Чаму паляўнічыя гаспадаркі краіны ўзбройваюцца арбалетамі?

Колькi зiм, колькi лет, дружа — арбалет!

«Затаіла дыханне? Цісні на спуск — страляй!» — мой палец на курку першага зарэгістраванага ў краіне паляўнічага арбалета. Егер Павел Мамчуроўскі стаіць за маiмi плячыма, пакуль я, прыжмурыўшы вока, гляджу праз прыцэл на мішэнь — 3D-макет ваўка ў натуральную велічыню. Чулі? Міністэрства лясной гаспадаркі пачынае развіваць новы напрамак палявання — з арбалетам і лукам: больш паслуг — больш і цікавасці з боку замежных турыстаў. Карэспандэнт «Р» выпрабавала незвычайную зброю.

Памочнік егера Дзмітрый БОГУШ з паляўнічым лукам: «Няпросты занятак — паляваць з лукам на рыбу, але вельмі цікавы! Трэба быць вельмі ўважлівым».

Едзем у аграэкатурыстычны комплекс «Белы лось», што непадалёк ад вёскі Кроква Лагойскага раёна. Менавіта гэта паляўнічая гаспадарка першая напрыканцы мінулага года зарэгістравала арбалет.  Адчыняюцца вароты, і нас сустракае егер Павел Мамчуроўскі. Падводзіць да стала, дзе раскладвае цікавую зброю: арбалет, паляўнічы лук і лук для палявання на рыбу.

— Адлегласць стральбы арбалета — больш за сто метраў. — Егер лябёдкай нацягвае цеціву паляўнічага арбалета — сіла нацяжэння, дарэчы, 43 кілаграмы. Пасля ўстанаўлівае стралу. Яна ў палёце прашые любога наскрозь. — Для рэгістрацыі арбалета трэба было атрымаць сертыфікат і дазвол на яго выкарыстанне.

З арбалетам, які прыляцеў да нас з ЗША, можна паляваць на любога звера. 

Пакуль размаўлялі, егер падрыхтаваў паляўнічы арбалет і спартыўны. Паляваць буду не на жывых звяроў, а на 3D-фігуры, выкананыя з тоўстай гумы. Мы выходзім да месца, адкуль цэлі відаць лепш за ўсё — на траўцы размясціліся гумовыя воўк, барсук, фазан, янот і... пума. Плошча ўсёй паляўнічай гаспадаркі — 35 тысяч гектараў. Во-дзяцца ў лесе дзікія ласі — каля 115 асобін, казуль больш за 300, аленяў прыблізна 100. На іх можна хадзіць толькі ў сезон палявання. Напрыклад, на лася — з 20 жніўня па 31 снежня. Ёсць і вальер у 300 гектараў для высакароднага аленя. Вальернае паляванне дазволена круглы год. Нядаўна турыст з Арменіі ўсяго за гадзіну адстрэліў з карабіна пяць аленяў. А з гэтага арбалета ніхто яшчэ не паляваў. 

Тым часам Павел Іванавіч пазнаёміў з асновамі абыходжання з небяспечнай зброяй і распавёў аб сваёй працы:

— Мы кожны дзень падкормліваем жывёл: авёс, сена, саланцы, вітаміны. Ёсць і сем вышак, з якіх назіраем, дзе жывёлы знаходзяцца. Калі прыязджае паляўнічы, садзім яго на вышку чакаць, калі тыя ж алені выйдуць да падкорму. Аленя нялёгка ўзяць у дзікай прыродзе. Мая задача, як егера, вылічыць, дзе знахо-дзіцца жывёла. Ведаю, што з арбалетам прафесійным паляўнічым цікавей выходзіць. Па-першае, гэта даволі ціхая зброя, па-другое, яна сапраўды чымсьці нагадвае першабытнае паляванне. 

Бяру арбалет. Здымаю зброю з засцерагальніка, ногі на шырыні плячэй па дыяганалі, уціскаю ў плячо прыклад. Егер дае наказ: «Бачыш у аптычным прыцэле тры зялёныя кропкі? Твая мішэнь павінна быць у цэнтральнай». Бах! І прама ў дзясятачку — трапіла ў зону паражэння, ад чаго жывы воўк адразу памёр бы. Другі выстрал — і злёг барсук. Трэці 3D-паддоследны — пума. Усе выстралы былі зроблены на адлегласці ў 12 метраў. У рэальнасці я павінна была б стаяць ад жывёлы на дыстанцыі ў мінімум 70 метраў.

Калі шкада звяркоў, то можна «папаляваць» на 3D-мішэні жывёл са шчыльнай гумы.


Мне ўручаюць лук. Мой знак задыяка — Стралец. Але ён не апраўдвае сябе: нават не магу цеціву адцягнуць — сілы ў руках няма. 

— Паляўнічы лук павінен мець сілу нацяжэння цецівы не менш 27 кг. — Павел Мамчуроўскі сам бярэ лук і трапляе ў мішэнь. Хоць відаць, што таксама прыклаў нямала фізічных сіл. 

Дарэчы, зусім забыліся: пакуль мы рассякалі стрэламі паветра, імі ж сек ваду памочнік егера Дзмітрый Богуш. Глянем? Стоячы на калене ля штучнага вадаёма, ён страляе з паляўнічага лука ў рыбу. Трохі адцягнем яго ад занятку.

— Важна заўважыць момант, калі рыба плавае амаль зверху. Страляем з лука стралой, на якой ёсць шнурок, і цягнем да сябе, — тлумачыць ён. — Усе лучнікі кажуць, што на рыбу так паляваць больш цяжка, чым на звычайнага звера. Па-першае, таму што рыба ў пастаянным руху, а па-другое, калі страла трапляе ў ваду, траекторыя яе палёту праламляецца. Тут ужо асаблівы вакамер патрэбны, каб трапіць у цэль.

Дзень блізіцца да вечара, трэба збіраць арбалеты і лукі.

— Рабіць усё трэба акуратна. Гэту зброю, як музычныя інструменты, трэба наладжваць. Дастаткова іх злёгку выпусціць, і ўсё збіваецца. Дапамагае нам наладжваць зброю майстар спорту, чэмпіён Беларусі па блокавым луку, пераможца і прызёр розных міжнародных спаборніцтваў і член прэзідыума «Беларускай федэрацыі стральбы з лука» Алег Лаўрэнцьеў, — кажа Павел Мамчуроўскі.

Алег Лаўрэнцьеў не па чутках ведае, што стральба з лука і арбалета — гэта неабавязкова паляванне. Гэта яшчэ і захапляльны від спорту, які дазваляе падтрымліваць шыкоўную фізічную форму.

— Тыя, хто займаецца стральбой з лука і арбалета, ведаюць каштоўнасць кожнага стрэлу, — расказвае Алег Лаўрэнцьеў. — Яны не паляць у розныя бакі, а ўмеюць канцэнтравацца, падкрадацца, узважваюць усе за і супраць перад выстралам.

Як выявілася, стрэлы больш дарагія, чым патроны. Па словах Алега Лаўрэнцьева, страла каштуе ў сярэднім каля 10 долараў, а наканечнік — 5. У той жа час патрон — каля 2 долараў. Лукі каштуюць ад 300 долараў і вышэй. Што тычыцца арбалетаў, то іх кошт — ад 1 да 4 тысяч долараў.

— Паляванне з лука і арбалета добра развіта ў ЗША і Канадзе. У ЕС гэтак жа ёсць асацыяцыя, якая займаецца паляваннем з лукам. Там праводзяць курсы навучання і выдаюць ліцэнзіі, — гаворыць Алег Лаўрэнцьеў. — Думаю, што і ў нас ёсць вялікія перспектывы ў паляўнічым турызме.

Каментарый


— Паляванне з лукам і арбалетам у краіне дазволена з 2014 года. Выкарыстоўваць гэты від зброі можна толькі пры ўмове адпаведнасці прылады палявання пэўным тэхнічным параметрам, — паведамілі ў Міністэрстве лясной гаспадаркі. — За апошні час былі адзінкавыя спробы арганізаваць для іншаземцаў такое паляванне ў прыватных паляўнічых гаспадарках. Пакуль у паляўнічых гаспадарках Мінлясгаса такое паляванне не праводзілася. Зараз мы вядзём работу па прыцягненні паляўнічых, у тым ліку замежных, да дадзенага віду палявання. Усяго ж у 2016 годзе было арганізавана амаль 300 паляўнічых тураў для замежных паляўнічых.  Ад паляўнічага турызму арганізацыямі Мінлясгаса атрыманы даходы ў 2016 годзе ў суме 8488 тысяч рублёў.

alinakasel@gmail.com

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter