Прадпрымальнікі ўжо даўно скардзіліся на тое, што ім даводзіцца плаціць узносы ў Фонд сацабароны нават тады, калі яны часова не працуюць.
Кіраўніцтва фонду прыслухалася да пажаданняў i пры распрацоўцы змен у дзеючае заканадаўства іх прапановы зафіксавала ў праекце дакумента. Дэталі будучага ўказа ўжо шматлікім іпэшнікам паднялі настрой.

Праўда, некаторыя СМІ, падхапіўшы неабдуманыя каментарыі новай інфармацыі і прыняўшы іх за чыстую манету, сталі бударажыць публіку: нібыта прадпрымальнікі стануць плаціць радзей, але самі выплаты вырастуць.
Кропку ў непаразуменні нам дапамагла паставіць кіраўнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Наталля Паўлючэнка:
— Падобных нормаў у праекце ўказа не было і няма. Мы ўнеслі туды толькі тое, чаго самі ж прадпрымальнікі і дабіваліся: аплату ўзносаў па прынцыпе «не працуеш — не плаціш». Як і раней, гаворка ідзе аб выплаце ўзносаў з любой сумы, але не меншай, чым мінімальная зарплата. З больш буйных сум можна плаціць па жаданні.
Цяпер жа замест усяго года можна будзе разлічыцца з фондам толькі за той час, у які ты працаваў. Даныя, якія будуць пацвярджаць, што прадпрымальнік не ажыццяўляў дзейнасць, збіраюцца супастаўляць са звесткамі падатковых органаў. Таму прапарцыянальнасць адпрацаванаму часу дазволіць плацельшчыкам істотна скараціць свае выплаты, тым больш што на прычыну неработы ніхто звяртаць увагі не будзе.
Аднак бізнес-саюзы перасцерагаюць цяперашніх прадпрымальнікаў ад захаплення такімі «выгаднымі» ўмовамі. Дырэктар бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў Жанна Тарасевіч лічыць, што агучаныя ФСАН прапановы трэба яшчэ абмяркоўваць і дапрацоўваць:
— З аднаго боку, фонд пайшоў насустрач прадпрымальнікам, а з другога — яны самі павінны разумець, што калі не плацяць, то ў іх не будзе і страхавога стажу.
Усе гэтыя пытанні збіраюцца абмеркаваць у панядзелак падчас пасяджэння грамадска-кансультатыўнага савета па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінэканомікі.
Чым яшчэ цікавы распрацаваны праект указа? Да прыкладу, плануецца, што ІП павінны будуць выплачваць узносы ў ФСАН за наёмных работнікаў у абавязковым парадку. Акрамя таго, указ павінен вырашыць і праблемы з пенсіённым забеспячэннем самазанятых, якіх у апошні час у нас становіцца ўсё больш. Цяпер у іх няма магчымасці рабіць адлічэнні ў фонд, а значыць, яны не могуць разлічваць ні на бальнічны, ні на працоўную пенсію. Пасля прыняцця дакумента ў самазанятых з’явіцца магчымасць добраахвотна выплачваць узносы.
kuletski@sb.by