Кошык з дробнай бульбы

Да кафэ я пад’ехаў крыху раней i нетаропка хадзiў па скверы. У гэтую пару тут нiкога не было. Я збiраўся вярнуцца на сцежку, што рэзала сквер папалам, як убачыў земляка. Вiктар Аляксеевiч стаяў на прыпынку ў шэрым капелюшы, цёмным палiто. У руках ён трымаў свой нязменны, вышараваны да бляску партфель.
Да кафэ я пад’ехаў крыху раней i нетаропка хадзiў па скверы. У гэтую пару тут нiкога не было. Я збiраўся вярнуцца на сцежку, што рэзала сквер папалам, як убачыў земляка. Вiктар Аляксеевiч стаяў на прыпынку ў шэрым капелюшы, цёмным палiто. У руках ён трымаў свой нязменны, вышараваны да бляску партфель. Было позна ўжо. Людзей паменшала i на вулiцах. — Яшчэ на дзень пастарэлi, – Вiктар Аляксеевiч азiрнуўся, нiбы баючыся, што хтось падслухае нашу размову. Iшлi мы пацiху. Я слухаў Вiктара Аляксеевiча, не перабiваючы нiводным словам. — Помнiш, я моцна хварэў? Некаторыя ўрачы паставiлi на мне крыж. Дый я сам думаў, што богу душу аддам. Ляжаў у анкалагiчнай бальнiцы. I толькi прафесар Мiкалаеў згадзiўся рабiць мне аперацыю. Але перад тым як легчы на аперацыйны стол, я папрасiў у прафесара адтэрмiноўку на пару тыдняў. Мне карцела паехаць у вёску, як нiколi цягнула туды. Хто ведае, чым магла скончыцца аперацыя. Карацей, прыехаў я ў вёску. Цёмна, хоць вока выкалi. Памалу даплёўся да хаты. А ўжо нi бацькi, нi маткi не было. Ад хутара амаль нiчога не засталося. Нiхто не гля-дзеў сядзiбу. Мне з сельсавета неяк пiсалi, каб я аддаў хату дзяржаве, iм трэба было пасялiць маладых аграномаў цi заатэхнiкаў. Аднак я заўпарцiўся: мая бацькаў-шчына! Маўляў, збiраюся вярнуцца на родную зямлю. Я спяшаўся: назаўтра павiнен быў вярнуцца ў горад. Тое ж, дзеля чаго я прыехаў у вёску, яшчэ не было зроблена. Я пакутаваў многа гадоў, думаў, i хто ведае, можа, хвароба з’явiлася ад гэтага. Я не мог так жыць болей. Паверыш, нiводную ноч не спаў спакойна. Дзiўна, як не звар’яцеў, бо мне часам нават удзень здавалася, што чую плач дзяцей i iхнiх бацькоў. Немагчыма перадаць усяго, што было ў маёй душы, дый наўрад цi адчуеш гэта, пакуль не перажывеш сам. Марудзiць далей было нельга. Я перайшоў вулiцу, адчынiў веснiчкi. Двор зарос муравою. Выпаўз з-пад павецi сабака, гыркнуў i замоўк. На лавачцы пад сцяной хаты ляжалi ватоўка i зiмовая шапка. Дзверы ў сенi былi адкрыты. Я выцер ногi аб дзяркач, хвiлiну пачакаў i пастукаў рукою па вушаку. З хаты пачуўся старэчы кашаль. Я вобмацкам знайшоў клямку, бо ў сенцах было цемнавата, i адчынiў дзверы. За сталом сядзеў дзядзька, якога спярша не пазнаў. — Сядай, у нагах няма праўды, — сказаў замест прывiтання. – Чый ты? А, Каўбасееў Вiктар, пэўна. Нiкога з маiх сыноў няма. Ён угледзеўся ў мяне i спытаў: — Чаго маўчыш, як вады ў рот набраўшы? Я выцягнуў з кiшэнi сшытак, напiсаў: “Хворы” — i паказаў рукой на сваю шыю. Стары завохкаў, падсеў да мяне блiжэй. Паспачуваў. Я напiсаў у сшытку, што вiншую яго з Днём Перамогi як былога партызана. Дзядзька захваляваўся, аж слёзы выступiлi з вачэй, дрыготкiмi рукамi скруцiў цыгарку. — Дзякуй, даражэнькi! Але ж якi я партызан. Вось Мiхась Кахёл ваяваў у партызанах, Пятрок Варажбiцкi – таксама. Я, браце, што – нiчога. Аднак успомнiў дзядзька сваю партызанку. Камандаваў ён сямейным лагерам. Там былi бабы i дзецi. Дзядзька так i сказаў: “Я глядзеў баб, каб галодныя не былi”. Зброi не хапала ў партызан. Камандзiр атрада аддаў яму карабiн без затвора. Каб бабам не было страшна. Дзядзька з гэтым карабiнам усюды хадзiў. I бабы не ведалi, што ў яго за зброя. Думалi, карабiн страляе. Аслабелай рукой я пiсаў далей: “У вас я ўкраў некалi кошык з бульбай”. Стары прачытаў i замахаў рукамi. — Навошта сягоння пра бульбу? Свята ж. А мо, хочаш таўканiцы? Дык я зараз. Я жыву як мае быць: поўны склеп бульбы, сала ў кубле, кумпяк пад бэлькай у каморы. Еш, Вiктар, чаго надзьмуўся як мыш на крупы. ...Вiктар Аляксеевiч змоўк, i мы даўгавата iшлi, слухаючы гаману ночы. Горад засынаў. Час быў познi, i я адчуў, што вельмi стамiўся. — Я ж табе галоўнага не сказаў, – ён нервова чыркануў сярнiчкай, спрабуючы прыкурыць. – Мусiць, дзядзька нарэшце ўспомнiў той кошык бульбы, пра якi я напiсаў у сшытку. Я табе казаў, што як прайшоў фронт праз нашу вёску, дык не засталося нiводнага падворка. Нiбы помнiкi, стаялi на папялiшчах комiны. Людзi жылi ў зямлянках, есцi не было чаго. Але мы, дзецi, гулялi i ў лапту, i ў нявест i жанiхоў, i ў Чапаева. Я быў занадта вясёлы, спрытны i лоўкi. Мо таму, што жылося трохi лепш, чымсь маiм дружбакам. Былi хлеб, бульба i да бульбы. Часам бывае вось такое шчасце. Мы адзiн перад адным выстаўлялiся сваёй смеласцю. Нехта лез на высокае дрэва, другi страляў з вiнтоўкi па вераб’ях, трэцi на рэчцы даставаў пясок з глыбiнi ў восем—дзесяць метраў. Мне таксама рупiла вызначыцца. У дзядзькi быў пограб у сенцах пад падлогай. Я вырашыў неяк туды залезцi. Якраз пасварыўся з яго сынам, з якiм сябраваў. Падумаў, што за такi ўчынак дружбакi прызнаюць мяне смелым. Удзень, калi ў хаце нiкога не было, я залез у пограб. Пабойваўся толькi, што раптам адчыняцца дзверы i мяне ўбачаць дзядзька альбо цётка. Дзяцей я чамусьцi не браў у разлiк. Як злодзей, я цiхенька адсунуў дошкi ўбок i спусцiўся ў пограб. Пашукаў у адным кутку, у другiм. Пуста. Пасвяцiў запалкай. Проста ў мяне пад нагамi штосьцi стаяла, накрытае пустым мехам. Я адкiнуў мех, пад iм быў кошык драбнаватай бульбы. Была вясна, i ўжо рыхтавалiся ў поле. Я абыякава глянуў на бульбу i ўзяўся рукою за лесвiцу, каб вылазiць з пограба. Раптам шалёная думка спынiла мяне. Я ўспомнiў былога сябра, з якiм мы пабiлiся, як пакрыўдзiў ён мяне брыдкiмi словамi, — i ўхапiў кошык. Мяне нiхто не заўважыў, я выбег з дзядзькавай хаты i поплавам падаўся на Алендры. Я ўявiў сабе, як будуць дружбакi зайздросцiць маёй смеласцi. Аднак штосьцi мяне спынiла. Па дарозе я выкiнуў кошык у рэчку, а бульбу перасыпаў у кашулю, якую завязаў накшталт торбы. На маё шчасце, хлопцы не спыталi, скуль бульба, усе былi галодныя. Пакiдалi бульбу ў цяпельца. Праз паўгадзiны ад яе не засталося i шалупiны. Толькi твары былi ў нас мурзатыя ад вуголля i попелу. Каля тыдня я спаў як нi ў чым не бывала. Забыўся пра гэты кошык бульбы. На свiтаннi iшоў у школу, а затым памагаў бацькам па гаспадарцы. ...Пад вечар мы з бацькам дааралi поле пад ячмень, i я пабег па нейкай патрэбе ў вёску. На кляштары пачуў дзiкi, немы крык. Быццам зноўку крычалi мадзяры, як два гады назад. Я прыпынiўся ў нерашучасцi, але дзiцячая цiкаўнасць пераважыла. Насупраць дзядзькавай хаты збiўся натоўп, а перад iм на зямлi ляжала цётка. Яна рвала на сабе валасы, ламала рукi, плакала i праклiнала злодзея, якi не пашкадаваў яе дзяцей. Праз дзень я адважыўся пайсцi ў вёску. Маiх сяброў нiдзе не было вiдаць. Я намерыўся забегчы да Захара Саўчынага. I ўбачыў iх. Цётка з дзецьмi, нiбыта жабракi, з торбамi цераз плячо павольна iшлi па вулiцы. З зямлянак выходзiлi бабы i мужыкi, нешта давалi iм. Хоць што там было ў людзей? Перабiвалiся з хлеба на квас. Дзень з алеем, два – галеем. Не чуючы ног пад сабою, я вярнуўся на хутар. Тата з мамай якраз павезлi гной на поле. Я хапатлiва набраў у мех бульбы з пограба i цераз сад, за хлеўчукамi, напрасткi пашыбаваў да кляштара. Сiл не было несцi мех, i я цягнуў яго за сабою па зямлi. Слёзы цяклi па твары. Я вымурзаўся, усё роўна нiбы возячы салому з поля. Не помню, як высыпаў бульбу на цётчыным двары, на якiм нiкога не было, як прыбег у сваю хату. Мама казала, што ноччу я крычаў у бяспамяцтве. Я захварэў i некалькi тыдняў ляжаў у ложку. Выйшаў на двор, калi заквiтнеў сад. З таго часу ў мяне сапсаваўся характар. Я стаў раздражняльны i яшчэ больш замкнёны. Многа гадоў збiраўся да цёткi, каб стаць перад ёй на каленi. Калi ж я напiсаў пра гэта дзядзьку, мне здалося, што ён не паверыў. Я думаю... Мусiць, дарэмна я раскрыў сваю душу? Цi зразумееш ты мяне? Прабач... Неспадзёўкi я падумаў, што Вiктар Аляксеевiч чагосьцi не дагаварыў. Наша вёска недзе пад пяцьсот двароў. Iхнi хутар на скрыжаваннi дарог. Да яго можна падысцi ад Прадмесця, Алендраў, Асады i ад Фурштата. Па якой дарозе ён iшоў да дзядзькi? Навошта ўтаiў ад мяне, свайго сябра, iмя дзядзькi i цёткi? — Чакай, дружа! – спынiў я сябе. Тата ж мой таксама быў у партызанах. Медаль яго схаваны ў хаце за бажнiцай, а пасведчанне загорнута ў цэлафан i стракатую насоўку. Як успамiнаю, тата часта ездзiў у Гута Мiхалiн. У Гута Мiхалiне многа ляжыць пад соснамi з iхняй брыгады. Ён браў мяне з сабой, недзе калi я быў у трэцiм класе. Была вясна. Iграў вайсковы аркестр. Мяне ўразiла тады, што плакалi дарослыя мужчыны. Слёзы былi i на вачах у таты. Гэты ўспамiн нечакана супакоiў мяне. Ззаду застаўся дом Вiктара Аляксеевiча, яго вокны. Злосць прайшла. Магчыма, нейкiя абставiны перашкодзiлi яму адкрыць дзверы. Пасля вячэры жонка палажыла дачку спаць, а сама пайшла да сяброўкi на восьмы паверх. Я пакурыў у калiдоры i вырашыў напiсаць пiсьмо бацьку. Сеў у кухнi, уключыў радыё. Раптам усплыло ў памяцi. На апошнiм курсе iнстытута я быў на канiкулах у вёсцы. У парку ля былой рамiзнi сабралася кампанiя мужчын i хлопцаў. Не помню, з чаго пачалася размова. Толькi кiнуў мне зняважлiва Iгнат Стрэк па мянушцы Пiлiп з канапель: “Твой бацька партызан? Ён баб i дзяцей вартаваў!” Я ледзь стрымаўся, каб не ўлупiць Пiлiпу з канапель. Раптоўная здагадка ўсхвалявала мяне. Не было з кiм падзялiцца ёю. Ды я пакуль i не хацеў бы... Я лiхаманкава пачаў перабiраць у памяцi галоўныя, на мой погляд, дэталi са споведзi Вiктара Аляксеевiча. Першае – сямёра дзяцей у сям’i. Прытым усе хлопцы. Другое – дзядзька ў партызанах быў у лагеры з жанчынамi i дзецьмi. Трэцяе – квiткi грашовых пераводаў на цвiку ля дзвярэй. Наўрад цi гэта ўбачыш у каго-небудзь, апрача майго таты. *** Дарэчы Шмат асацыяцый узнiкае ў мяне пры слове “бульба”. Таму што гэта не проста сельскагаспадарчая культура, а часцiнка быту i нават культуры нашага народа... Памятаю, у дзяцiнстве, як толькi сыходзiў снег, мы з мамай iшлi на поле, дзе калгас увосень убiраў бульбу, капалi зямлю, капалi i знаходзiлi халодныя, але жывыя бульбiны. I хоць часам траплялiся падмерзлыя, але яны ўсё роўна былi вельмi смачныя. У пачатку васьмiдзесятых гадоў я быў на вайсковых зборах. Люты, мароз да трыццацi градусаў. Наш узвод на двое сутак застаўся без харчавання. У адной вёсцы нам, можна сказаць, падаравалi вядро бульбы, якую мы адразу зварылi. I, дыхаючы гарачаю парай, дзякуючы незнаёмым шчырым людзям добра падсiлкавалiся. Мне i сёння здаецца, што нiчога смачней не еў, чым гэтая бульба ў мундзiрах. Я ўпэўнены, кожны здольны нешта падобнае ўспомнiць. Невыпадкова ў народнай беларускай песнi спяваецца: “Бульбу пякуць, бульбу вараць, бульбу ядуць, бульбу хваляць, з бульбы клёцкi, з бульбы каша...”. Кажуць, з яе можна згатаваць каля 1000 кулiнарных страў. Яна i добры лекар, i жанчынам дапаможа захаваць прыгажосць. А цi мелi б мы мяса i малако на сваiм стале без бульбачкi?! Таму з ранняй вясны i да глыбокай восенi спрадвеку ў беларуса клопат: як вырасцiць добры ўраджай i захаваць яго. Шмат працы i выдаткаў патрабуе наша красунька, але ж як без гэтага. Мала пасадзiць у зямлю, трэба добра кармiць, ахоўваць ад пустазелля, каларадскага жука i рознай iншай поскудзi, ласай да бульбачкi. Але ж калi з новага ўраджаю нагатуеш дранiкаў, хрусткiх, пахуткiх, тады зразумееш, што недарэмны быў твой гэты клопат. Так што iдэю зрабiць помнiк бульбе ўхваляю. Дарэчы, ёсць у яе назва “другi хлеб”. Для беларуса, магчыма, i першы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter