Обзор книг Сергея Белояра «Расследаваннi iнспектара Сарвы» и Юльюша Словацкого «Баладына»

Космас у малiнавых кустах


Сяргей Белаяр. Расследаваннi iнспектара Сарвы.
Мiнск, Галiяфы, 2018

I вось яна, старая добрая сайнс фiкшн, альбо навуковая фантастыка, па якой ужо i засумавалi! Бо сёння жанр муцiраваў так, што часам не пазнаць: фэнтэзi, мiстыка, казка, антыўтопiя? Нiхто не забаронiць аўтару пасадзiць у зоркалёт мага i эльфа. Таму, калi сустракаеш у тэксце падрабязныя апiсаннi ўсiх гэтых узлётна-пасадачных модуляў, гiдработаў i крыяботаў, газавых храматографаў i скафандраў, куды трэба пампаваць кiсларод, а не магiчную прану, проста на настальгiю прабiвае. I прыём аўтар ужывае традыцыйны: дэтэктыў у дэкарацыях касмiчнай базы. Iнспектар Сарва — персанаж досыць умоўны, персанаж-функцыя. Гэткi касмiчны Шэрлак Холмс. Нават лупа ў яго ёсць, толькi «вельмi магутная». Лётае з планеты на планету, звычайна туды, дзе адбываецца таямнiчае забойства. Калi ў вiктарыянскiм дэтэктыве яно здараецца ў старым маёнтку i пад падазрэнне падпадаюць дамы i джэнтльмены, якiя там сабралiся, то тут, на касмiчнай базе, пад падазрэннем — вучоныя i астранаўты. Кнiга складаецца з апавяданняў, у кожным з якiх iнспектар Сарва расследуе новую справу, хаця часам яна доўжыцца цягам некалькiх аповедаў. Чытаецца лёгка, хаця вы пазнаеце шмат знаёмых хадоў з класiчнай дэтэктыўнай лiтаратуры i кiно. Варта было б пачысцiць русiзмы ды банальныя выразы кшталту «куды вы гнеце», «iграў вужлакамi» ды «абдоймы Марфея». Стыль дастаткова просты для чытва. Бонус: аўтар — гiсторык, таму ў кнiзе шмат зваротаў да мiфалогii, цытат са старажытных лiтаратурных помнiкаў. Забаўна назiраць, як мiстычныя рэчы знаходзяць рэалiстычнае тлумачэнне i ўплятаюцца ў сюжэт гiстарычныя тэорыi. 


Юльюш Славацкi. Баладына.
Мiнск, 2018

Вялiкi польскi паэт эпохi рамантызму Юльюш Славацкi не аднойчы бываў на Беларусi, у драме «Лiля Венеда» апiсваў палескiя балоты, у трагедыi «Мiндоўг» — Наваградак. Вядома, што творчасцю Славацкага захапляўся Янка Купала, верш якога «Смутна мне, Божа!» — рэмiнiсцэнцыя на твор Славацкага. Драма на пяць дзеяў «Баладына» лiчыцца адным з самых значных дасягненняў паэта. Безумоўна, у ёй — водгулле шэкспiраўскiх матываў, асаблiва лэдзi Макбет перагукваецца з галоўнай гераiняй Баладынай. Ёсць тут i перапляценне народных паданняў i легендаў. Напрыклад, гiсторыя пра тое, як рыцар не мог вырашыць, з якой з дзвюх бедных сясцёр ажанiцца, i даў iм заданне: хто хутчэй збярэ для яго збанок малiнаў, з той i ажэнiцца. I адна з сясцёр, не жадаючы прайграваць, забiвае другую. Злачынкай i з’яўляецца Баладына, якую аўтар абмалёўвае самымi чорнымi фарбамi. I матку яна сваю не прызнае, даводзiць да смерцi. I былога каханка на той свет адпраўляе, i законнага мужа, i паплечнiка па захопе ўлады, i сведкаў сваiх злачынстваў... Сядае на трон i гiне ад удару маланкі. Вядома, шмат дзе аўтар схаваў алюзii i намёкi на сучасныя яму падзеi — сёння мы далёка не ўсё ў стане расчытаць. Цiкава, што айчым Славацкага Аўгуст Бекю таксама загiнуў ад удару маланкі, што многiя, у прыватнасцi Адам Мiцкевiч, падавалi як Божае пакаранне за тое, што Бекю ў якасцi выкладчыка Вiленскай акадэмii дапамагаў у выкрыццi таемных студэнцкіх таварыстваў фiламатаў i фiларэтаў. Цяпер, калi лiтаратурны помнiк загучаў на беларускай мове, можна далей разважаць над яго загадкамi.

Выданнi для агляду прадастаўлены кнiжным магазiнам «Акадэмiчная кнiга», Мiнск, пр-т Незалежнасцi, 72.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter