Вандроўкі па Копысі. Чым знакаміт патрыярх дняпроўскіх паселішчаў

Копысь: патрыярх дняпроўскіх паселішчаў

АМАЛЬ два з паловай стагоддзі таму жнівеньскім днём адзін са старажытнейшых беларускіх гарадоў Копысь афіцыйна атрымаў свой герб. Некалькімі гадамі раней быў зацверджаны генеральны план забудовы гэтага заштатнага горада.



Упершыню пісьмова паселішча ўзгадваецца ў Ніканаўскім летапісе 1059 года як уласнасць Полацкага княства, затым — Смаленскага. З другой паловы ХIV стагоддзя — у складзе Вялікага Княства Літоўскага. У Сярэднявечча круты дняпроўскі бераг упрыгожыў замак. У час Паўночнай вайны ў ім спыняўся Пётр I. 

Мястэчка славілася выбіт- нымі майстрамі вырабу ўнікальнай керамікі з чырвонай гліны — так званай капыскай кафлі, якою аздаблялі царскія палаты Маскоўскага Крамля, еўрапейскія палацы, хрысціянскія храмы.

У розныя вякі Копыссю валодалі князі Астрожскія, магнаты Радзівілы, прынцэсы Нейбургскія. 

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам павета Магілёўскай губерні. Летам 1812 года яго акупіравала французскае войска. А ўвосень руская армія гнала назад ворагаў, разбітых на Барадзінскім полі. Каля Копысі праз Дняпро перапраўляліся рускія палкі на чале з галоўнакамандуючым Міхаілам Кутузавым. На прыдняпроўскіх прасторах слынны военачальнік Дзяніс Давыдаў нанёс знішчальны ўдар па спешна адступаючай французскай кавалерыі. 

На пачатку мінулага стагоддзя ў Копысі прызямляўся самалёт “Ілья Мурамец”, які выконваў пералёт з Пецярбурга ў Кіеў і назад. 

У 1924 годзе мястэчка стала раённым цэнтрам і было ім шэсць гадоў. У 1938-м атрымала статус гарадскога пасёлка. Цудоўныя прыдняпроўскія краявіды зачаравалі Янку Купалу. На прыбярэжнай кручы ў суседніх Ляўках па загадзе Урада паўстала лецішча народнага паэта.

 У час нямецка-фашысцкай акупацыі каля Копысі фарсіравала Днепр армія Гудэрыяна. Народныя мсціўцы актыўна змагаліся з ворагам. Мемарыяльным комплексам увекавечаны ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. 

Далейшае развіццё атрымаў гарпасёлак у пасляваенны час. 

Адзінаццаць гадоў таму бетонны мост праз Днепр звязаў Копысь з вёскай Александрыя. Гэтыя мясціны, як вядома, малая радзіма Прэзідэнта Беларусі.

У 2017 годзе згодна з указам Прэзідэнта распрацаваны генплан развіцця Копысі да 2046 года.

Старшыня выканкама пассавета Кацярына ВАЦУРА.

Прыгажосцю Дняпра, які пачынаецца на Валдаі і нясе свае воды праз рускія, беларускія і ўкраінскія прасторы да Чорнага мора, не аднойчы выпадала любавацца ў розных мясцінах. Кожнае спатканне з магутнай ракою непаўторнае. Чарговая вандроўка ў старажытную Копысь, выцягнутую на высокім левабярэжжы, падаравала яшчэ адну незабыўную сустрэчу з чароўным кутком. Дабірацца са сталіцы ў самы паўднёвы гарпасёлак Віцебшчыны лепш цягніком да Оршы і далей маршрутным аўтобусам ці прыгарадным дызелем. Курсіруе паяздок некалькі разоў у дзень і спыняецца на паўстанку Александрыя, што праз Дняпро ад Копысі.

Мне выпаў аўтобусны маршрут, які пралягае праз аршанскія аграгарадкі Бабінічы і Зубава. На хлебных нівах паабапал аўтатрасы працавалі збожжаўборачныя камбайны. За вёскай Красуліна мільгануў дарожны ўказальнік да крыніцы святога вялікамучаніка Панцеляймона. Безліч падобных вытокаў поўняць дняпроўскую плынь.

У 30-я гады мінулага стагоддзя з сябрамі-літаратарамі вандраваў па гэтых мясцінах Янка Купала. Ляснічы Мікалай Шыманскі паказаў гасцям лясны куточак каля вёскі Ляўкі. Зачаравала мясціна народнага паэта. Вырашыў ён збудаваць на крутым дняпроўскім беразе лецішча. Тут нарадзіліся радкі геніяльнага “Ляўкоўскага цыкла”.

Ветэран вайны і працы Фёдар ЖОЛУДЗЕЎ.

Галоўная вуліца Ляўкоў носіць імя Песняра. Тут створаны філіял Літаратурнага музея Янкі Купалы. Чвэрць стагоддзя тут ладзіла экскурсіі навуковы супрацоўнік Лілія Упенік, з якою сустрэліся ў пассавеце. Кожная сцяжынка ў Ляўках ёй знаёма. У Копысі яна выйшла замуж. Працавала майстрам на керамічным заводзе, а муж Аляксей Іванавіч — шафёрам. З маладых гадоў ён захапіўся гармонікам. Ні адно вяселле не абыходзілася без удзелу яго бацькі Івана Данілавіча, лепшага музыкі ў наваколлі. У яго пераняў майстэрства гарманіста сын Аляксей. З юнацтва падмяняў бацьку на званых вечарынах, вяселлях. І ў арміі не расставаўся з любімым інструментам. Адслужыў, вярнуўся ў родную Копысь. Зачараваў гарэзлівымі пералівамі чарнявую зямлячку Лілію. Згулялі вяселле. Маладая сям’я атрымала ад завода кватэру. Выраслі і займелі свае сем’і сын Аляксей, дочкі Таццяна і Валянціна. Падрастаюць восем унукаў. Яны ганарацца таленавітым дзядулем, які стаў лаўрэатам рэспубліканскага свята “Іграй, гармонік!”. Не горш за бацьку валодае інструментам сын Аляксей, які жыве з сям’ёю ў Смалявічах. Захапляюцца музыкай унукі: Прохар цудоўна іграе на скрыпцы, Ульяна і Настасся — на піяніна, а Вадзім і Антон — запраўскія гітарысты.

Больш за сорак мадэляў гармонікаў у калекцыі Аляксея Упеніка. Захоўвае ён іх на спецыяльных паліцах у кватэры, якая стала сапраўдным музеем музычных інструментаў. Пад мелодыі гармоніка сустракаў Аляксей Іванавіч гасцей у купалаўскіх Ляўках, да якіх з Копысі рукой падаць. Паміж Дняпром і аўтадарогай захавалася пасаджаная пры жыцці Купалы ліпавая алея. Быццам вартавыя, уздоўж шляху выстраіліся волаты-дубы.

Аляксей і Лілія УПЕНІКІ з унучкай Настассяй.

Лілія Іванаўна ўзгадала, як аднойчы вяла гасцей па цяністай сцяжынцы ўздоўж дняпроўскага берага, расказвала ім, што менавіта тут створаны “Ляўкоўскі цыкл” народнага паэта. Расповед крануў гасцей. Адна з іх сказала, што гэтымі святымі сцежкамі трэба басанож хадзіць. Класікі беларускай літаратуры часта наведваліся сюды. Уразілі Ляўкі Расула Гамзатава. Бываючы на роднай Аршаншчыне, заўжды завітваў у запаветны куточак Уладзімір Караткевіч.

У філіяле музея працуюць у асноўным жанчыны. Сваімі рукамі абуладжвалі круты спуск да ракі. Рыдлёўкамі аднаўлялі прыступкі, размытыя пасля дажджу. Прымацоўвалі жэрдачкі, каб гасцям зручней было спускацца. Не заставаўся ў баку гарманіст Аляксей Упенік, шчыраваў з рыдлёўкаю на дняпроўскім спуску ў Ляўках.

ПАСЛЯ наведвання філіяла Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Ляўках Аляксандрам Лукашэнкам у жніўні 2002 года тут усё кардынальна змянілася. Рэканструяваны будынак лецішча паэта, наведзены парадак на тэрыторыі. З вясны да восені турысты з розных куткоў Беларусі і замежжа прыязджаюць на аўтобусах, а пасля экскурсіі па купалаўскіх мясцінах адпраўляюцца ў багатую на гістарычную спадчыну Копысь.

Пенсіянерка Раіса АЎТУХОВА.

У цэнтры гарпасёлка ўсталяваны памятны знак у гонар майстроў па вырабе капыскай кафлі. Яна карысталася попытам у еўрапейскіх краінах. Як сведчаць гістарычныя дакументы, амаль тры стагоддзі таму мясцовыя майстры С. Грыгор’еў і І. Максімаў аздаблялі паліванаю кафляй палацы і храмы ў Маскоўскай дзяржаве. Стагоддзе таму працавала два дзясяткі заводаў па яе вырабе. Прадукцыя раскупалася. Да копыскай рачной прыстані прычальвалі купцы з поўдня і поўначы. Кафля мела форму чатырохвугольных плітак, якімі прыгожа абліцоўвалі печы і каміны. У пасляваенныя гады аднавіў дзейнасць кафляны завод.

На ім да выхаду на пенсію працавала Раіса Аўтухова, з якою сустрэліся на вуліцы ля калонкі. Яна прынесла з агарода вядзёрка свежавыбраных агуркоў, каб памыць перад засолкай. Пакуль вадзіца поўніла вядро, гаспадыня паведаміла, што ў маладыя гады прыехала з суседняга райцэнтра Круглае. Пайшла працаваць у цэх керамікі. Дзеці выраслі і раз’ехаліся. Унукі на канікулы імчаць да дняпроўскіх плёсаў. Чыстае паветра, настоенае на лугавых травах, свая гародніна, садавіна. Вось толькі каровы перавяліся ў Копысі. Засталіся тры на ўвесь пасёлак. Людзі прызвычаіліся, што ў магазінах багаты выбар малочных прадуктаў. Кінуўшы позіркам у бок Дняпра, Раіса Іванаўна адзначыла, што вялікі статак дойных кароў на другім беразе ракі. Многія жыхары гарпасёлка працуюць там на сучасным жывёлагадоўчым комплексе ААТ “Александрыйскае”. Заробкі высокія. На развітанне жанчына прапанавала пачаставацца яе экалагічна чыстымі агурочкамі. Грэх было адмовіцца.

У суседнім доме чакала сустрэча з ветэранам вайны і працы Фёдарам Жолудзевым. У верасні яму споўніцца 97 гадоў. Аўдавелага бацьку даглядае дачка Ларыса Фёдараўна. Да выхаду на пенсію яна працавала педагогам у дзіцячым садку. Фёдар Аляксандравіч захоўвае свае баявыя ўзнагароды, дакументы, што пацвярджаюць яго франтавыя заслугі. Ветэран напружвае памяць і ўзгадвае вострыя моманты перажытага за вайну.

Дырэктар Дома культуры Марыя РАМКОВА.

Гітлераўцы стварылі ў акупіраванай Копысі гета, у якое сагналі мясцовых яўрэяў. 14 студзеня 1942 года доўга не сціхалі стрэлы за ваколіцай. Фашысты расстралялі ні ў чым не павінных людзей.

Камуніст Т. Г. Марозаў і сёстры-камсамолкі Аляксандра і Зінаіда Шэвень арганізавалі ў гарпасёлку падпольную партызанскую групу. Народныя мсціўцы нападалі на варожыя гарнізоны, узрывалі баявую тэхніку, не давалі спакою акупантам. Уступіў у партызанскі атрад і Фёдар Жолудзеў. Пасля вызвалення Аршаншчыны ад гітлераўцаў яго прызвалі ў дзеючую армію. У апошнія месяцы вайны ў баі на подступах да Рыгі атрымаў цяжкае раненне ў левую руку. Лячыўся ў маскоўскім шпіталі. Пасля вайны вярнуўся ў Копысь. Працаваў фармоўшчыкам на керамічным заводзе. Пастаянна наведваюць паважанага ветэрана прадстаўнікі мясцовай улады. З ганка яго дома відаць дняпроўскі спуск, па якім ваенным летнім ранкам фарсіраваў раку танкавы корпус арміі Гудэрыяна.

ПАДЗЕІ, факты, асобы… Багата на гэта тысячагадовая Копысь. Цэнтральную яе частку ўпрыгожвае алея, што вядзе да вырабленага з дрэва ўвахода на “Пятроўскі вал”, на краі якога ўзвышаецца складзеная з бруса вежа. Цудоўны краявід Дняпра і прыбярэжных мясцін адкрываецца з глядзельнай пляцоўкі. Як на далоні паўстаюць патанаючыя ў зеляніне садоў сялянскія сядзібы Александрыі і Копысі. Ажурны бетонны мост злучыў размешчаныя паабапал ракі паселішчы. Пазалотай ззяе над жылымі дамамі левабярэжжа праваслаўны Спаса-Праабражэнскі храм, побач з якім па рачным беразе пракладзена экалагічная сцяжына. Насупраць “Пятроўскага вала” прывабна выглядае адрамантаваны будынак Дома культуры. Ёсць тут чым заняцца школьнікам, моладзі. Працуюць дзіцячыя гурткі па інтарэсах. Па выхадных і ў святы ладзяцца для моладзі дыскатэкі. На традыцыйны Купальскі фэст на александрыйскім беразе Дняпра ад гасцей яблыку не было дзе ўпасці ў Копысі.

Максім і Юлія ЦІМАШЭНКІ.

Старшыня выканкама пассавета Кацярына Вацура расказала, што для камфорту гасцей у гарпасёлку, дзе пражывае каля тысячы чалавек, адкрыта некалькі кафэ, сучасны супермаркет, харчовыя магазіны. Дваццаць гадоў Кацярына Фёдараўна працуе ў мясцовым Савеце. Радаслоўную кожнай сям’і добра ведае, бо сама тутэйшая. Умее патрабаваць і, калі неабходна, падтрымаць чалавека.

Не толькі цэнтральная частка Копысі выглядае прывабна, але і кожны закуток. Пенсіянеры муж і жонка Аляксандр і Тамара Жураўскія, з якімі сустрэўся ля выканкама пассавета, заўважылі, што падтрыманне чысціні і парадку стала звычайнай нормай для жыхароў пасёлка.

Копыскія дзеці.

АСАБЛІВАЯ ўвага надаецца пытанням экалогіі. Намеснік дырэктара сярэдняй школы імя Янкі Купалы Галіна Падбярэцкая назвала родную Копысь “куточкам ціхага шчасця”. І сапраўды, пасля сталічнага тлуму тут нязвыкла ціха і ўтульна. У школе плануецца адкрыць інфармацыйны цэнтр па пытаннях абыходжання са стойкімі арганічнымі забруджвальнікамі і небяспечнымі хімічнымі рэчывамі. Сярод старшакласнікаў будуць створаны валанцёрскія групы. У спецыяльна абсталяванай хімічнай лабараторыі можна будзе праводзіць аналізы наяўнасці хімічных элементаў у кампанентах навакольнага асяроддзя. Вучні шэфствуюць над філіялам Літаратурнага музея Янкі Купалы. У час летніх канікул дзейнічае аздараўленчы лагер. Валанцёры падтрымліваюць парадак у купалаўскіх Ляўках.
У апошнія гады колькасць навучэнцаў стабільна трымаецца на ўзроўні 80 чалавек. Вучацца тут дзеці з Копысі і суседняга аграгарадка Зубава. У перспектыве чакаецца прыбаўленне школьнікаў. Сёлета дзесяць першакласнікаў сядуць за парты. Радуе гэта педагога Аляксандра Бобрыкава. Дачка яго Кацярына сёлета закончыла школу і стала студэнткай Беларускага дзяржпедуніверсітэта імя Максіма Танка. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі настроена вярнуцца настаўнічаць у роднай школе. Бацькі пачалі будаваць ёй дом.

Намеснікі дырэктара сярэдняй школы Галіна ПАДБЯРЭЦКАЯ і Аляксандр БОБРЫКАЎ.

На вуліцы Аршанскай тры гады таму атрымалі ўчастак пад забудову маладажоны Юлія і Максім Цімашэнкі, якія запрасілі на сваю сядзібу. Па дарозе да новабудоўлі пачуў ад іх, што абыходзяцца без банкаўскіх крэдытаў. Цяжка без дзяржаўнай падтрымкі будавацца. Дапамагаюць бацькі. Максім прыехаў на Віцебшчыну з алтайскага Бійска. Закахаўся ў копыскую дзяўчыну і застаўся тут. У іх падрастае трохгадовы Кірыл. Юлія працуе кіраўніком спраў у выканкаме пассавета, а Максім — аператарам па газавым абсталяванні. Жывуць пад адным дахам з бацькамі. На наступны год настроены справіць наваселле.

ШТОГАДОВА прырастае Копысь падворкамі. У гарпасёлку дзейнічаюць лясніцтва, цэх па вытворчасці цвёрдых сыроў ААТ “Аршанскі малочны камбінат”, Цэнтр народнай творчасці і рамёстваў, камбінат будаўнічых матэрыялаў, сацыяльныя, медыцынскія, педагагічныя арганізацыі і ўстановы. Дрэваапрацоўчую вытворчасць адкрыў прадпрымальнік Аляксандр Ачкоўскі. У цудоўна адрэстаўраваным двухпавярховым муры, што побач з выканкамам пассавета, размясцілася бібліятэка.

Старажытная Копысь.

Сёння закладваецца яшчэ лепшае будучае “куточка ціхага шчасця”.

Аршанскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter