Колькі крокаў ад “девушки” да “паненкі”?

У нашым грамадстве ў адрозненне ад большасці краін свету не склалася агульнапрынятая форма ветлівага звароту да незнаёмага чалавека на вуліцы, у краме альбо ў грамадскім транспарце. Штодня мы карыстаемся ўжо звыклымі формуламі “малады чалавек”, “мужчына”, “жанчына”, “девушка”, якія ветлівымі (і нават проста літаратурна-пісьменнымі, калі, напрыклад, зварот “девушка” выкарыстоўвае наш беларускамоўны суайчыннік) назваць складана. Праблема адсутнасці агульнапрынятага звароту адчуваецца і падчас афіцыйных мерапрыемстваў: даводзілася чуць і “таварышы”, і “спадарства”, і мноства іншых варыянтаў. Ускладняецца яна яшчэ і тым, што ў нас у краіне двухмоўе. Дык ці можна яе вырашыць? Як гэта зрабіць на практыцы? У пошуку адказаў на гэтыя пытанні “Народная газета” звярнулася да дырэктара Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Лукашанца.

— Аляксандр Аляксандравіч, дык чаму ж склалася такая сітуацыя, пры якой, каб ветліва звярнуцца да незнаёмца, нам не хапае слоў?
— Нам не хапае не слоў, а культуры... Сапраўды, у нашым грамадстве няма адназначна ўстаноўленых формул ветлівага звароту ў розных сітуацыях зносін. Але і беларуская, і руская мовы, на якіх мы размаўляем, валодаюць дастаткова вялікім наборам формул ветлівага звароту да той ці іншай асобы. Так, у беларускай мове гістарычна выпрацаваліся такія формулы, як “пан — пані”, “спадар — спадарыня” ці ў адносінах да групы людзей — “спадарства”. Да нядаўняга часу пашыранай афіцыйнай формай звароту было слова “таварыш”. Цяпер яно выкарыстоўваецца даволі рэдка, але працягвае ўжывацца ў афіцыйным маўленні. У залежнасці ад сітуацыі маўлення, ад кола суразмоўцаў могуць быць і іншыя звароты. Скажам, у навуковым асяроддзі шырока распаўсюджаны зварот “калега”. Да блізкіх асоб можна звяртацца “дарагія сябры”, “шаноўныя калегі”. Усе гэтыя формулы звароту маюць права на існаванне, і праблема, магчыма, заключаецца ў тым, што некаторым з іх надаецца ідэалагічная афарбоўка, чаго не павінна быць.
— Але гэтыя ідэалагічныя адценні значэння зняць з некаторых зваротаў, напэўна, ужо немагчыма. Словы “спадар”, “таварыш” нясуць у сабе грамадскую, культурную нагрузку...
— Безумоўна, яны нярэдка ўказваюць на пэўную пазіцыю таго, хто выбірае іх у якасці звароту. Але іх выкарыстанне на нашай тэрыторыі абумоўлена гістарычна, і ў саміх па сабе гэтых словах няма нічога дрэннага. Напрыклад, трэба ведаць, што слова “таварыш” у якасці звароту ўжывалася значна раней за савецкі перыяд нашай гісторыі. Яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы была такая афіцыйная пасада — “таварыш міністра”. Формула “спадар — спадарыня” таксама існавала на Беларусі задоўга да таго, як набыла палітычна-ідэалагічнае гучанне. Адзін са сваіх твораў Кастусь Каліноўскі падпісаў: “Яська, спадар з-пад Вільні”. А што датычыцца таго, што пазбавіць многія формулы звароту ідэалагічнай афарбоўкі немагчыма — з гэтым я не пагаджуся. Я якраз лічу, што зараз адбываецца працэс зняцця гэтых палітычных і ідэалагічных напластаванняў у лексіцы беларускай і рускай моў наогул.
— Мабыць, усё ж прасцей было б знайсці нейкую нейтральную формулу, якая ўсімі ўспрымалася б аднолькава адэкватна? Напрыклад, у Францыі звароты “мадам” і “мсье” выклікаюць прыкладна аднолькавую рэакцыю і ў маладых, і ў сталых людзей...
— У рэшце рэшт, моўная практыка знойдзе такія формулы ветлівага звароту і ў нашым грамадстве, і яны стануць найбольш ужывальнымі. Так, сёння часцей за ўсё на вуліцы, у транспарце мы чуем: “жанчына”, “мужчына”. Але праблема тут — у нашай агульнай культуры публічнага маўлення. А выбіраць мы можам з многіх варыянтаў. Абсалютна нармальным мне падаецца зварот “грамадзянін — грамадзянка”. Так, за гэтым словам замацавалася пэўная сфера выкарыстання (звязаная з крымінальным светам — “гражданин начальник”). Але на самай справе слова гэтае мае значэнне “паўнапраўны член грамадства” і ніякага іншага. Абсалютна нармальным і прымальным можа стаць у паўсядзённым ужытку зварот “пан — пані”. На яго таксама навешаны ярлык запазычання з польскай мовы, але гэта — глыбокая гісторыя, зварот гэты даўно выкарыстоўваўся ў беларускай моўнай практыцы і мае права на існаванне. Дастаткова звярнуцца да творчасці нашых класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. З іх твораў бачна, што звароты “пан” і “пані” не нясуць у сабе таксама і саслоўнай дыферэнцыяцыі. Формула ветлівага звароту “спадар”  — усечаная форма беларускага слова “гаспадар” — суадносіцца з рускім “сударь” (таксама скарочаная форма слова “государь”). Зварот “спадар — спадарыня” гістарычна меў пашырэнне ў даволі вузкім рэгіёне нашай краіны — ён быў больш характэрны для паўночна-заходніх раёнаў Беларусі: Гродзеншчыны і Віленскага краю. Але ён таксама мае права на існаванне ў сучасным маўленні. Выбар — гэта заўсёды добра. Іншая справа, што трэба ведаць дарэчнасць выкарыстання той ці іншай формулы. Калі ўжываць у якасці формулы ветлівага звароту слова “спадар”, неабходна памятаць, што яно можа выкарыстоўвацца толькі ў спалучэнні з прозвішчам альбо імем. Можна сказаць “спадар Аляксандр” ці “спадар Іваноў”, але нельга — “спадар Аляксандр Іванавіч”. Так што гэты зварот прадугледжвае веданне імя ці прозвішча суразмоўцы. Словы “пан”, “пані” могуць ужывацца як у спалучэнні з імем ці прозвішчам, так і самастойна, проста як нейтральны зварот да абсалютна незнаёмай асобы.
Такім чынам, у гэтай сферы не трэба нічога новага шукаць ці вынаходзіць. Трэба толькі выхоўваць у грамадстве культуру публічнага маўлення.

 Думкі з нагоды

Звароты “жанчына” і “мужчына” жывучыя, як пустазелле Дырэктар дзяржаўнай установы “Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям”, псіхолаг-практык Андрэй ТУРАВЕЦ:
— Мову сімвалічна можна было б уявіць у якасці глебы. Слова — у якасці семені. Калі ўмовы спрыяюць словам “спадар”, “пан” ці “таварыш” — расліна прарасце. Можна спрабаваць штучна “прывіць” народу той ці іншы зварот, але гэта будзе нежыццяздольная расліна. “Жанчына” і “мужчына” — агульнаўжывальныя, непрыхатлівыя словы, так бы мовіць, пустазелле. Яны вельмі жывучыя таму, што прывязаны да палавых прыкмет чалавека. А звароты “пан”, “спадар” прывязаны да ўзроўню культуры, матэрыяльнага дабрабыту, іншых адносна тонкіх праяў індывідуальнай і калектыўнай псіхікі. І таму ім прыжыцца цяжэй.

“Пані” саступяць месца ў аўтобусе. “Бабцы” — не...  Раіса БАРАВІКОВА, паэтэса, празаік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы:
— Калі я бываю ў Польшчы, заўсёды з задавальненнем чую зварот да жанчыны — “пані”. У нас, калі жанчыне 70—80 гадоў, часцей за ўсё незнаёмыя людзі называюць яе “бабуля”, а могуць звярнуцца і абразліва — “бабка” ці “старая”. У палякаў да яе звярнуліся б “пані”, як і да юнай асобы. Калі гэта ў традыцыях народа, то надае грамадству інтэлігентнасці, узаемаразумення, стварае падмурак для ўзаемнай павагі. Сталай жанчыне, да якой звяртаюцца “пані”, хутчэй саступяць месца ў транспарце і дапамогуць паднесці цяжкую сумку. Тое ж датычыцца і мужчын: калі да прадстаўніка моцнага полу звяртаюцца “пан”, гэта, безумоўна, уплывае на культуру яго паводзін. У якасці прыкладу я ўзгадала Польшчу, але гэта — сусветная практыка. У Іспаніі па вуліцах ходзяць сеньёры і сеньярыты, у Францыі — мадам і мсье, у Англіі — лэдзі і джэнтльмены... Сёння, калі жыццё ў нас наладзілася, калі мы паспяхова будуем сваю дзяржаву, а ў грамадства ўліліся новыя пакаленні, можа, нам трэба было б зазірнуць у нашу гісторыю і паспрабаваць вярнуць у штодзённы ўжытак звароты, што існавалі ў нашых продкаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter