Колькі ў літры малака

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў прапанаваў налічваць зарплату кіраўнікам і заатэхнікам пасля здачы экзамена

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў прапанаваў налічваць зарплату кіраўнікам і заатэхнікам пасля здачы экзамена.


Чаму ў Ізраілі, дзе пастаянныя засухі, дояць ад каровы ў год 12,4 тысячы кілаграмаў малака, а ў нас, дзе засушлівае лета, гэта рэдкасць — атрымліваюць у тры разы менш? Гэтае пытанне задаў на абласным семінары-вучобе ў Шаркаўшчынскім раёне на мінулым тыдні намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар БРЫЛО. І сам жа адказаў на яго. 

Няма высокапрадуктыўнага статка. А ён адсутнічае  па той простай прычыне, што парушаны галоўныя прынцыпы пры вырошчванні каровы на самым яе пачатку: цяля з моманту нараджэння выпойваюць пераважна па-старому, праз соску, у той час калі трэба прымяняць зонд, каб жывёла поўнасцю засвоіла малозіва з разліку 10 працэнтаў на кілаграм вагі. А па-другое, асноўным кормам навароджанага з’яўляецца малако, калі па тэхналогіі патрэбна ўжо з чацвёртага дня яго жыцця даваць так званы стартавы камбікорм: КР-1 або “Мюслі”. Усё гэта прыводзіць да таго, што ў цяляці выпрацоўваецца добры імунітэт, практычна стопрацэнтная захаванасць маладняку без лекаў. А галоўнае, у першыя тры месяцы ў цялят фарміруецца рубец. Калі ўпусціць гэты момант, то потым, у будучым, ужо ніякай высокапрадуктыўнай каровы не будзе, колькі б і якіх кармоў ёй ні давалі.

Вось гэты новы падыход у тэхналогіі па вытворчасці малака і вырошчвання буйной рагатай жывёлы і стаў асноўнай тэмай семінара-вучобы, на які былі запрошаны ўсе старшыні райвыканкамаў вобласці, кіраўнікі і галоўныя спецыялісты жывёлагадоўлі сельскагаспадарчых арганізацый заходняй часці рэгіёна. Да гэтага падобныя мерапрыемствы праведзены ў Дубровенскім і Бешанковіцкім раёнах.

Улічваючы, што пачалася зімоўка жывёлы, лагічным было пытанне, як павысіць прадуктыўнасць статка? Травяных кармоў вобласць нарыхтавала больш, а ўраджай зерневых і ўвогуле пабіў усе рэкорды. Тым не менш малака пакуль што атрымана толькі на 1,5 працэнта звыш леташняга. У асобных гаспадарках бяздумна “паляць” кармы, а вынік слабы, бо зноў не вытрымана тэхналогія па якасці корму, яго прыгатаванні да скармлівання. Прыведзены такія прыклады: у сельгаспрадпрыемстве “Дрысенскі” Верхнядзвінскага раёна для атрымання літра малака расходуецца 0,9 кармавой адзінкі, а ў імя Дзімітрава Гарадоцкага — цэлых тры. У першым выпадку рэнтабельнасць малочнай галіны — 41 працэнт, у другім — мінус 30. Або практычна пры аднолькавых умовах на комплексах “Маяк Высокае” Аршанскага раёна і “Ліпаўцы” Віцебскага вынікі таксама прама супрацьлеглыя: на першым прывагі буйной рагатай жывёлы — 823 грамы ў суткі, на другім — 470. Прычым у “Ліпаўцах” на адзінку прадукцыі расходуецца кармоў у тры разы больш. Вось вам і ўся эканоміка і зарплата ў тым ліку. 

З чаго яе даваць? Менавіта на чалавечы фактар у здзяйсненні агучаных на семінары-вучобе задач звярнуў асаблівую ўвагу старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. Прагучала прапанова, каб у кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў і галоўных заатэхнікаў, ветурачоў па зададзенай тэме прыняць залік і ў залежнасці ад яго вынікаў налічваць зарплату. У кожным раёне на базе адной з гаспадарак стварыць узорныя малочна-таварныя фермы, на якіх вучыць работнікаў не толькі свайго, але і іншых сельгаспрадпрыемстваў.

Дарэчы, у Шаркаўшчынскім раёне гэта ўжо зроблена на ферме “Пялікі” ААТ “Даватарскі”, з работай калектыву якого азнаёміліся ўдзельнікі семінара. За 10 месяцаў валавая прыбаўка малака тут склала 13 працэнтаў, ад каровы надоена 4575 кілаграмаў. За кастрычнік — 439 літраў, або плюс 62 да мінулагодняга. 80 працэнтаў малочнай прадукцыі прададзена сортам “экстра”. (Віцебская вобласць наогул па якасці малака ў ліку лідараў: каля 40 працэнтаў рэалізуе сортам “экстра”.) На ферме замкнуты цыкл утрымання жывёлы: ад навароджанага цяляці да дойнага статка. Тут вытрымана ад пачатку да канца ўся тэхналогія, у тым ліку і вырошчвання цялят да трох месяцаў. Прысутныя маглі паглядзець, як праз зонд, які вырабіў наш ААТ “Інвет” з Бігосава Верхнядзвінскага раёна (раней закуплялі за мяжой прыстасаванне), цяляці ўводзіцца малозіва. Верхнядзвінцам трэба падзякаваць і за тое, што іх райаграсэрвіс зрабіў спецыяльную прыладу для “Амкадора”, каб акуратна выбіраць кармы з сянажных і сіласных траншэй.

Семінарам-вучобай у  Шаркаўшчыне і іншых раёнах вобласці справа не закончыцца. Вырашана паслаць дэлегацыю на “Савушкін прадукт”, каб там замацаваць перадавы вопыт гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы. Зразумела, гэта не пашкодзіць. Хаця можна і не ездзіць так далёка.

У сельгаспрадпрыемстве “Ларынаўка” Аршанскага раёна яшчэ сем год таму ўпершыню ў Беларусі прымянілі зонд для выпайкі цялят. Сёння ўдой ад каровы ў гаспадарцы дасягнуў 9 тысяч кілаграмаў малака. Яшчэ крыху — і будзе той жа вынік, што і ў Ізраілі...

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

saulich@bk.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Сергей ЛОЗЮК
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости