Кожнаму па здольнасцях

Вундэркінды Міншчыны адзначыліся ў Ташкенце і на Балі

Вундэркінды Міншчыны адзначыліся ў Ташкенце і на Балі

А наперадзе — Арызона і яшчэ шмат іншых навуковых гарызонтаў, дзе бліскуча пакажуць свой талент нашы разумнікі і разумніцы. Работа з адоранай моладдзю ў сталічным рэгіёне ўзведзена ў прыярытэт. Гэта не проста сучасны накірунак дзейнасці, а штодзённая мэтанакіраваная праца, якая дае ўсё больш яркія і стабільныя вынікі. І гэта не можа не выклікаць радасцi і сапраўднага гонару за дзяцей, якія валодаюць грунтоўнымі ведамі, і за настаўнікаў, чый педагагічны талент выхоўвае будучую навуковую эліту.

Нехта можа паблажліва ўсміхацца, калі дашкаляты ці малодшыя школьнікі даследуюць каменьчыкі і сняжынкі. Але для многіх менавіта гэта даследчая цікавасць становіцца асновай для сапраўдных адкрыццяў. Якасць падрыхтоўкі нашых дзяцей усё часцей адзначаецца на міжнародным узроўні.

Днямі завяршылася 47-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда па хіміі. Яна праводзіцца штогод сярод школьнікаў шэрагу краін СНД, Балтыі і Паўднёва-Усходняй Еўропы. У сістэме прадметных алімпіяд высокага ўзроўню Міжнародная Мендзялееўская займае ўнікальнае месца па сваёй гісторыі і традыцыях. Сёлета яна прайшла ў сталіцы Узбекістана Ташкенце. Вынік юных хімікаў Міншчыны — «серабро» і дзве «бронзы».

Сярэбраны медаль прывезла Аляксандра Радчанка, дзесяцікласніца гімназіі № 7 г. Маладзечна. Яна ўвогуле паспяхова займаецца па ўсіх вучэбных прадметах, але да хіміі — асаблівыя адносіны. Такі вынік — заслуга сумеснай працы здольнай дзяўчынкі і яе настаўніцы Наталіі Данілаўны Пашчук. Творчы тандэм адзінаццацікласніка Ільі Зянькова і вопытнага педагога Святланы Генадзеўны Мельнікавай прынёс «серабро» ў скарбонку Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Цімафей Раманоўскі, вучань 11-га класа сярэдняй школы № 2 г. Слуцка, захапляецца хіміяй з ранняга дзяцінства. І гэта зразумела, бо заахвоціла да навукі яго мама, якая па спецыяльнасці хімік. А творчы настаўнік Наталля Мікалаеўна Чабоцька з поспехам развіла і ўмацавала гэты інтарэс. Вынік — мендзялееўская «бронза».

Медаль такой жа вартасці прывёз вучань жодзінскай гімназіі № 1 Захар Якубоўскі з далёкага інданезійскага вострава Балі. Юнак паспяхова ўдзельнічаў там у XX юбілейнай Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных (ICYS). Даследчая праца Захара «Перкаляцыя як мадэль фазавага пераходу» не толькі ўдастоена «бронзы», але і прызнана лепшым постэрным дакладам у секцыі тэарэтычнай фізікі.

Сёлета ў краіне ўпершыню праходзіў навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў «Belarus Science and Engineering Fair». Сталічную вобласць там вынікова прадставіў вучань гімназіі № 2 г. Салігорска Цімафей Малахоўскі. На заключным этапе конкурсу, які праходзіў у НАН і Парку высокіх тэхналогій, юнак прадставіў вынікі эксперымента па атрыманні псеўдасплаваў алюмінію і шкла і даследванні залежнасці іх супраціўляльнасці ад тэмпературы. Ён паспяхова абараніў сваю працу не толькі на рускай, але і на англійскай мове і атрымаў дыплом III ступені. Здольны хлопец уключаны ў склад каманды, якая будзе прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным навукова-інжынерным конкурсе «Intel International Science and Engineering Fair 2013» ужо ў маі ў горадзе Фініксе, што ў амерыканскім штаце Арызона.

Што ж, застаецца пажадаць нашым вундэркіндам далейшых поспехаў. Верыцца, што будуць яны яшчэ большымі.

На здымку: вучань гімназіі № 2 г. Салігорска Цімафей МАЛАХОЎСКІ.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter