По самым скромным оценкам, на социальную рекламу тратится ежегодно минимум 1 200 000 рублей

Коратка пра галоўнае

Лаканічна сказаць аб важным пад сілу далёка не ўсім. А калі выказацца трэба за 20 секунд або з дапамогай аднаго малюнка і ўсяго пары слоў? Тая яшчэ задачка, пагадзіцеся. Між тым яе раз-пораз даводзіцца вырашаць дзяржорганам і выканкамам праз сацыяльную рэкламу. Каб прыцягнуць увагу людзей да грамадска значных праблем, прымусіць задумацца, паўплываць на паводзіны, заклікаць да патрэбных дзеянняў, сфарміраваць важную звычку. Наколькі вынікова, даведвалася карэспандэнт «Р».

Савет да ідэі

Штогод у краіне ствараецца больш за паўтысячы сюжэтаў сацрэкламы. Адкуль вядомыя такія лічбы? У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю вось ужо больш за пяць гадоў працуе Міжведамасны савет па рэкламе. Ён стартаваў у верасні 2013-га, калі востра паўстала пытанне якасці сацыяльных ролікаў і сюжэтаў. Таму вырашылі: размяшчаць іх на радыё і тэлебачанні, на транспарце, а таксама з дапамогай вонкавай рэкламы — тумбаў, бігбордаў, плакатаў — пасля ўзгаднення з экспертамі.

Лаканічна сказаць аб важным так, каб сэнс паслання дайшоў да мэтавай аўдыторыі, — задача складаная, але вырашальная.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
У іншых выпадках атрымліваць згоду неабавязкова, але можна. Больш за тое, пажадана прысутнічаць на пасяджэннях, каб у выпадку чаго быць гатовым патлумачыць сваю ідэю. І набрацца вопыту. Як-ніяк профі з улікам практыкі зваротаў грамадзян падкажуць, што і ў якой форме добра ўспрымаецца аўдыторыяй. Калі трэба — дапамогуць вызначыцца з мэтавай групай, месцамі размяшчэння. Прычым савет разглядае не толькі гатовыя работы, але і сцэнарыі — 43 для тэлебачання і 11 для радыёэфіраў у мінулым годзе. Гэта дазваляе яшчэ на этапе планавання сэканоміць час і грошы, калі заўвагі ўсё ж узнікаюць. Бо танней і прасцей падкарэкціраваць задумку на паперы, чым рэзаць ці здымаць нанова ролік.

Трэба сказаць, што да парад творцы ў апошні час сталі ўсё больш прыслухоўвацца. Як вынік — толькі амаль чвэрць сюжэтаў сацыяльнай рэкламы не праходзіць. Для параўнання: яшчэ год таму было ў два разы з лішнім больш.

Профі клічуць на дапамогу

Зрэшты, тыповыя заўвагі застаюцца тымі ж. А менавіта адсутнасць выразнай ідэі і сухая дэкларатыўнасць праблемы, а не прапановы, як яе вырашыць. Плюс далёка не ўсе сюжэты выклікаюць патрэбныя эмоцыі, не кажучы аб водгуку на сваё выкананне.

— На агульныя словы ніхто не рэагуе, — папярэджвае начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай МАРГ Іна Гаўрыльчык.Трэба падказаць, што можа зрабіць кожны канкрэтны чалавек, каб вырашыць тую ці іншую праблему. Бо ад нашых маленькіх крокаў залежыць, як здзейсніць вялікую справу.

Каб павысіць якасць рэкламы, эксперт заклікае не гнацца за колькасцю сюжэтаў, а працаваць над іх узроўнем. Не хапае крэатыву ў саміх — лепш звярнуцца ў спецыялізаваную кампанію. Дырэктар Асацыяцыі рэкламных арганізацый Валерый Боднар згодны:

— У краіне ёсць цэлая прафесійная індустрыя. Прыцягненне спецыя­лістаў у вытворчасць і размяшчэнне рэкламы істотна паўплывае на якасць і эфект.

Думаеце, бізнесу будзе нецікава? Па ацэнцы Валерыя Боднара, вельмі сціплай, як ён прызнаўся, гадавы бюджэт сацыяльнай рэкламы — мінімум 600 тысяч долараў у эквіваленце. 

— Трэба ацэньваць эфектыўнасць уплыву на аўдыторыю па канцы года, каб разумець, што спрацавала, а што не. Праблема паменшылася ці сышла — накіроўваем рэсурсы на іншыя пытанні, — пазначыў сваю пазіцыю Валерый Боднар.

Старшыня праўлення Асацыяцыі камунікацыйных і маркетынгавых агенцтваў Алена Усціновіч падтрымлівае калегу:

— Мы неаднаразова прапаноўвалі распрацоўваць тэмы па месяцах, паквартальна, на год, два, тры, якія планава вырашалі б сур’ёзныя праблемы.

Погляд з боку не перашкодзіць

Больш актыўна, чым іншыя, у мінулым годзе заяўляла аб грамадска значных праблемах Мінпрыроды — 44 сюжэты. Следам ідуць Міністэрства аховы здароўя, МУС, Мінадукацыі, Мінспорту і турызму, МНС і іншыя. Зрэшты, Іна Гаўрыльчык заўважае: актыўнасць дзяржорганаў вагаецца год ад года:

Іна ГАЎРЫЛЬЧЫК.
— Калі ў мінулым годзе хтосьці апынуўся ў канцы спіса, зусім не значыць, што ён пасіўны. Ёсць вельмі добрыя ролікі і сюжэты, актуальныя на працягу некалькіх гадоў. Каб яны не страцілі сваю значнасць, трэба мяняць каналы іх дзеяння, і тады рэклама працягвае працаваць.

Зрэшты, часам сустракаецца рэклама, якая, здаецца, вісіць гадамі. Выпусціў і забыўся — адна з праблем. Ці вось яшчэ: два бігборды на адну тэматыку побач. На жаль, сістэмнага падыходу да размяшчэння сацыяльнай рэкламы пэўнай тэматыкі ў нас пакуль няма, прызнае Іна Гаўрыльчык. Хоць дзяржорганы пачалі ўжо разумець значнасць сацыяльнай рэкламы і спрабуюць выбудоўваць кампанію, што называецца, па ўсіх франтах. Прыклад таму — МНС. Тут, па словах прэс-сакратара ведамства Віталя Навіцкага, сістэмна працуюць з 2013 года. І трэба прызнаць, паспяхова. Бачылі адну з апошніх рэклам на бігбордах, дзе супрацоўнікі МНС ратуюць супермена? Уражвае.

— Мы заказвалі даследаванне ў Інфармацыйна-аналітычным цэнтры пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Нашы назіраннi супалі з вынікамі: рэкламу бачаць, заўважаюць, ёсць эфект па ўсіх напрамках, акрамя аднаго. Гаворка ідзе пра неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. На жаль, за ўвесь час ніхто не змог прапанаваць нічога лепшага, чым завязаная цыгарэта або заклік завязаць з курэннем у ложку. Пакуль гэта лепшае, што ёсць, для вельмі спецыфічнай мэтавай аўдыторыі — людзей старэйшага ўзросту, якія злоўжываюць алкаголем, вядуць часам асацыяльны спосаб жыцця, без стабільных даходаў, — патлумачыў Віталь Навіцкі.

Магчыма, у вас ёсць ідэя для МНС? Знайшліся ж варыянты для Генпракуратуры — каля дзевяці сотняў плакатаў і двух сотняў відэаролікаў. Дзяржорган выступіў суарганізатарам Міжнароднага конкурсу сацыяльнай рэкламы «Разам супраць карупцыі!». Падрыхтоўка і ўзровень работ здзiвiлi не толькі наша журы, але i журы арганiзатара — Генпракуратуры Расii. У выніку беларускi ролік заняў першае месца, плакат — другое. Іншыя годныя творы, здаецца, мы зможам убачыць у бліжэйшы час на бігбордах і ў транспарце — сюжэты ўжо прайшлі ўзгадненне ў профільным савеце МАРГ.

druk@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter