Переводов белорусской литературы на другие языки должно быть больше

“Коні асветы” імчаць

Наша дзяржава падтрымлівае і заахвочвае пераклады беларускай літаратуры, найперш класічнай, на іншыя мовы. І ёсць цікавыя важкія праекты, якія ўжо рэалізаваны і якімі можна ганарыцца.

Напрыклад, у 2011 годзе прэзентацыя аповесці Уладзіміра Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” адбылася адразу ў 10 краінах: Азербайджане, Арменіі, Казахстане, Латвіі, Літве, Малдове, Польшчы, Расіі, Украіне і Эстоніі. Да 80-годдзя пісьменніка гэты твор быў выдадзены ў новым выглядзе і афармленні. Пад адной прыгожай вокладкай, акрамя беларускамоўнага тэксту, “укрыліся” густоўныя пераклады на рускую, украінскую і англійскую мовы. Атрымаўся сапраўдны літаратурна-мастацкі шэдэўр, які сведчыць: культурныя сувязі між краінамі можна і трэба пашыраць на агульную карысць.

Можа вас тое здзівіць, але вялікі ўнёсак у справу літаратурнага перакладу зрабіла нядаўна наша хрысціянская грамада. У лістападзе 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы была прэзентавана кніга “Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста”. Гэта першы кананічны пераклад Новага Запавету на беларускую мову. Праваслаўная царква займалася перакладам 25 гадоў і стварыла версію Святога Пісання, якая адпавядае ўсім нормам сучаснай беларускай мовы. На гэтым мерапрыемстве адбылася і прэзентацыя першага поўнага рымска-каталіцкага выдання “Новы Запавет” на беларускай мове.

Так склалася, што з’яўленне Новага Запавету на роднай мове адбылося ў год, калі Беларусь святкавала 500-годдзе выхаду першай беларускай друкаванай кнігі Францыска Скарыны. Выдатны працяг традыцый!

Ёсць у нас і паспяховыя перакладчыцкія ініцыятывы, якія ажыццявілі прыватныя выдавецтвы, беларускія і замежныя. Да сучаснай беларускай літаратуры ёсць сёння цікавасць у Берліне, Вене, Парыжы, Мадрыдзе, Лондане і бліжэй: Варшаве, Празе, Кіеве, Маскве. У нашай роднай старонцы попытам карыстаюцца ў тым ліку англійскія, іспанскія, чэскія, польскія пісьменнікі (і нават такія экзатычныя, як албанскія і турэцкія), што ўзялі і без акцэнту “загаварылі” з нашымі чытачамі па-беларуску.

Некаторыя падобныя праекты рэалізуюцца, каб лягчэй было, талакою і потым выдаюцца асобнай кніжнай серыяй. Так, праект “Амерыканка” аб’яднаў перакладчыкаў раманаў чатырох пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі — Кена Кізі, Чака Паланюка, Чарлза Букоўскага і Маргарэт Этвуд. Дарэчы, шкада, што з-за ўнутраных праблем у ЗША, звязаных з падпісаннем гадавога бюджэту, амерыканская дэлегацыя выдаўцоў і пісьменнікаў не змагла наведаць Міжнародную кніжную выставу-ярмарку, якая па традыцыі праходзіла напачатку лютага ў Мінску.

З 1945 года ў нашай краіне выдаецца штомесячны часопіс “Нёман”, які спецыялізуецца на перакладах. Маем сёння і іншыя часопісы, якія надаюць вялікую ўвагу гэтай справе. Напрыклад, часопіс “ПрайдзіСвет”. Ужо па назвах асобных нумароў можна зразумець, літаратура якой краіны была абраная творчым калектывам для пераўвасаблення па-беларуску: “Габрэйскі акцэнт”, “Нарвежскі вецер”, Deutsche Vita... Паспяхова збірае вакол сябе перакладчыцкія таленты часопіс “Дзеяслоў”, дзе можна сустрэць пераклады нават са старажытнагрэчаскай мовы.

Новыя тэхналогіі, спосабы камунікацыі дазваляюць цяпер перакладчыкам пэўна даведацца пра чытацкія патрабаванні і густы, падтрымліваць з імі рэгулярныя энэргічныя кантакты. У прыватнасці, цераз сацыяльныя сеткі і адмысловыя сайты ладзяцца апытанні, каго з сучасных замежных пісьменнікаў людзі хацелі б пачытаць па-беларуску. І гэта робіцца не толькі з-за таго, што прыватныя выдаўцы баяцца змарнаваць грошы, а перакладчыкі — час і намаганні. Найперш, выбудоўваюцца больш шчырыя, трывалыя (і, так бы мовіць, інтымныя) сувязі ў трохкутніку “выдавец — перакладчык — чытач”. Падобнае стаўленне да працы дапамагае кожнай выдадзенай кнізе знайсці свайго ўдзячнага чытача. І не пыліцца на паліцах кніжных крамаў.

Некалі Аляксандр Пушкін назваў перакладчыкаў “паштовымі канямі асветы”. Грубавата, але трапна. З веданнем справы, бо паэт сам цягнуў гэты вазок і разумеў, як важна пашыраць новыя думкі і вобразы, ідэі і пачуцці па розных краінах свету. Вельмі хочацца, каб коні і далей імчалі праз Беларусь ва ўсе бакі. Каб беларускія кнігі ў перакладзе патрапілі ўсюды, дзе чытаюць, дзе думаюць і вераць, дзе маюць давер да чужых слоў.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter