Почти 4,8 млн иностранцев посетили нашу страну в прошлом году: есть ли шанс перекрыть эту цифру

Кожнаму госцю рады

Беларусь стала больш вядомая за мяжой. Наша краіна апынулася ў рэйтынгу найбольш прэстыжных месцаў для адпачынку і падарожжаў. Міжнароднае выдавецтва аб падарожжах надало нам такi статус. Мінск таксама ўзначаліў дзясятку гарадоў, рэкамендаваных для наведвання ў гэтым годзе. Жыхары якіх краін аддаюць перавагу адпачынку ў Беларусі, даведалася карэспандэнт «Р».

Нашу краіну ўсё часцей пазнаюць за мяжой. 

Пазнавальнасці нашай краіны за мяжой шмат у чым паспрыялі бязвізавы рэжым, а таксама падаўжэнне тэрміну знаходжання для замежных турыстаў да 30
дзён. Пра гэта расказала кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці Дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Марына Масташова. І прывяла некаторыя лічбы. Так, з пачатку дзеяння Указа № 8 «Аб устанаўленні бязвізавага парадку ўезду і выезду замежных грамадзян» толькі праз Нацыянальны аэрапорт краіну наведала каля 244 тысяч гасцей з 71 краіны свету. Часцей за ўсё паветраным транспартам да нас дабіраюцца з Германіі (больш за 40 000 чалавек), Італіі (крыху больш за 22 000) і Польшчы (21 800 чалавек). У топ-10 краін уваходзяць ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Латвія, Нідэрланды, Швецыя, Літва.

Дзякуючы лібералізацыі візавага рэжыму турысты, можна сказаць, ірванулі ў спецыяльныя турыстычныя зоны. Толькі Аўгустоўскі канал і Гродна з кастрычніка 2016 года наведала больш за 52 000 чалавек з 36 краін. У Белавежскую пушчу і турысцка-рэкрэацыйную зону «Брэст» з 1 студзеня 2018 года па 7 чэрвеня 2019 года прыбылі больш за 28 000 замежных турыстаў.

Ёсць свая статыстыка і ў Дзяржпагранкамітэта. Па звестках ведамства, у 2018-м у краіну ўехала амаль 4 млн 792 тыс. чалавек. Дзясятку краін, з якіх часцей за ўсё прыязджаюць, адкрывае Украіна. Затым ідуць Расія, Літва, Польшча, Латвія, Малдова, Германія, Казахстан, Турцыя і Ізраіль.

Нашы славутасці прыцягваюць турыстаў і з далёкага замежжа.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, па арганізаваным уязным турызме складваецца такая карціна. У мінулым годзе часцей за ўсё арганізаваныя туры ў нашу краіну куплялі турысты з Расійскай Федэрацыі, Літвы, Польшчы, Латвіі, Украіны, Германіі, Кітая, Іспаніі, Эстоніі і Вялікабрытаніі. Усяго ў 2018 годзе краіну наведала больш за 365 тысяч арганізаваных турыстаў. Гэта больш, чым у 2017 годзе, на 21 працэнт.

— Папулярныя напрамкі для грамадзян Расіі і СНД, Ізраіля і Германіі — нашы санаторыі,
— удакладняе старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулый. — На другім месцы — дзелавы турызм, на трэцім — экскурсійны. Яшчэ адзін запатрабаваны кірунак — актыўны турызм. Гаворка ідзе пра конныя паходы, сплавы на байдарках і іншыя актыўныя віды адпачынку. У гэтым вельмі дапамог бязвізавы парадак.

У апошнія гады для турыста робіцца шмат чаго. Зараз актыўна ўдасканальваецца заканадаўства ў сферы турызму Беларусі.

— Вялікае значэнне надаецца абароне правоў спажыўца: і самога турыста, і абароне добрасумленных тураператараў, якія працуюць на нашым рынку. Над гэтым пытаннем апошнія месяцы працуюць міністэрства, грамадскія аб’яднанні ў сферы турызму, тураператары, — удакладніла Марына Масташова.

Праект змен у Закон «Аб турызме» плануецца вынесці на грамадскае абмеркаванне ў ліпені. Плануецца таксама, што абноўленую рэдакцыю закона прымуць да канца гэтага года.

misnik@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter