2 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Яўгенія Лявонава

Комік на экране і трагік у душы

Гледачы памятаюць яго па дзясятках роляў у фільмах «Джэнтльмены ўдачы», «Афоня», «Міміно», «Восеньскі марафон», «Паласаты рэйс», «Кін-дза-дза!» і многіх іншых. А для некалькіх пакаленняў дзяцей яго голас — гэта перш за ўсё голас Вінні-Пуха з аднайменнага мультфільма. 2 верасня спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння народнага артыста СССР Яўгенія Лявонава.

Да таго, як ён стаў акцёрам, яму самому здавалася, што артыстаў з такой знешнасцю не бывае. Але калі пасля «Паласатага рэйса», дзе ён сыграў ілжэдрэсіроўшчыка, у яго з’явіліся мільёны паклоннікаў, стала зразумела, што гледачы даўно чакалі менавіта такога героя, самай важнай рысай якога была дабрыня. Яна выступала скрозь грым, нават калі ён іграў адмоўных персанажаў.

Яўгеній Лявонаў столькі здымаўся, што проста не паспяваў чытаць сцэнарыі, і калі чарговы рэжысёр спрабаваў давесці яму канцэпцыю сваёй карціны, прасіў: «Не трэба, раскажыце мне пра майго героя толькі дзве рэчы: каго ён любіць і што ненавідзіць».

З’яўленне яго імя ў тытрах забяспечвала поспех любога фільма. Рэжысёры лічылі яго сваім талісманам. У Георгія Данеліі ён пераходзіў з карціны ў карціну, фактычна не змяняючыся. Нават з адной і той жа песняй «На речке, на речке, на том бережочке».

Чыстая камедыя была для яго нецікавым жанрам. Камедыйным персанажам Яўгеній Лявонаў заўсёды імкнуўся дадаць праніз-лівых нотак і сваёй перамогай лічыў, калі гледачы пачыналі ўпотай выціраць слёзы на вачах.

Дзе б ён не з’яўляўся, па-свойску яго адразу клікалі за стол, прапаноўвалі ўпрыгожыць кампанію, адмаўляліся верыць, што ён амаль не п’е. Як здзівіліся б паклоннікі Лявонава, калі б ведалі, які ён на самай справе, калі іх няма побач, за кадрам. Рэжысёр Георгій Данелія ўспамінаў: «Ён маментальна мяняўся, ператвараўся ў стомленага чалавека, сумнага, не расказваў смешныя гісторыі, ні разу я не чуў ад яго анекдот».

Ён губляўся, калі яго прасілі расказаць пра сябе: працаваў на заводзе, потым у тэатры. Ажаніўся, здымаўся, сустракаўся з цікавымі людзьмі, гэтым і шчаслівы.

У яго была творчая запаведзь: хочаш стаць добрым акцёрам — не шкадуй сваё сэрца. Ён умеў гэта рабіць не толькі на сцэне або экране: выбіваў сябрам кватэры, дапамагаў з урачамі, юрыстамі, працай. Сэрца дало збой. Апошнія спектаклі «Памінальная малітва» ў Ленкоме іграў ужо вельмі хворы чалавек, які перажыў клінічную смерць. Але наконт гэтага, як правіла, аджартоўваўся, маўляў, зазірнуў на той свет усяго на некалькі хвілін, толькі каб убачыць любімую актрысу Ранеўскую, але, на жаль, так і не разгледзеў.

Яўгенія Лявонава не стала 29 студзеня 1994 года. Ён збіраўся ў тэатр, калі яго сэрца спынілася. Ніхто з гледачоў не здаў квіткі на той спектакль. У канцы яго герой Лявонава павінен быў сказаць: «Успамінайце мяне лепш са смехам». Яўгенію Паўлавічу вельмі падыходзяць гэтыя словы.

У тэму


Дакументальны фільм «Я кароль, дарагія мае!» да юбілею Яўгенія Лявонава 3 верасня пакажа АНТ. Аўтары раскажуць, якім быў акцёр у сям’і і ў працы, як ставіўся да сваіх роляў, знешнасці, папулярнасці, да родных і блізкіх, калег. У фільме ўдзельнічаюць сын артыста Андрэй Лявонаў, яго жонка Анастасія Лявонава, унук Яўгеній Лявонаў, Вахтанг Кікабідзэ, Святлана Немаляева, Станіслаў Любшын, Марк Захараў, Людміла Чурсіна, Любоў Мацюшына, Валерый Гаркалін. Эфір у 15.00.

Цытата


Яўгеній Лявонаў быў ко-мікам на экране і трагікам у душы. Ён гаварыў з экрана смешныя рэчы, а ў жыцці — вельмі мудрыя і правільныя словы. Яго кніга «Лісты да сына» — скарбонка шчырасці чалавека з вялікай душой і светлым сэрцам.

Праз усё маё жыццё, як і праз жыццё кожнага чалавека, прайшло столькі асоб, людзей. З кімсьці сутыкаўся бліжэй, а з кімсьці проста ехаў у машыне са здымак. Але ж кожны чалавек, калі зазірнуць яму ў вочы, — гэта цэлы свет. Будзь успрымальны да гэтых сусветаў. Тут пачатак мастацтва.

Думаю, зусім няздольных да дабрыні людзей няма. Бывае, што чалавек стаў жорсткім, і яму здаецца, што ў яго душы няма месца для дабрыні, але гэта памылка, гэта часова: не здзяйсняючы добрых спраў, чалавек адчувае сябе няўтульна ў гэтым свеце.

Страх — гэта яшчэ не слабасць. Вось калі страх прымушае цябе адступіць, калі ты беражэш свае сілы і ў выніку драбнееш сам — гэта слабасць.

Каб ведаць жыццё, трэба жыць. Не берагчы сябе ад канфліктаў сваіх і чужых, не баяцца небяспекі, рызыкі, не шукаць лягчэйшыя шляхі, не бегчы ад адказнасці, не думаць, што твая хата з краю і што вятры часу цябе не закрануць.

Ці ёсць у тваім жыцці чалавек, перад якім ты не баішся быць маленькім, наіўным, безабаронным, адкрытым і шчырым? Гэты чалавек і ёсць твая абарона.

Цішыня — гэта нейкі асаб-лівы стан свету і чалавечай душы. Мне здаецца, мы сябе адчуваем часцінкай прыроды, кропляй акіяна толькі ў цішыні. Па-за цішынёй нельга зразумець прыгажосць.

Бывае досыць усяго аднаго добрага слова, каб адчуць сябе акрыленым. І вельмі важна, каб гэтае слова было сказана пры жыцці чалавека.

Ірына ЮР’ЕВА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter