Самаадданай працай крышталізуе сваю самабытнасць і годнасць старшыня брэсцкага СВК “Астрамечава” Аляксей Скакун

Кожную вясну прарастаць зноў

Самаадданай працай і нястомнай творчасцю крышталізуе сваю самабытнасць і годнасць доктар эканамічных навук, старшыня брэсцкага СВК “Астрамечава”, калгаснік Аляксей Скакун.


У ГЛЫБІННАЙ палескай вёсцы Дастоева, адкуль карані сусветна вядомага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага, у сялянскай сям’і нарадзіўся і вырас Аляксей СКАКУН, нязменны на працягу трох дзесяцігоддзяў старшыня брэсцкага СВК “Астрамечава”. Мудры кіраўнік узняўся да вяршынь доктара эканамічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі і Акадэміі аграрных навук, акадэміка Міжнароднай акадэміі арганізацыйных і кіруючых навук, а таксама Беларускай і Міжнароднай інжынерных акадэмій. Неаднойчы прадстаўляў рэгіён у Вярхоўным Савеце краіны, Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. Аляксей Сцяпанавіч дэпутат Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў. Паўтара дзесяцігоддзі ўзначальвае грамадскае аб’яднанне “Беларускі аграпрамысловы саюз” і “Беларускі сялянскі савет”, аўтар шасці навуковых даследаванняў і пяці кніг.

За значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Прыбужжа і грамадскую дзейнасць узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі, ордэнам Айчыны III ступені, медалём “За працоўную адзнаку”, двума сярэбранымі медалямі ВДНГ СССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, атрымаў званні “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі” і “Ганаровы грамадзянін Брэсцкага раёна”.

ПААБАПАЛ старога шляху з палескага мястэчка Моталь да старажытнага горада Пінска з даўніх часоў нізіны перамежаваліся з вузкімі выспамі палёў. Непадалёку ад маёнтка Дастаеўскіх старанна апрацоўваў свой надзел руплівы гаспадар Васіль Скакун, які ў пасляваенныя гады калектывізацыі так і не ўступіў у калгас. Падрастаючага ўнука Алёшку вучыў сялянскай справе. Браў з сабою ў лес дровы нарыхтоўваць, летам траву касілі. Навучыў каня запрагаць, за плугам хадзіць. Хлопчык з ахвотай засвойваў дзедаву навуку. Бацькі цешыліся кемлівым сынам, які любую справу па гаспадарцы выконваў бездакорна і дапамагаў бацьку ўпраўляцца на калгаснай жывёлагадоўчай ферме.

Васіль СКАКУН з унукам Алёшкам. 1950 год.
У жніво ўсе дастоеўскія сем’і выходзілі з сярпамі і косамі ўбіраць збажыну. Побач з дарослымі сялянамі працавалі на хлебнай ніве і дзеці. Увіхаліся на полі каля маці Алёша і яго сёстры. Спрытна вязалі снапы, складвалі ў копы. У працы хутка пралятала лета, і пачыналіся заняткі ў школе. Разам з сябрамі Аляксей Скакун захапіўся заняткамі ў фотагуртку. Бацькі купілі яму новенькі апарат “Змена”, з якім апантаны падлетак не разлучаўся. Перад заканчэннем Дастоеўскай дзесяцігодкі марыў стаць прафесійным фатографам ці журналістам, але, пэўна, лёсам было наканавана сялянскаму сыну вярнуцца да зямлі. Паступіў на заатэхнічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута. Паспяхова спраўляцца з экзаменацыйнымі сесіямі дапамагала звыклая з дзяцінства праца на жывёлагадоўчай ферме, якою загадваў бацька. У час вучобы шмат карыснага спасцігаў будучы вучоны-заатэхнік на перадавых фермах, дзе звычайна праходзілі практычныя заняткі па прафілюючых дысцыплінах.

Пасля атрымання дыплома малады спецыяліст вярнуўся ў родныя мясціны і да прызыву ў армію працаваў калгасным заатэхнікам. У Дастоеве вяртання салдата чакалі родныя, сябры, і асабліва суседская дачка Валянціна Ткачук. Запала статная дзяўчына ў сэрца юнаку. Пасля армейскай службы адгулялі як належыць вяселле з усімі палескімі звычаямі. Аляксей Скакун узначаліў заатэхнічную службу, а потым партыйную арганізацыю іванаўскай гаспадаркі “Маладая гвардыя”, дзе ярка праявіў арганізатарскія здольнасці. Некалькі гадоў кіраваў калгасам “Дружба”. Маладому старшыні ўдалося дабіцца станоўчых зрухаў у эканоміцы слабай гаспадаркі. Смела ўкараняў новыя тэхналогіі ў вытворчы працэс, што ўплывала на эканамічныя паказчыкі. За пяцігодку значна павысілася ўраджайнасць сельгаскультур, прадукцыйнасць жывёлы. На цэнтральнай сядзібе калгаса вырас новы пасёлак. Па выніках гаспадарчага года старшыню ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Неўзабаве ён узначаліў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі, дзе таксама заявіў пра сябе як высокапрафесійны арганізатар. Раён двойчы запар выходзіў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. У гэты палескі куток ехалі кіраўнікі, спецыялісты з усёй рэспублікі вучыцца гаспадарыць на зямлі. 

Здзіўленне ў многіх выклікала заява Аляксея Скакуна, адрасаваная бюро Брэсцкага абкама партыі, у якой прасіў рэкамендаваць яго кіраўніком адной з найбольш буйных гаспадарак вобласці. Аляксей Сцяпанавіч узначаліў брэсцкі калгас-камбінат “Памяць Ільіча”, да якога далучылі яшчэ тры суседнія гаспадаркі. Агульная тэрыторыя створанага калгаса-камбіната склала адзінаццаць з паловай тысяч гектараў зямель, з іх дзесяць з паловай тысяч былі сельгасугоддзі. Два дзясяткі вёсак аб’яднаў калектыў, старшыня якога пачаў з элементарнага навядзення парадку на зямлі і ў душах сялян.

На золку пачынаў Аляксей Сцяпанавіч працоўны дзень і позна вяртаўся дамоў. Для дачкі Эмы і сына Андрэя за вялікае шчасце было бачыць бацьку, якога хвалявала ўсё ў гаспадарцы, ад чысціні на жывёлагадоўчых фермах да тэхналагічных тонкасцей вытворчасці. Такі і сёння ён. Выраслі і атрымалі адукацыю дзеці, радуюць Валянціну Іванаўну і Аляксея Сцяпанавіча пяцёра ўнукаў. Па сямейнай традыцыі разам святкуюць Каляды.

— Толькі ў зімовыя святы хлебароб можа дазволіць сабе перадыхнуць, — лічыць старшыня брэсцкага СВК “Астрамечава” Аляксей Скакун. – Мінулы год выдаўся складаны. Засуха дайшла і да нашых ніў і сенажацяў. І ўсё ж тэхналогія і культура працы дазволілі атрымаць па 52 цэнтнеры збожжавых з гектара. Не падвялі і працаўнікі ферм, што даглядаюць статак у 15 200 галоў буйной рагатай жывёлы.

— Вашу гаспадарку можна назваць  фабрыкай малака  і мяса. Як доўга ішлі да гэтага?

— З першага дня кіравання калгасам. Пасляваенныя парахнявыя жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе ў зімовы холад гулялі скрызнякі, паступова знеслі і замест васьмі невялікіх ферм стварылі чатыры механізаваных. На астрамечаўскую малочна-таварную ферму перайшла з суседняга калгаса імя Жданава вядомая на ўсю краіну даярка Герой Сацыялістычнай Працы Лідзія Брызга, якая ў той час надойвала ад каровы да васьмі тон малака ў год. Прыход  такой слыннай жывёлаводкі стымуляваў іншых працаўнікоў нашых ферм. На працягу дваццаці гадоў Лідзія Дзмітрыеўна даіла кароў у нашай гаспадарцы. Амаль два гады таму яе не стала. Нядаўна ў Астрамечаве ўсталявалі мемарыяльную дошку на доме Лідзіі Брызгі.

— Мне давялося здымаць тэлевізійную праграму пра яе. Уразіла чысціня і парадак у жывёлагадоўчым памяшканні. У час запісу інтэрв’ю з Лідзіяй Дзмітрыеўнай у кароўніку нехта настойліва тузаў мяне ззаду за плашч. Стрымліваў сябе, каб не азірнуцца, бо спыняцца здымкі. Але тузанне працягвалася. Калі ўсё ж азірнуўся, ўбачыў, што карова зжавала палу майго плашча. Так  запомнілася інтэрв`ю на астрамечаўскай ферме. Лідзіі Брызге доўга яшчэ не было роўных у Беларусі па надоях малака. 

— Цяпер мы маем бадай што самы вялікі малочны статак ў вобласці, які перавышае 2500 кароў чорна-пярэстай пароды. Амаль па восем з паловай тысяч кілаграмаў малака атрымалі летась ад кожнай і гадавую валавую вытворчасць давялі больш як за 20 тысяч тон. Штодзённа прадаём амаль пяцьдзясят тон малака.

 Па адкорму буйной рагатай жывёлы нашы працаўнікі пастаянна ў лідарах рэспубліканскага спаборніцтва. На астрамечаўскім жывёлагадоўчым комплексе сярэднесутачныя прывагі кормнікаў стабільныя — больш за кілаграм. За мінулы год прадалі ялавічыны звыш чатырох з паловай тысяч тон. Але пры гэтым малочная галіна дае большы эфект. У лепшыя гады рэнтабельнасць малака дасягала амаль сто працэнтаў. За мінулы год перавысіла трыццаць працэнтаў. 

— Вядома, што такія высокія паказчыкі не так проста даюцца. Але не толькі гэтым вы заняты. Грамадская дзейнасць патрабуе часу і здароўя. Як удаецца ўсё сумяшчаць?

— Калі наблізіўся пенсіённы ўзрост, можна было ўжо і ўнукаў выхоўваць. Прамільгнула дзесяцігоддзе, і на парозе чарговы юбілей. Гасподзь ведае, што далей будзе. Рыхтуюся да справаздачна-выбарнага сходу, які плануецца на сакавік. 

— Хвалюецеся?

— Перад усім калектывам буду трымаць справаздачу. Столькі гадоў за штурвалам кіраўніка – справа не простая. Задумваюся, можа, і хопіць. Але адпачываць на лаўрах не збіраюся. Аналізую эканамічнае становішча, што склалася не толькі ў нашай гаспадарцы. Закупляем маладняк для адкорму па 38000 рублёў за кілаграм, а рэалізуем на мясакамбінаты танней, што адмоўна ўплывае на рэнтабельнасць. Звярталіся да дзяржаўных структур аб павышэнні закупачных цэн на ялавічыну. Пакуль мы вымушаны зніжаць закупачныя цэны на маладняк. Гэтым заклапочаны і калегі з іншых тыпавых гаспадарак. Толькі ў працы і бачу сябе. Для Скакуноў яна, як паветра. Гэта спадчыннае. Дзед Васіль да апошняга дня гаспадарыў. І бацькі на зямлі рук не шкадавалі. Сын Андрэй такі ж. Узначальваў калгас “Амеліна”, кандыдацкую дысертацыю абараніў. Пасля аб’яднання гаспадаркі з суседняй перайшоў працаваць у ветэрынарную службу Брэсцкай мытні. Спадзяюся, што ўнучак Аляксей Скакун годна працягне радавод. 

— Аляксей Сцяпанавіч, у вас столькі розных тытулаў, вам прысвечаны цудоўныя паэмы, кнігі, песні, фільмы. Дарэчы, на Міжнародным тэлевізійным фестывалі, у якім мне давялося ўдзельнічаць, творчая работа беларускага рэжысёра Сяргея Кац`ера пра хлебароба Скакуна ўдастоена Гран-пры. Гэта і ваша ўзнагарода!

— У тэлефільме сканцэнтравана сутнасць дзейнасці і жыцця гаспадаркі “Астрамечава”. Прыемна, што яго ўбачылі гледачы еўрапейскіх краін. Належным чынам успрыняла грамадскасць і паэму Уладзіміра Сітухі “Скакуны”, якога запрасілі ў Маскву на ХIII міжнародную выставу сродкаў масавай інфармацыі, дзе адбылася і прэзентацыя кнігі. На жаль, яго ўжо няма сярод нас.

Вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ліпскі дасканала вывучыў наш радавод і выдаў кнігу “Мужык”, прадмову да якой напісаў мой сябра лётчык-касманаўт СССР Пётр Клімук.

З лёгкай рукі кампазітара Ігара Лучанка птушкай лунае цудоўная песня, падораная геніяльным творцам нашаму самадзейнаму калектыву “Астрамечаўскія “Лявоны”.

— Аляксей Сцяпанавіч, у святой кнізе кніг Бібліі запісана: “Не ствары сабе куміра”. А як вы да гэтага ставіцеся?

— У савецкія часы нас выхоўвалі на прыкладзе жыцця яркіх гістарычных асоб. У майго дзеда Васіля, простага селяніна, кумірам была праца, дзякуючы якой у самыя нялёгкія часы выжываў. Нічога хлебаробу з неба не падае. Куміра ніколі сабе не прыдумваў, але заўжды імкнуўся раўняцца на лепшых гаспадароў.

Сябраваў  з двума двойчы Героямі Сацыялістычнай Працы, вядомымі на ўсю былую вялікую краіну хлебаробамі-цёзкамі Уладзімірам Антонавічам Ралько і Уладзімірам Антонавічам Плюцінскім. Беларускі старшыня Ралько доўгія гады мудра кіраваў пінскім калгасам “Аснежыцкі”. Неаднойчы даводзілася бываць на аснежыцкіх палях і фермах, гутарыць з Уладзімірам Антонавічам і яго галоўнымі спецыялістамі. Ездзіў і да старшыні ўкраінскага калгаса “Зара камунізму” на Ровеншчыне. Вучыўся ў яго ўменню гаспадарыць. У “Астрамечава” часта наведваўся Уладзімір Плюцінскі, і радаваўся нашым поспехам. У бурныя гады развалу дзяржавы з Плюцінскім часта абмяркоўвалі перспектывы. Час паказаў правільнасць нашага курсу на захаванне калектыўнай гаспадаркі, чаго не змаглі ўтрымаць украінскія сяляне.

На чатырох вытворчых участках СВК “Астрамечава" занята амаль сямсот вяскоўцаў, а ўсяго працуючых звыш васьмісот. Акрамя жывёлагадоўлі і паляводства, людзі задзейнічаны на падсобных вытворчасцях. Дадатковы прыбытак даюць зверагаспадарка, будаўнічы камбінат, цэх па вытворчасці яблычнага соку.

Выпускнікі нашых сярэдніх школ атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца працаваць у калектыў. Для іх будуем жыллё. Адным з першых на Брэстчыне Астрамечава стала аграгарадком. У ім, як і ва ўсіх населеных пунктах гаспадаркі, створаны спрыяльныя ўмовы для працы і жыцця.

 У чатырох дамах культуры працуюць самыя розныя гурткі па інтарэсах. Адрамантаваны і адкрыты для прыхаджан храмы. На Ражаство Хрыстова там пройдуць святочныя набажэнствы. Па традыцыі астрамечаўцы будуць частаваць калядоўнікаў. Падарункі дзецям і ўнукам прызапасілі і мы з жонкай Валянцінай Іванаўнай. 

— Чалавека характарызуе яго справа. За трыццаць чатыры гады вы ўзнялі астрамечаўскую гаспадарку да вышынь усеагульнага прызнання. Акрамя кіравання вытворчым кааператывам, вы актыўна займаецеся навуковай і грамадскай дзейнасцю. Ці не адчуваеце распыленасць?

— Мне пашчасціла ў жыцці, як зярнятку, прарастаць ва ўрадлівай глебе. Ніколі дарэмна не марнаваў час. Усё ў маім жыцці як па швейцарскаму гадзінніку распісана. Не цярплю распыленасці. Кожны крок асэнсаваны. Нічога мне  проста так не давалася. Да ўсяго трэба было прыкласці старанне і жаданне. Удзячны як школьным дастоеўскім настаўнікам, так і выкладчыкам заатэхнічнага факультэта, сённяшняму рэктару Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ўніверсітэта прафесару Вітольду Песцісу, кіраўнікам і апанентам кандыдацкай і доктарскай дысертацый. Іх падтрымку адчуваў на розных этапах жыцця.

— У нашай рэспубліцы ў другі раз прынята і рэалізуецца Дзяржаўная праграма развіцця аграпрамысловага комплексу. Ці ўсё вас устройвае ў ёй?

— Перспектывы акрэслены, але каб дасягнуць іх, неабходны адпаведныя ўмовы. Больш самастойнасці непасрэдна гаспадаркам. Зашмат чыноўнікаў над хлебаробам. Лішнія структуры ў маштабах раёна, вобласці. Летась нас настройвалі на павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці збожжа. А для нашай гаспадаркі найперш важна забяспечыць грамадскі статак кармамі. Давялося выконваць валявое рашэнне па валавому збору зерня, а цяпер вымушаны шукаць сянаж для жывёлы.

— Мне давялося быць сведкам вашай абароны кандыдацкай дысертацыі па эканоміцы арганізацыі вытворчасці бульбы. А якую тэму выбралі для доктарскай?

— Пасля аб’яднання чатырох калгасаў у буйную гаспадарку паўстала пытанне: як далей яе развіваць? Кіраўніцтва вобласці прыняло рашэнне спецыялізаваць на вытворчасці малака і мяса. У Астрамечаве пачалося будаўніцтва маштабнага комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы. Куды толькі не ездзіў знаёміцца з аднатыпнымі гаспадаркамі. Са ўсяго свету па крысе прывозіў новае, незвычайнае. Са спецыялістамі прымяралі і адаптоўвалі ўсё гэта да нашых умоў. Так арганізавалі справу, што прадукцыя адной брыгады станавілася сыравінай для другіх.

Па вызначэнні Карла Маркса, вольны час — багацце нацыі. Менавіта так імкнёмся наладзіць вытворчы працэс, каб болей такога багацця даць вяскоўцам. Эканамічную дзейнасць буйных жывёлагадоўчых комлексаў Беларусі навукова даследаваў у доктарскай дысертацыі, якую абараніў у Маскве.

Час дыктаваў і тэмы для разважанняў. “Арыенцір – новыя высоты”, “Вясковая палітэканомія”, “Адзіны выхад” і яшчэ некалькі кніг прысвяціў актуальным эканамічным праблемам беларускай вёскі. У думках ужо новыя ідэі, якія просяцца ў пісьмовы радок. Напэўна, вялікае шчасце быць запатрабаваным. Гэтым я не абдзелены.

— Паездкі, сустрэчы, нарады адрываюць вас ад кіраўніцтва калектывам. Каму давяраеце астрамечаўскую пячатку ў такіх выпадках?

— У   нас   працуе   гвардыя   высокапрафесійных спецыялістаў. Інакш і быць не можа. Кожны з іх валодае якасцямі кіраўніка. Час пакажа, хто далей павядзе калектыў. Важна не памыліцца ў выбары. Апошнім часам усё больш над гэтым задумваюся.

— Аляксей Сцяпанавіч, да сямідзесяцігадовага юбілею вы падышлі сапраўдным героем нашага часу. Напэўна, і на алімпе славы нечага яшчэ хочацца. Чаго?

— Затрымаць час. Найбольшае шчасце – паўнавартасна жыць і верыць у сябе і людзей.

Уладзiмiр СУБАТ

Брэсцкі раён

Фота аўтара і з сямейнага архіва Аляксея СКАКУНА

P. S. Кожны раз, калі Аляксей Сцяпанавіч знаёміцца з кім-небудзь, прадстаўляецца коратка: «Калгаснік Скакун». Робіць гэта на поўным сур’ёзе. Прычым так ён сябе называе і перад далёкім замежным госцем, і перад сваімі новымі калегамі, і нават перад Прэм’ер-міністрам. Той, хто задумваецца над Скакуноўскай візітоўкай, адразу разумее: гэта пасада – калгасніка – для яго найбольш важная, найбольш характэрная. Тым самым ён, як ніхто іншы, прыўзняў гэта слова, яго існасць і яго вытокі да небывалых вышынь. Як яно таго і заслугоўвае...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter