«Конiкi» супраць Мiкi-Маўса

Цi выстаiць унiкальны беларускі абрад пад цiскам поп-культуры?

Цi выстаiць унiкальны беларускi абрад пад нацiскам поп-культуры?

Калі хтосьці з Давыд-Гарадка, што на Століншчыне, паскардзіцца, маўляў, нешта сёлета ніхто не шчадраваў, ведайце: гэтаму чалавеку нельга верыць. Бо, бадай, толькі тут у Шчодры вечар на вуліцы выходзіць, здаецца, увесь горад. Выходзіць, каб прыняць удзел у вельмі старажытным абрадзе «Конікі». «Рухомы вандроўны тэатр, тэатр на нагах, тэатр песні і гарэзлівых скокаў, нічым не ўтаймаваная пластыка, сапраўдны карнавал» — менавіта так апісвае яго беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк, які расказаў карэспандэнту «Р» пра гісторыю і цяперашні стан адметнага народнага свята.

Як і штогод, сёлета ў Шчодры вечар Леанід Дранько-Майсюк наведвае родны Давыд-Гарадок. Тут — яго карані і цёплыя дзіцячыя ўспаміны пра «Конікі». 

Скарбнiк, Баба i Чорт з дзеркачом

— У абрадзе я прымаў удзел з самага дзяцінства, — прыгадвае паэт. — Аднойчы здарыўся вельмі цікавы выпадак. У той дзень да адной з жанчын з арміі вярнуўся сын. З радасці яна падарыла нам ажно 5 рублёў — на той час грошы папросту неверагодныя! Увесь вечар мы з хлапчукамі займаліся, кажучы сучаснай мовай, «распілам»: мянялі грошы на дробныя, каб аддаць усім належную частку. Паколькі я быў Скарбнікам, менавіта я першым і даведаўся пра наш небывалы поспех.

Дарэчы, Скарбнік — адзін з дзесяці традыцыйных вобразаў на «Конікі». Менавіта ён збірае і пільнуе падарункі ад гаспадароў, каб заробленае захавалася да заканчэння абраду. Побач са Скарбнікам увесь Шчодры вечар забаўляюцца Баран, Казёл і Мядзведзь, клякоча Бусел, спяваюць Дзед і Баба, Чорт з дзеркачом і Смерць у доўгім белым балахоне з пугаю. «Як шчоўкне — чуваць па ўсім горадзе!» — гаворыць Леанід Дранько-Майсюк. Ну а ўзначальвае парад, вядома, Конь.

— Чаму конь? — пытаецца паэт. — З гэтым звязана, як мінімум, дзве легенды. Паводле першай, князь Давыд, імем якога названы мой родны горад, аднойчы заблукаў у балотах непадалёк ад Прыпяці, а на сушу яго вывеў менавіта конь.

Другая легенда расказвае, што на месца будучага Давыд-Гарадка князь Давыд прыбыў на струзе, упрыгожаным драўлянай конскай галавой. Яна і ўказала, дзе трэба збудаваць горад. 

Конь цi валёнак?

На жаль, дзесяць масак класічных «Конікаў» засталіся толькі ва ўспамінах Леаніда Дранько-Майсюка. Сёння на вуліцах Давыд-Гарадка ў Шчодры вечар прасцей напаткаць Мікі-Маўса ці хлопцаў у масках маньяка з фільма «Крык».

— Балюча, што такі старажытны беларускі абрад губляе аўтэнтыку з-за амерыканізацыі, — шкадуе паэт. — Ужо немагчыма не пачуць, уключыўшы тэлевізар, што неабходна быць у трэндзе, быць крэатыўным. Толькі незразумела, што такога трэндавага ў песнях Алы Пугачовай, якія цяпер нярэдка выконваюць замест абрадавага спеву аб Залатой сасне — сімвале райскага дрэва з беларускай міфалогіі.

Сапраўды, традыцыйныя касцюмы ўсё часцей замяняюцца больш сучаснымі салдацкімі шынялямі, пластыкавымі маскамі замежных герояў, што не маюць да «Конікаў» ніякага дачынення. Але ўсё тая ж вялікая ўвага надаецца менавіта вобразу Каня — цэнтральнага ў абрадзе. 

 — Каб зрабіць касцюм Каня, бралі валёнак самага вялікага памеру і абшывалі яго коленшчынай (так у Давыд-Гарадку называюць белую тканіну. — Аўт.), — тлумачыць Леанід Дранько-Майсюк. — Перавернуты валёнак — галава Каня, яе мацавалі да вялікага каша, які плялі спецыяльна да «Конікаў» і таксама абшывалі белай тканінай. Да каша прывязвалі шлейкі, і той, каму выпадала быць Канём, апранаў яго на плечы. Ззаду да каша прымацоўваўся хвост, а на шыю — званочак, каб Каня было чутно здалёк.

Cотнi iскраў карнавалу

Пасля пераапранання ўсім «кагалам» дзесяць герояў абыходзілі горад, заходзілі ў кожны двор і спявалі пад вокнамі дамоў. У адрозненне ад Каляд, «Конікі» маюць больш вулічны характар, а ў хату па падарункі і пачастункі заходзіць толькі Скарбнік. Тыя, хто вырашаў не выходзіць на ганак, рызыкавалі пачуць: «Каб за год не даждалі!» Жартаўлівы, але ўсё ж праклён…

Дарэчы, адной з традыцый «Конікаў» была святочная бойка. Як толькі два Кані сустракаліся на вуліцы, яны браліся загрудкі і лупцавалі адзiн аднаго што было моцы. Але з цягам часу ад траўманебяспечнай практыкі адышлі. Затое з’явілася новая дэталь — шэсце «калектываў» па галоўнай вуліцы Давыд-Гарадка.

— На ногі Каню належала прыладзіць нешта нак¬шталт абцасаў ці шыпоў. Гэта ратавала ад падзенняў на слізкай дарозе. А з цягам часу, калі ўсе ўдзель¬нікі пачалі праходзіць такім своеасаблівым парадам па галоўнай вуліцы Давыд-Гарадка, шыпы зрабілі шэсце сапраўдным відовішчам, — тлумачыць Леанід Дранько-Майсюк. — У горадзе і сёння захаваўся стары польскі брук, і калі Коні з усяго горада ішлі па ім, з-пад «капытоў» выляталі сотні іскраў, і гэта нагадвала карнавал.

Свята пайшло ў масы…

Але гэта сёння Коні з Баранамі і Казлом свабодна разгульваюць па давыд-гарадоцкіх вуліцах. Пры падтрымцы мясцовых улад і дамоў культуры «Конікі» набылі цалкам легальны статус. А вось за савецкімі часамі на Шчодры вечар дзяжурыла міліцыя, ла¬дзіліся аблавы на жадаючых «збегаць у «Конікі», іх затрымлівалі і ўсяляк перашкаджалі выконваць свой святочны абавязак.

Зрэшты, сённяшнім маладым жыхарам горада тыя клопаты невядомы. Як становіцца ўсё больш незразумелым для іх і сам абрад «Конікі», што рызыкуе страціць не толькі ўнутраную сутнасць, але і знешнюю форму. Старэйшае пакаленне яшчэ трымаецца традыцыі, на самых старажытных вуліцах Давыд-Гарадка Мельніках і Радзічах яшчэ можна сустрэць сапраўдныя аўтэнтычныя «Конікі» з дзесяццю маскамі. Ёсць і тыя, хто, паводле старой традыцыі, не ходзіць у гэты дзень да доктара. А вось тое свята, што пайшло ў масы, ужо, на жаль, падобна на старажытнае хіба толькі назвай.

Зрэшты, гісторыя паўтараецца. Хто ведае, можа, і моладзі хутка надакучыць гульня ў «заходнікаў». І тады вяртанне да каранёў стане толькі пытаннем часу. А пакуль традыцыя ў надзейных руках. Тых, каму яна неабыякавая. Тых, хто ёю жыве.

-----------------------------------------

Цiкава

Абрад «Конiкi» прэтэндуе на ўключэнне ў Спiс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

-----------------------------------------

На здымку: цэнтральны вобраз абраду — конь — застаецца нязменным.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter