Конкурс руйнуе бар’еры

Традыцыйную сустрэчу кіраўнікоў дэлегацый за месяц-два да «Еўрабачання» звычайна з нецярпеннем чакаюць усе ўдзельнікі конкурсу і прыхільнікі
Традыцыйную сустрэчу кіраўнікоў дэлегацый за месяц-два да «Еўрабачання» звычайна з нецярпеннем чакаюць усе ўдзельнікі конкурсу і прыхільнікі, бо гэта не проста дзяжурнае мерапрыемства-знаёмства, а, так бы мовіць, адкрыццё заслонкі. Днямі ў Вене сталі вядомыя падрабязнасці, а дакладней, асаблівасці сёлетняга юбілейнага музычнага форуму. Усе чакалі абвяшчэння парадкавых нумароў канкурсантаў, але гэта стане вядома пазней, пасля прагляду ўсіх сцэнічных запісаў удзельнікаў. Нагадаем, што ў апошнія гады жараб’ёўка не праводзіцца.

Слова Вользе Шлягер, каардынатару праектаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і ЕВС, якая была ў складзе беларускай дэлегацыі:

— Удзельнікаў (а іх у гэтым годзе будзе рэкордная колькасць — 40) і гасцей 60-га юбілейнайга «Еўрабачання-2015» чакае вельмі насычаная праграма. Вена ўжо сёння напоўніцу жыве конкурсам, які адбудзецца ў маі. Арганізатары прадумалі ўсё да дробязяў, асноўныя аб’екты размясцілі па прынцыпе крокавай даступнасці. Цікава, што 17 мая дэлегацыі ўсіх краін-удзельніц пройдуць па чырвонай дарожцы.

Расказалі арганізатары і пра дызайн канцэртнай пляцоўкі. Як і ў мінулым годзе, грын-рум будзе размяшчацца ў самой канцэртнай зале. Гэты пакой і галоўную сцэну злучыць магічны мост, па якім удзельнікі будуць ісці перад сваім выступленнем. На пляцоўцы будуць працаваць 26 камер.

Сёлета арганізатары галоўнай ідэяй конкурсу абвясцілі разбурэнне бар’ераў паміж людзьмі. І гэта не проста словы. У час трансляцыі шоу будзе арганізавана вяшчанне для гледачоў з праблемамі слыху і зроку. Цікава, што ў гэтым годзе сярод удзельнікаў таксама ёсць людзі з пэўнымі асаблівасцямі. Так, напрыклад, Моніка Кушыньска з Польшчы, патрапіўшы ў сур’ёзную аўтакатастрофу ў 26 гадоў, ужо не змагла абходзіцца без інваліднага крэсла. Але гэта не спыніла спявачку ад працягу музычнай кар’еры. Як гаворыць Моніка, яе песня — спроба ўзвесці мост узаемаразумення паміж светам людзей з інваліднасцю і без яе. Такія ж мэты і ў фінскага гурта Pertti Kurikan Nimipaivat, які складаецца з людзей с сіндромам Даўна. 

Што датычыцца папярэдніх прагнозаў (а куды ж без іх?), то сярод лідараў італьянскія і эстонскія ўдзельнікі. Беларусы Юзары і Маймуна, як і расіянка Паліна Гагарына, пакуль не ўваходзяць у топ-10. Але, як паказвае практыка, бліжэй да конкурсу фаварыты могуць змяніцца. Больш за тое, букмекеры некалькі разоў наогул не заўважалі ўдзельнікаў, якія потым траплялі ў першую тройку.

А беларускі дуэт тым часам паўдзельнічаў у здымках візіткі, якая будзе паказана акурат перад іх выхадам на венскую сцэну. Гледачы з усяго свету ўбачаць сонечны Мінск і Траецкае прадмесце.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter