Кожны канцэрт са знакам якасці

Калі для большасці беларусаў восень — пара апалага лісця, бліскучых каштанаў і залатой бульбы, то для меламанаў
Калі для большасці беларусаў восень — пара апалага лісця, бліскучых каштанаў і залатой бульбы, то для меламанаў — гэта час набыцця квіткоў на шыкоўныя канцэрты Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. За 10 гадоў існавання ён ператварыўся ў адзін з найважнейшых форумаў у галіне культуры ў Еўропе, на які штогод прыязджаюць самыя выбітныя артысты сучаснасці.


Праз тыдзень у Мінску пачынаецца XI Міжнародны фестываль Юрыя Башмета

Што цікава, імёны Віктара Траццякова, Наталлі Гутман, Максіма Венгерава, Мікалая Луганскага, Бары Дугласа і іншых зорак класікі штогод прыцягваюць у залы філармоніі ўсё больш моладзі і трапіць на фестывальныя вечары стала азначаць “быць у трэндзе”. Нарэшце класіка зноў у модзе. Трэба аддаць належнае арганізатарам форуму — “рускаму Паганіні” Юрыю Башмету і вядомаму беларускаму піяністу і дырыжору Расціславу Крымеру: фестываль штогод радуе насычанай, разнажанравай і ўнікальнай праграмай. Вось і сёлета ў афішы значацца восем незабыўных канцэртаў.

Адкрые фестываль 30 верасня канцэртная праграма “Масква — Вена. Шастаковіч — Крайслер” з удзелам скрыпача з Італіі Сяргея Крылова і ўжо ўзгаданага беларускага піяніста Расціслава Крымера. З нагоды Міжнароднага дня музыкі 1 кастрычніка пройдзе вечар расійскага піяніста Мікалая Луганскага ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.

Вечар прэм’ер чакаецца на фестывалі 5 кастрычніка. Прагучаць творы трох пакаленняў кампазітараў XX—XXI стагоддзяў: класіка Сяргея Пракоф’ева, творы Валянціна Сільвестрава і маладога беларускага кампазітара Сяргея Бадалава. На наступны дзень фестывальную праграму прадоўжыць спецыяльны праект “Эти глаза напротив!” — 

у Палацы Рэспублікі прагучаць лепшыя песні папулярнага савецкага спевака Валерыя Абадзінскага ў выкананні зорак беларускай эстрады і Прэзідэнцкага аркестра.

Канцэрт “Легенда на скрыпцы Страдзівары” з удзелам міжнароднага камернага аркестра East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера чакае слухачоў 7 кастрычніка. У ім прымуць удзел самая вядомая скрыпачка Германіі Вівіан Хагнер, лепшыя музыканты з Расіі, Беларусі, краін Балтыі, Усходняй і Заходняй Еўропы і, што можа здацца дзіўным, шматразовы прызёр сусветных чэмпіянатаў па мастацкай гімнастыцы Меліціна Станюта.

Дзень культуры Эстоніі плануецца на фестывалі Башмета 9 кастрычніка — у КЗ “Верхні горад” джазавымі апрацоўкамі класічных твораў парадуе квартэт з гэтай балтыйскай краіны. На той жа пляцоўцы, 10 кастрычніка, адбудзецца гала-канцэрт салістаў музычнага форуму.

А на закрыцці фестывалю беларускіх меламанаў чакае сустрэча з самім Юрыем Башметам — зоркай сусветнага маштабу, народным артыстам СССР і лаўрэатам незлічоных прэмій, уключаючы Award і Grammy.


Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter