Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Козы

Козы

Пярэстыя i бялюткiя, Жамчужынкi i Пярсцёнкi…

Краявiды вакол гэтай вёскi неверагодныя! З аднаго боку паўмесяцам стаiць векавы бор, зубчастая сцяна якога цягнецца аж да берагоў Нёмана. Вялiзную прастору памiж вёскай i лукавiнай бору займае раўнюткi луг, дзе-нiдзе ўпрыгожаны купкамi бяроз ды чаромхi. Мабыць, вясною яго наскрозь залiвае павадкам, гледзячы па тым, як ярка ён блiшчыць зелянiнаю разнастайных траў. Здалёк можа здасца нават, што памiж борам i вёскай ляжыць прыгожае возера з маленькiмi астраўкамi.


З другога боку вёску аббягае невялiчкая, але даволi iмклiвая рэчка. Ад хат да яе берага збягаюць ланцужкамi хлявы, пунi, стажкi саломы i, вядома ж, лазнi. Лiтаральна ўсе яны стаяць амаль над ракой. Драўляныя лесвiцы да вады дзе-нiдзе па баках абраслi кустамi бэзу цi язмiну, а зусiм ля вады калышуць танюткiмi галiнкамi вербы.

Здаецца, завiтаць бы да гаспадароў адной з гэтых лазняў ды напрасiцца схапiць першага духу, а потым з расчырванелым тварам хуценька збегчы па прыступках ды… Але я сёння мусiў трапiць на другi бок рэчкi, дзе ляжыць луг у квеценi незлiчоных траў. Можа, за ўсё жыццё не бачыў я такой разнастайнасцi кветак i колераў.


Справа ў тым, што, калi я праязджаў паўз гэтыя мясцiны ў мiнулым годзе, пазнаёмiўся з вельмi цiкавай цётачкай, якая, прывiтаўшыся, прапанавала называць яе проста цётка Ядвiга. Дык вось у гэтай самай цёткi Ядвiгi былi козы, добры такi статак, мо з дзясятак. З поўсцю розных колераў, усiх узростаў…

Вось тут i пачынаецца самае цiкавае. Кожны год напрыканцы зiмнiх халадоў некалькi коз «акочвалiся» (так называла гэты працэс сама цётка Ядвiга). Нескладана падлiчыць, што праз некалькi год статак у гэтай гаспадынькi павiнен быў разрасцiся галоў да пяцiдзесяцi. А было iх, як я ўжо казаў, усяго каля дзясятка.


— Калi такi прыплод у вас кожны год, — пацiкавiўся я ў гаспадынькi, — куды ж вы iх дзяваеце?

Як высветлiлася, усё было проста. Ведалi гэтую цётачку нашмат далей за яе родную вёску. Бадай, з усяго раёна, а можа, i аднекуль здалёк прыязджалi да яе купцы — так iх зноў жа называла сама ўласнiца казiнага статка.

— Прадаю я iх, сваiх прыгажунь, — коратка адказала яна. — Не шкадуючы прадаю… Бо калi прадаваць ды шкадаваць, не будзе ў новых гаспадароў жывёлiна пладзiцца. Запомнi на ўсялякi выпадак, мо калi i спатрэбiцца.


Дык вось гэта самае цiкавае. Справа ў тым, што кожны год новаму прыплоду — а гэта прыкладна шэсць — восем казлянят — цётачка Ядвiга давала незвычайныя мянушкi.

Слова — гаспадыньцы.

— А з чаго ўсё пачалося? Адна я засталася. Мой гаспадар ужо як восем гадкоў вунь там, на пагосце. Ты, можа, толькi што праязджаў, там яшчэ драўляная каплiчка. Ну дык вось, каб ад адзiноты сябе пазбавiць, кумекала, якую б мне жыўнасць завесцi. Думала спачатку курэй, але вырашыла, што я яшчэ не такая старая кабецiна, каб гэткую дробязь заводзiць. Тады пра кароўку думкi пайшлi. I тут вынiк наступны, што не такая я ўжо i маладая. Бо малако, смятанка, што тут сказаць, добра, але сiлы якой трэба, каб сена мо вазы два назапасiць. Улетку — вунь колькi пашы. А зiмой прападзе кароўка, i я разам з ёй. I вырашыла ў вынiку, што козы — самае тое. Сена таксама шмат трэба, але ж не столькi, як на рагулю. А яшчэ i прыплод прадаваць можна. Якiя гэта грошы, але ж на сена хапае. А дзе трохi i сама падкашу.


Дык вось першая мая каза была бялюткая. На снег з хлява выйдзе — дык яна бялейшая, далiбог! На ножках невысокiх, а бегла — што слалася. Не памятаю, як так атрымалася, але мянушку ёй дала Мяцелiца. Пасябравалi мы з ёй. Бывала, у хаце ў самыя халодныя зiмнiя ночы разам начавалi.

Сусед у мяне, Кандрацiн, жыве яшчэ, дзякуй богу. Зачапiла яго мянушка маёй сяброўкi. «Ой, Мяцелiца! Ты б яе яшчэ Зiмой клiкала цi Снягуркай!» Мо гэтыя яго насмешкi i падштурхнулi мяне даваць казляткам мянушкi ў гонар нейкiх з’яў прыроды, цi кветак, цi, напрыклад, дрэў. А далей — як фантазiя дазваляла.


I з’явiлiся ў мяне ў пачатку вясны Хмарка, Вясёлка, Зарнiчка, Ветрык… Быў нават Гром. Далей — болей. Праз год новая малеча была дрэўцамi: Хваiнка, Бярозка, Клёнiк, Явар… Ну i так далей.

У вёсцы смяялiся адразу, у спiну некаторыя кiдалi, што бабка здзяцiнела, забаву сабе прыдумала. Але ж няма той хусткi, каб завязаць людзям вусны. А потым нiчога, прызвычаiлiся. Нават пытаннямi надакучвалi: «А гэтай вясной якiя будуць мянушкi?» Я ж, вядома, ведала, але нiкому не распавядала. Адказвала рознае. Што яшчэ не прыдумала, а тое i прыказкай якой, каб адчапiлiся: а вы чулi пра дапытлiвую кабетку, якой на нос надзелi шкарпэтку?


Яшчэ якiя ў мяне былi мянушкi? А, во! Пацерка, Завушнiчка, Грабеньчык, Жамчужынка, Пярсцёнак… А ў гэтым годзе, дзякуй Мацi Божай, дажылi, глядзi, вунь Кветачка, а ля яе Валошка. Там далей, што iлбамi таўкуцца, Язмiн ды Рамонак. А вось гэтая заўсёды ля мяне. Здаецца, ёй мае цёмна-ружовыя пантофлi даспадобы. Колер, мабыць, вабiць. Смяюся заўсёды: не была б ты, Ружа, дзяўчынкай…

…Статак павольна пацягнуўся да невялiчкай лужыны, блiжэй да бору, якая яшчэ блiшчэла ў сонечных промнях.

— Пайду, — сказала, развiтваючыся, цётачка Ядвiга, — бо заўсёды з iмi я побач. А табе шчыры дзякуй за тое, што пагутарыў са мной. Нават самой цiкава было ўспомнiць: як быццам у мiнулае вярнулася.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter