Кожнай маці па немаўляці

Журналісты нашай газеты звярнуліся да статыстыкі і пабывалі ў населеных пунктах з найбольшай нараджальнасцю і найменшай колькасцю жыхароў
Многа ў нашай краiне розных гарадоў, кожны па-свойму ўнікальны і прыгожы. Але ёсць сярод іх і самыя адметныя. Журналісты нашай газеты звярнуліся да статыстыкі і пабывалі ў населеных пунктах з найбольшай нараджальнасцю і найменшай колькасцю жыхароў.

Фота аўтара
Фота аўтара

«Пасля ўльтрагукавога даследавання я так расхвалявалася, што нават не змагла патэлефанаваць мужу, набрала толькі кароткае sms: «У нас будуць двайняткі. Хлопчыкі». Саша, аказалася, у гэты момант падсілкоўваўся і ад такой навіны ледзь не падавіўся». Падзеі двухгадовай даўнасці Вольга Андрэева ўспамінае з усмешкай. Тады яна і ўявіць не магла, што ў наступным годзе бэбі-бум чакае не толькі іх сям’ю, але і ўвесь Дрыбін. У 2013-м гарадскі пасёлак стаў лідарам краіны па нараджальнасці.

Цяпер Давіду і Даніілу Андрэевым год і месяц. Пакуль яны бесклапотна гуляюць на падлозе з машынкамі, у Вольгі хвілінны перапынак: «Калі даведаліся пра двойню, спачатку расхваляваліся: ці справімся? А потым глянула наўкол: у Кабаковых — двайняткі, у Байковых і Куляшовых – таксама. Палягчэла». 

Разам з сынамі Андрэевымі ў мінулым годзе ў Дрыбіне нарадзіліся 64 немаўляці. Здавалася б, няшмат, але для населенага пункта, дзе крыху больш за тры тысячы чалавек, – нямала. І прыкметна. Выходжу ад Вольгі — па вуліцы насустрач чатыры мамы з каляскамі. «Свецінаму Пашу сем месяцаў, Марынінай Леры — дзевяць, Хрысцінінаму Макару — адзінаццаць, маёй Дашцы — восем, — прадстаўляе сябровак і іх дзетак Марына Дзьячэнка. На секунду пераключаецца на мабільны: «Гэта наша пятая — Яна. Нешта яны з дзевяцімесячнай Яраславай спазніліся, вось даганяюць».

Азіраюся: вакол столькі матуль з малымі, адразу і не разбярэш, хто з іх тая самая Яна.

— Любяць буслы Дрыбін, — кажу.

Марына ўсміхаецца, калышучы дачку: «Не без гэтага, але і капуста не падводзіць. Зірніце, колькі ў нас прыватных дамоў, ля кожнага — грады. Мінулы год ураджайным быў, вось шмат дзяцей і сабралі».

У гэтым годзе па кастрычнік уключна ў пасёлку пакуль нарадзілася 43 немаўляці.

«Да канца года павінна з’явіцца на свет яшчэ шасцёра, адзін плануецца нават на 1 студзеня, — праглядае сшытак з інфармацыяй аб будучых мамах Людміла Раманчанка, урач-педыятр раённай бальніцы. — Пасля таго як для шматдзетных увялі шэраг ільгот, сем’яў з трыма-чатырма малымі стала больш. У асноўным на трэцяе дзіця мамы ідуць у 27—28 гадоў, хоць ёсць і пасля сарака. У студзені чацвёртае дзіця нарадзіла жанчына, якой ужо 43».

— А ў мяне муж вельмі сына хацеў, таму, калі нарадзіліся дзве дачушкі, ведалі: пойдзем на трэцяга, — падключаецца да размовы Галіна Міхасёва, якая прывезла на прышчэпку месячнага Жэню. — Ды і ў інтэрнаце, дзе мы жывём, у многіх па трое-чацвёра дзетак.

Іду ў інтэрнат, ён тут адзін і знаходзіцца на Юбілейнай, 11. Пераступіла парог і нібы ў калясачнай краме апынулася — дзіцячым транспартам застаўлены ўвесь тамбур.

Вахцёр Наталля Малікава кажа, што вечарам «спецтранспарту» яшчэ прыбавіцца. «І на гэтым тыдні ў нас радасная навіна — у Рыдванавых чацвёртае дзіця нарадзілася. У гэтым годзе хлопчык у інтэрнаце ўжо пяты. Але самым цікавым быў 2011 год, тады адзінаццаць дзетак нарадзілася».

Бэбі-бум крыху змяніў і горад. Так, прыкладна месяц таму ў мясцовым універсаме з’явіўся куток з бутэлечкамі і соскамі, адкрыўся першы магазін дзіцячых тавараў. Гаспадыня яго, дарэчы, да гэтага гандлявала дарослым адзеннем. Але цяпер, кажа, на распашонкі і паўзункі попыт большы.

— Летам мы вырашылі арганізаваць конкурс дзіцячых калясак, — расказвае аб навінках Святлана Марозава, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дрыбінскага райвыканкама. — Далі аб’яву ў газету: прымаем заяўкі. У момант адгукнулася дзевяць сем’яў. Спаборніцтва жыхарам настолькі спадабалася, што ў кастрычніку правялі яго яшчэ раз.

Каб крыху адысці ад дзіцячай тэмы і даведацца пра іншыя падзеі Дрыбіна, купляю ў кіёску раённую газету. Адкрываю, а там: «У кастрычніку ў Дрыбінскім раёне нарадзіліся 13 дзяцей».

Адной з прычын гэткага бэбi-буму мясцовыя лiчаць частыя вяселлi.

У загсе інфармацыю аб тым, што мясцовыя жыхары маюць устойлівую прывычку жаніцца з усімі далейшымі наступствамі, пацвердзілі. Асабліва ўрадлівым на шлюбы быў 2013-ы, тады ў гарадскім пасёлку зарэгістравалі 90 новых сем’яў, у гэтым годзе іх пакуль 63.

Белстат, дарэчы паведамляе: у 2013-м Дрыбін стаў лідарам краіны і па колькасці шлюбаў.

Людзі сустракаюцца, людзі ўлюбляюцца, жэняцца. А сыноў і дачок называюць пераважна Сашамі. Сярод жаночых і мужчынскіх імёнаў яно тут ужо які год на першым месцы.

— Калі так і далей пойдзе, праз пару гадоў прыйдзецца яшчэ адну школу будаваць? — кажу Валянціне Дземідовіч, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Дрыбінскай СШ, пакуль мы ідзём па доўгім калідоры.

— Зараз у нас 502 вучні, у канцы 1980-х, калі пасля Чарнобыля сюды з’ехаліся перасяленцы, было каля семісот, — Валянціна Васільеўна паказвае школу. — Гадоў пяць-сем таму дзяцей паменшала. У самым вялікім класе цяпер 24 чалавекі, у самым маленькім — 13.

— А шкаляроў са шматдзетных сем’яў у вас многа?

— Дзевяноста чалавек. Але, што цікава, дзеці могуць быць з адной сям’і, а па характары ўсе розныя. Вось у Мартынавых, напрыклад, сямёра. Старэйшы, дзевяцікласнік Мікіта, — вельмі сур’ёзны, слова лішняга не скажа. А неяк вяла ўрок у пачатковай школе ў яго брата Андрэя, дык ён пасля заняткаў падышоў да мяне, адламаў кавалак бутэрброда, працягвае і кажа: «Вы мне спадабаліся, вазьміце».

Мартынавы, дарэчы, таксама ўдзельнікі, так бы мовіць, бэбі-буму — іх малодшай, Маланні, — год і дзесяць.

«А старэйшаму, Валеру, — 20, нядаўна ажаніўся і цяпер жыве ў Бабруйску, — з парога тата, Генадзь Гена-дзевіч, знаёміць са сваёй сям’ёй. — Ёсць у нас яшчэ Герман, Еўфрасіння і На-дзя».

Дом у Мартынавых, як і сям’я, вялікі. «Раней мы жылі ў вёсцы, а потым брат загітаваў сюды пераехаць. Пад ільготны крэдыт купілі гэтае памяшканне. На тутэйшай зямлі, дарэчы, калісьці мой прадзед жыў», — Генадзь Генадзевіч бразгае чайнікам, а дзеці вядуць да вушака, дзе кожны адзначае свой рост.

Пакуль мяне мераюць, пытаюся, ці проста было рашыцца на такую вялікую сям’ю?

— Па маладосці хацелі дваіх, а потым падумалі, што гэта за сям’я — чатыры чалавекі? — падключаецца да размовы мацi Анжэла Валер’еўна. — Цяпер нас дзевяць. З дзецьмі, калі іх арганізаваць, нескладана.

— Толькі дні нараджэння запомніць цяжка, — кажу.

— Не ў нашай сям’і, — хітравата па-сміхаецца тата. — Валера і Надзя нара-дзіліся 9 лютага, праўда, з розніцай у 11 гадоў. Андрэй старэйшы за Германа роўна на два гады — хлопцы з’явіліся на свет 4 жніўня. Малання — на стары Новы год, Еўфрасіння — на Івана Купалу, ну а Мікіта — тады, як я ў бальніцы ляжаў, і гэты час якраз усе запомнілі. 

Выходжу з дома Мартынавых і разумею, што загадка дрыбінскага бэбі-буму для мяне так і засталася неразгаданай. «Дык яе і няма, — праважае да станцыі Генадзь Генадзевіч. — Людзі жывуць, выхоўваюць дзяцей, імкнуцца пакінуць пасля сябе нешта добрае. А лічбы — пакінем іх статыстыкам».


Афіцыйна

Святлана Абазовік, галоўны спецыяліст аддзела ЖКГ Дрыбінскага райвыканкама:

— Амаль усе шматдзетныя сем’і ў нашым раёне забяспечаны жыллём — калі не ўласным, дык сацыяльным ці інтэрнатам. У апошнім выпадку, вядома, людзі ўсё роўна хочуць палепшыць умовы, займець сваю кватэру і становяцца на ўлік. Зараз у раёне ў чарзе льготнікаў стаіць 31 шматдзетная сям’я, 14 з іх — у Дрыбіне. У гэтым годзе дзве такія сям’і набылі жыллё з дапамогай льготнага крэдыту.

Кацярына ПАНЦЯЛЕЕВА

panteleeva_katya@mail.ru


Бліц-апытанне

«Дзе лепш за ўсё гадаваць  дзяцей?» — спыталі мы ў нашых чытачоў-бацькоў


Алена РАБАВААлена РАБАВА, маці чатырохмесячнай Ганны:

— Як чалавек, які вырас у Мінску, скажу: у вёсцы, на свежым паветры. У маім дзяцінстве, на шчасце, у горадзе не было столькі машын і мы маглі смела гойсаць па двары. Зараз з пад’езда не выйсці — усё застаўлена іншамаркамі. Таму, калі з мужам даведаліся, што станем бацькамі, купілі невялікі дом у Крупскім раёне. Адзіны мінус — у вёсцы няма школы. Але ў нас ёсць машына — будзем вазіць.

Дзмітрый ТРЫФАНАЎДзмітрый ТРЫФАНАЎ, выхавальнік прыёмнага дома сямейнага тыпу № 2 г. Мінска:

— Галоўнае, каб дзеці раслі ў сям’і. Некалі я працаваў у фондзе, які дапамагаў інтэрнатам. Але сустрэчы, размовы — гэтага, здавалася мне, малым недастаткова. Па прапанове дырэктара Ястрабіцкага інтэрната стаў прыёмным бацькам для хлопчыка. Праз нейкі час мы з сынам пасябравалі яшчэ з адным выхаванцам інтэрната — дзевяцігадовым Сашам. І вырашылі ўзяць яго да сябе. Але я быў не жанаты, таму дазволу на гэта не атрымаў. Мы запрашалі Сашу на выхадныя і канікулы. І толькі праз чатыры гады, калі я ажаніўся, змог забраць яго да нас. Зараз мы з Наташай выхоўваем 11 прыёмных дзяцей. 

Ірына ТАРАСЕВІЧІрына ТАРАСЕВІЧ, кавалер ордэна Маці:

— Думаю, дзяцей лепш за ўсё гадаваць  у гора-дзе. Тут у іх больш магчымасцей для рэалізацыі. Наша вялікая сям’я жыве ў Магілёве. Два сыны і дачка займаюцца бальнымі танцамі. Пры гэтым мы з мужам кожны год аддаём іх у новыя танцавальныя школы. Розныя настаўнікі, лічу, даюць больш навыкаў. Чацвёртая — Малання — вучыцца іграць на цымбалах. Потым будзе асвойваць піяніна. Пятая — Ванэса — пакуль зусім малая, але, калі падрасце, зможа з лёгкасцю выбраць захапленне па душы. Дарэчы, у вялікім горадзе прасцей развівацца і бацькам. Зараз, напрыклад, мы разам са старэйшым сынам вучымся ў адным універсітэце па спецыяльнасці «правазнаўства». Толькі ён — вочна, а я — завочна. 

 Валянціна НАВІЦКАЯВалянціна НАВІЦКАЯ, маці касманаўта Алега Навіцкага:

— Не мае значэння, дзе дзеці растуць. Галоўнае, навучыць іх дапамагаць бацькам. Двух сыноў і дачку мы з мужам выхавалі ва ўласным доме ў Чэрвені. Таму хоць і жылі ў горадзе, малыя дапамагалі па гаспадарцы. Раніцай перад работай Віктар заўсёды раздаваў ім хатнія заданні. Алегу, напрыклад, трэба было распальваць кацёл, каб абагрэць дом. Нашы школьнікі прыходзілі з урокаў, гадзіну адпачывалі, паўтары — працавалі і браліся за кнігі. Зараз у мяне пяць унукаў, якія растуць у вялікіх гарадах. Таму на лета запрашаю іх да сябе, каб яны дыхалі свежым паветрам і адпачывалі ад мітусні. 

Была Дзісна, ёсць і будзе яна


Сорак вуліц, 780 дамоў, 8 крамаў, пошта, бальніца, школа, дзіцячы садок... Насельніцтва — як у вя-лікай вёсцы: 1800 чалавек. Але за лічбамі не відаць багатай гісторыі самага маленькага горада нашай краіны — Дзісны.

Фота Андрэя МІРАНЧУКА
Фота Андрэя МІРАНЧУКА

Знаходзіцца ён паміж курортным Браславам і старажытным Полацкам, таму турыстаў тут шмат. Асабліва ўлетку, калі чаўночыць паромная пераправа — невялікая платформа, разлічаная на дзесяць машын і паўсотні пасажыраў.

— У мінулым годзе адзначалі 600-гадовы юбілей горада, — кажа гісторык і вялікі знаўца тутэйшых месцаў Пётр Баговіч, які падахвоціўся быць маім гідам. 

Горад амаль з усіх бакоў акружаны вадой — тут злучаюцца Заходняя Дзвіна і Дзісна. Цераз апошнюю перакінуты вялізны стогадовы мост з драўляным насцілам — візітная картка горада. А ўздоўж берага ўецца вуліца Заліўная. Сваю назву яна атрымала яшчэ пры царызме, бо і сапраўды заліўная — у час веснавых паводак цалкам сыходзіць пад ваду. 

— Калі ўзровень вады ў Заходняй Дзвіне павышаецца, яна перапаўняе Дзісну настолькі, што тая цячэ ў процілеглы бок, мяняючы рэчышча. І тады наш горад ператвараецца ў Венецыю, — сустракаем на вуліцы школьніка Віктара Валенціка. — Бабуля ўспамінала, што ў 1931-м вада паднялася аж на дванаццаць метраў.

Пётр Баговіч кажа, што самы моцны, як зараз модна казаць, іміджавы ўдар Дзісна атрымала не ад шведаў, якіх калісьці выганяў адсюль паплечнік Пятра Першага Меншыкаў, а ад сваіх у пасляваенныя часы. Тады ў горада адабралі статус райцэнтра і аддалі яго Міёрам. Тлумачыць такое складана: у 1959 годзе ў Дзісне жыло 2500 чалавек, а ў Міёрах — толькі 1900. Але паспрабуй ты сёння ў размове з тутэйшым назваць Дзісну пасёлкам ці, крый божа, вёскай, табе раскажуць пра стагоддзi гісторыi, пра Магдэбургскае права, пра рамёствы, якімі горад славіўся, пра знакамітага земляка Язэпа Драздовіча, пра цудоўных артыстаў Аляксея Баталава і Аляксандра Дзянісава — рэвалюцыйнага матроса Гамаюна, бо фільмы з іх удзелам здымаліся менавіта тут. 

— У дзевятнаццатым стагоддзі тут знаходзілася Расійскае таварыства барацьбы за цвярозасць, — гісторык паказвае на старадаўні будынак і вядзе мяне па вузкіх брукаваных вулачках. Брук слізкі, гадамі і нагамі пацёрты добра, але мне дзіўна не гэта, а тое, што за польскім, як тут кажуць, часам кожны гаспадар у межах сваёй тэрыторыі лічыў сваім абавязкам вырваць нават траву, што між камянёў прабівалася. Праз густыя хмары пакрысе прабіваецца сонца, і ў яго промнях зіхаціць залатымі купаламі храм Уваскрэсення Хрыстова. Сюды, да абраза пятнаццатага стагоддзя Маці Божай Адзігітрыі і мошчаў пакутніка Канстанціна Жданава, прыязджаюць тысячы паломнікаў з усяго свету. 

У Дзісне ёсць нават свой востраў. Калісьці ён быў паўвостравам і на ім размяшчалася рэзідэнцыя Стэфана Баторыя. Аднойчы ён загадаў адрэзаць сушу ад берага, так і з’явіўся востраў, які і па гэты дзень носіць яго імя. Тутэйшыя знайшлі кавалку сушы практычнае прымяненне — пасвяць жывёлу.

— А што? Вады хапае, травы таксама, плошчы цэлых пяць гектараў, ды і статак не разбрыдзецца — з усіх бакоў вада, — тлумачыць пенсіянерка Вольга Нікіфарава.

У вадзе ля вострава ляжыць велічэзны камень. Легенда распавядае, што ў 16-м стагоддзі вікінгі назвалі яго Камень-Разбойнік, бо прапускаў ён толькі тых, хто плаціў даніну. А камянёў тут, дарэчы, шмат, бо горад стаіць на месцы тэктанічнага разлому. Асабліва добра яны бачныя ў засушлівае лета, калі рэкі мялеюць і агаляюць цэлыя каменныя выспы. 

Мясцовыя ўлады творча і нястомна працуюць над брэндам горада, каб надаць яму турыстычную прывабнасць. Таму ў невялічкай Дзісны маецца свая стратэгія паспяховага развіцця. 

У горадзе ўжо ёсць дзе заначаваць — гасцініца невялікая, на дваццаць месцаў, але ўтульная. Запрашаюць да сябе і ўладальнікі трох тутэйшых аграсядзіб. Фішка ў кожнага свая. Вольга Мароз, напрыклад, заваблівае наведвальнікаў бульбяной бабкай. З яе лёгкай рукі нашу нацыянальную страву нават уключылі ў Спіс культурнай спадчыны Еўропы.

— Рэцэпт перадаўся ад прабабкі. Націраю бульбу, наразаю цыбулю, дадаю шкварачкі... Гэтую «рванку» высыпаю ў патэльню і запякаю ў печы. А калі змазаць усё гэта смятанкай… — раскрывае кулінарны сакрэт гаспадыня «Сядзібы бабы Мароз».

Вольга прапануе сваім гасцям адправіцца ў вандраванне на байдарках па шляху з варагаў у грэкі, які пралягаў праз Дзісну. Асабліва падабаецца ідэя шведам. Мо таму, што іх далёкіх продкаў у свой час тут ладна адлупцавалі, а генетычная памяць — справа, зразумела, тонкая. Пры жаданні напамінкам пра тыя падзеі можа служыць слуп з шыльдамі, дзе пазначана адлегласць да некаторых гарадоў. Там і напісана, што да Стакгольма ад Дзісны 2450 кіламетраў.

А мінулым годам быў у горадзе сапраўдны шлюбны бум: адразу 32 пары вырашылі ўзаконіць свае адносіны, пры тым, што звычайна ў год тут святкуюць не больш за 15 вяселляў. Вырашылі і яшчэ адну вялікую праблему – паставілі нарэшце банкамат. 

— Уяўляеце, тут да нядаўняга часу яго не было. Хоць зарплата ўсім работнікам залічвалася на карткі, — разводзіць рукамі Юрый Фурс, былы супрацоўнік лінейнай вытворча-дыспетчарскай станцыі «Дзісна». – Адзін, праўда, стаяў на тэрыторыі завода, куды патрапіць маглі толькі работнікі па спецпрапусках. Прыходзілася прасіць знаёмых зняць грошы альбо ехаць у Наваполацк. Добра, што да яго на машыне хвілін дваццаць. 

Цяпер Юрый пераехаў у Полацк. Час ад часу бывае дома, праведвае маці. Зразумела, моладзь імкнецца ў вялікі горад, таму ў Дзісне большасць жыхароў — пенсіянеры. Іх тут 612 — трэць насельніцтва. Тым не менш вытворчы пульс гарадка б’ецца роўна. «Беспрацоўе ў нас самае нізкае ў раёне, усяго паўпрацэнта, — аперыруе лічбамі Аляксандр Качан, старшыня гарадской адміністрацыі. — Большасць жыхароў працуюць у лясгасе, мясцовым аддзяленні ЖКГ і філіяле швейнага аб’яднання «Віцяблянка». У мінулым месяцы мы газіфікавалі ўсе шматкватэрныя дамы, зараз узяліся за прыватны сектар».

Так што цяпер у Дзісне ёсць усе атрыбуты горада. Гарадскога транспарту, праўда, няма, затое прыгарадныя аўтакасы ёсць. Аўтобусы ходзяць часта: і ў Міёры, і ў Полацк, і ў Наваполацк, у Мінск. Вось і я падыходжу да касы і бяру білет з самага малога горада краіны ў самы вялікі.

Іна ГАРБАЦЕНКА

gorbatenko_inna@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter