Колькi зарабляюць беларусы?

Белстат: У сярэднім кожны беларус у кастрычніку атрымаў $ 495

У гэтым годзе, мабыць, самай відовішчнай падзеяй для кожнага беларуса стала гонка паміж сярэдняй зарплатай па краіне і інфляцыяй. Ад таго, хто па выніках года выйдзе лідэрам у гэтым забегу, залежыць многае. У апошні час ва ўрадзе з трывогай адзначаюць, што заробак у асобных галінах эканомікі карыстаецца «допінгам» — яго рост не падтрымліваецца рэальным ростам вытворчасці. Але амаль кожны беларус такія «неспартыўныя паводзіны» тайна падтрымлівае.

На мінулым тыдні Белстат апублікаваў памер сярэдніх заробкаў па краіне. Паводле звестак ведамства, у кастрычніку намінальны налічаны сярэднямесячны заробак работнікаў дарос да Br 4228,4 тыс. У параўнанні з вераснем ён павялічыўся на 3,2 %, або на Br 131,7 тыс. Калі перавесці заробкі ў валютны эквівалент, то ў сярэднім кожны беларус у кастрычніку атрымаў па $ 495 у эквіваленце.

Зрэшты, насельніцтву больш цікавая зарплата не намінальная, а рэальная, разлічаная з улі-кам росту спажывецкіх цэн на тавары і паслугі. У студзені—кастрычніку 2012-га яна ў параў-нанні з аналагічным перыядам 2011-га павялічылася на 18,1 %. Цікава, але роўна на 18,1 % па выніках кастрычніка змяніўся індэкс росту спажывецкіх цэн. Менавіта такі ўзровень інфляцыі быў зафіксаваны ў краіне з пачатку года. Гэта значыць, рост заробкаў у краіне мае кампенсацыйны характар.

Прадстаўнікі якіх галін беларускай эканомікі на сённяшні дзень могуць лічыцца найбольш высокааплатнымі? Паводле даных статыстыкі, у кастрычніку ў прамысловасці ў сярэднім работнікі зарабiлi па Br 4836,9 тыс., у будаўніцтве — па Br 5388,4 тыс., на транспарце і ў сувязі — па Br 4716,8 тыс. Занятыя ў сельскай гаспадарцы мелі зарплаты ў памеры Br 3178,9 тыс., а ў галiне адукацыі — Br 2924,9 тыс. Дарэчы, педагогі, якiя, як лічыцца, традыцыйна атрымліваюць нашмат менш прадстаўнікоў іншых прафесій, маюць права скардзіцца на жыццё толькі адносна. У прыватнасці, сярэдняя зарплата настаўнікаў складае Br 3497,7 тыс., а вось прафесарска-выкладчыцкі састаў больш заможны — Br 5127,1 тыс. Прыкладна таксама адрозніваецца і заробак работнікаў аховы здароўя. У сярэднім медыкі зарабляюць па Br 3155,5 тыс., але калі ў кастрычнiку заработная плата сярэдняга медыцынскага персаналу складала Br 3135,7 тыс., то ўрачы атрымлівалі больш — Br 5325,1 тыс.

Дарэчы, паводле даных нядаўна праведзенага выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, у студзені—верасні 2012 года наяўныя рэсурсы ў разліку на адну хатнюю гаспадарку склалі Br 4511,2 тыс. у месяц. З улікам індэкса спажывецкіх цэн яны за год павялічыліся на 4,8 %. У сярэднім на члена хатняй гаспадаркі наяўныя рэсурсы склалі Br 1879,1 тыс. у месяц. У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы на 16,3 % перавысілі ўзровень сярэднедушавых наяўных рэсурсаў сельскіх жыхароў і склалі адпаведна Br 1950,4 тыс. і Br 1677,5 тыс. у месяц. Штомесячныя спажывецкія расходы ў студзені—верасні 2012 года склалі ў разліку на кожную хатнюю гаспадарку Br 3395,9 тыс. У іх структуры доля выдаткаў на харчаванне склала 43,9 %, на набыццё алкагольных напояў — 2,5 %, нехарчовых тавараў — 36,4 %, на аплату паслуг — 17,2 %.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter