было прынята — усё вырашалі бацькі. Вяселле прызначылі праз чатыры гады, калі Галі споўніцца 17.
Вінцэнт, атрымаўшы спадчыну, вырашыў пагуляць, а потым узяцца за гаспадарку. Ён так аддаўся куцяжу, што хутка ўсё праматаў, нават праіграў у карты сядзібны дом.
Бацька Галі весці гаспадарку запрасіў Данілу, сына свайго сябра, які якраз скончыў вучобу. Малады хлопец некалькі разоў у тыдзень аб’язджаў фальваркавыя ўладанні, сачыў за парадкам. Часта да яго падсядала ў брычку гарэзлівая дачка пана — Галя. Яна, як ластаўка, шчабятала, захаплялася прыгажосцю азёр і ракі Страчы, іншы раз спявала. Спеў яе паўтарала шматгалосае лясное рэха.
У Альшэве рыхтаваліся да балю з нагоды семнаццацігоддзя Галі. Запрасілі гасцей.
У час чарговай паездкі Галя звярнулася да Данілы:
— Глянь на возера! Яно — як сэрца. Хвалюецца так жа, як маё сэрца...
Потым яна абняла Данілу, моцна пацалавала і ціха вымавіла:
— Я хачу, каб на балі ты танцаваў толькі са мной.
На баль прыехала шмат гасцей. Прыехаў і Вінцэнт. Калі ўбачыў прыгажуню Галю, то ўспомніў пра заручыны. Вось удача! Шлюб дапаможа паправіць кепскія справы.
Па праву нарачонага Вінцэнт заказаў мазурку і паімкнуўся запрасіць Галю. А Галю вёў на круг Даніла...
Месцам двубою прызначылі палянку між ляснымі азёрамі, куды і паскакалі на конях. Даведаўшыся пра паядынак, Галя паімчала наўздагон. Калі яна збягала з гары, то пачула два стрэлы. Потым убачыла Вінцэнта, які стаяў ля дрэва, трымаючы руку ля грудзей...
Галя пабегла да параненага, каб дапамагчы яму, а ў гэты момант Вінцэнт выхапіў кінжал і ўта-піў яго ў маладое дзявочае цела:
— Ні мне, ні яму, — былі яго апошнія словы.
Раптам вецер моцна ўзняў ваду, і на сярэдзіне возера з’явіўся прадаўгаваты востраў. Ён нагадваў рану на сэрцы.
Галя на руках Данілы сканала.
— Галя! Галубачка! Галубэлька мая! — у роспачы закрычаў юнак.
— Галубэлька! Галубэлька-а-а-а, — некалькі разоў паўтарыла рэха.
І зараз рэха на Галубэльцы паўтарае сказанае па некалькі разоў.
Востраў — гэта застыўшая кроў з раны на чыстым дзявочым сэрцы — з’яўляецца асуджэннем ганебных чалавечых якасцей: карыслівасці, зайздрасці і рэўнасці.

Птушку бачыш  па палёце
Пра творчыя планы фотамастака, дырэктара выдавецтва “Рыфтур” Сяргея Плыткевіча можна расказваць доўга.
Дзякуючы Плыткевічу-дырэктару хутка пабачыць свет незвычайны альбом, які называецца “Сінагогі”. У ім сабраны каля 500 паштовак пачатку мінулага стагоддзя, выдадзеных у Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, Расіі.
У больш аддаленых планах  — альбом “Беларусь вачыма нямецкага жаўнера”, таксама складзены з паштовак часоў Першай сусветнай вайны.
На пачатку года ў “Рыфтуры” выйшла незвычайнае мастацка-энцыклапедычнае выданне “Сэрца Беларусі — Міншчына”. Той, хто перагартае  старонкі гэтай кнігі, пабачыць не толькі кожны раённы цэнтр з вышыні птушынага палёту, але і фотаздымкі самых каштоўных экспанатаў раённых і прыватных музеяў нашай краіны. Шмат якія з іх уражваюць нават знаўцаў айчыннай гісторыі.
— Няўжо жыхары маленькай Беларусі могуць нечага не ведаць пра сваю краіну? — не паверыла я.
— Безумоўна. Ні ў кога не ўзнікае сумненняў, што пабачыць сапраўдныя слуцкія паясы можна ў Слуцку. Але музей гэтага горада захоўвае толькі некалькі фрагментаў знакамітага элемента адзення беларускай шляхты. Затое ў Маладзечне адразу тры паясы, кожны са сваёй багатай гісторыяй, — тлумачыць спадар Сяргей.
У Любані — унікальная калекцыя грошай, у тым ліку гомельскіх і магілёўскіх, што друкаваліся ў гады грамадзянскай вайны, калі шмат якія рэгіёны лічылі сябе самастойнымі.
У Клецку знаходзіцца копія паганскага ідала. Падчас хрышчэння нашых земляў каменную бабу разбілі і раскідалі па наваколлі. Кажуць, куды трапілі часткі цела бабы, там з’явіліся вёскі з адпаведнымі назвамі. Шкада толькі, што ў першыя гады Савецкай улады ўсе беларускія Цыцкавічы масава мянялі назвы на Бальшавік ці Першамайскае...
Дарэчы, па словах Сяргея Плыткевіча, які часта ўздымаецца ў неба, каб з новага пункту гледжання пабачыць і зняць той ці іншы краявід, болей за ўсё на нашай зямлі азёр і выспаў, якія нагадваюць птушак.
Хіба хто-небудзь сумняваецца, што жыхары гэтай дзівоснай зямлі ўмеюць лятаць?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter