Колькі каштуюць эмоцыі?

У мінулую суботу на аўкцыёне Sotheby’s у Нью-Ёрку была прададзена карціна таямнічага вулічнага мастака Бэнксі “Дзяўчынка з шарам”, створаная ў адзіным экзэмпляры ў 2006 годзе. Першапачаткова карціна ацэньвалася прыкладна ў 250—400 тысяч долараў, аднак на таргах яе прадалі за 1,4 мільёна долараў. І ўжо адзін гэты факт гаворыць пра ўнікальнасць і каштоўнасць лота.


У якім жа здзіўленні аказаліся ўдзельнікі аўкцыёна, асабліва новы гаспадар “Дзяўчынкі з шарам”, калі адразу ж пасля ўдару малатка ў раме ўключыўся здрабняльнік паперы, які парэзаў палатно на дробныя палоскі. Як пазней высветлілася, шродэр у карціну на выпадак, калі яна апынецца на аўкцыёне, Бэнксі ўманціраваў яшчэ некалькі гадоў таму.

Сусветная мастацкая супольнасць працягвае абмяркоўваць гэту незвычайную падзею. Незразумела — пасля пашкоджання карціна стала каштаваць нуль долараў або, наадварот, узляцела ў кошце? Цікавае меркаванне дырэктара аўкцыённага дома “Літфонд” Сяргея Бурмістрава: “Такую працу, як “Дзяўчынка з шарам”, можа паўтарыць любы прафесійны мастак, але мы купляем не толькі імя, але яшчэ і свае эмоцыі, якія не параўнаць ні з чым. Бэнксі няпросты мастак, яму пастаянна спадарожнічаюць нейкія скандалы. Гэты скандал можа вывесці знішчаную карціну ў разрад унікальных падзей дзесяцігоддзя”.

Сучаснае мастацтва выклікае нямала пытанняў. Многіх абурае тое, што ў якасці экспанатаў у музеях мастацтва можна ўбачыць і кучы смецця, і ўнітазы. І тое, што мастакі замест пэндзля выкарыстоўваюць часткі цела ці малююць крывёй альбо мачой. Для тых, хто ўспрымае мастацтва як нешта выключна прыгожае і натхняльнае, гэта сапраўды здаецца дзіўным, няправільным і разбуральным. Але, можа, мастацтва і не павінна быць прыгожым? Польскія эксперты Лешэк Карчэўскі і Малгажата Людвісяк упэўнены, што ўпрыгожваць — задача дызайну, у сучаснага ж мастацтва шмат іншых функцый: падштурхоўваць да разваг, правакаваць, шыфраваць эпоху для наступных пакаленняў, ствараць сістэму знакаў для аналізу свету вакол. І прынятыя каноны прыгажосці ў сучасным мастацтве не працуюць. Сёння каштоўнасць прадстаўляюць не столькі тэхнічнасць і высокае майстэрства, колькі ўменне сказаць новае. Таму нават простыя прадметы ў сучасным мастацтве могуць стаць асновай кампазіцыі. Пагадзіцеся, зараз вельмі складана прыдумаць нешта новае, выклікаць свежыя эмоцыі. У наш час няма недахопу ў карцінах, кнігах, фільмах, забавах, матэрыяльных рэчах... Але людзі ўсё роўна скардзяцца, што ім сумна жыць. Некаторыя шукаюць моцныя эмоцыі ў дэструктыўных рэчах — алкаголі, наркотыках і гэтак далей. Але гэта, безумоўна, не лепшыя крыніцы натхнення.

Акцыя Бэнксі, безумоўна, увайшла ў сусветную гісторыю мастацтва, а яшчэ ў душы мільёнаў людзей па ўсім свеце. Разрэзаць на кавалачкі карціну за 1,4 мільёна долараў?! Хто ж такому не здзівіцца? “Мы купляем не толькі імя, але яшчэ і свае эмоцыі”, — гаворыць пра Бэнксі Сяргей Бурмістраў, але гэта фраза выдатна падыходзіць да сучаснага мастацтва ўвогуле.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter