Першы намеснік міністра культуры - пра Дзень пісьменства, новыя конкурсы і развіццё турыстычнай прывабнасці рэгіянальных фестываляў

Колькі ў аграгарадках наватарства, звычаяў? Трэба падлічыць

У ГОД культуры профільнае міністэрства аб’явіла цэлы шэраг новых конкурсаў, каб стымуляваць супрацоўніцтва дзяржавы, творцаў і нават звычайных вяскоўцаў. Прэзентацыя гэтых праграм стала добрай падставай для карэспандэнта “СГ”, каб задаць некалькі надзённых пытанняў, на якія адказала першы намеснік міністра культуры Ірына ДРЫГА.


— Ірына Уладзіміраўна, у рэгіёнах праходзіць шмат культурных падзей, фестываляў і іншых цікавых праектаў, якія часцей за ўсё не робяцца вядомымі за межамі аднаго раёна ці вобласці. Напрыклад, праводзяцца пленэры мастакоў і скульптараў, народных майстроў... Якім чынам, на ваш погляд, можна зрабіць іх больш папулярнымі і развіць іх турыстычны патэнцыял?

— У гэтага пытання ёсць некалькі аспектаў. Па-першае, патрэбна больш актыўнае супрацоўніцтва паміж арганізатарамі такіх мерапрыемстваў і сродкамі масавай інфармацыі. Па-другое, зараз міністэрства аб’явіла першы ў краіне конкурс, у межах якога будуць вызначаны населеныя пункты (ад абласнога цэнтра да аграгарадка), што ў Год культуры ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё гэтай сферы, а таксама турызму. Пераможцаў вызначаць у кастрычніку, яны атрымаюць дыпломы і грашовыя прэміі — ад 100 да 150 базавых велічынь. Будзе ацэньвацца наватарства, а таксама захаванне традыцый і звычаяў кожнага рэгіёна. У нашай так званай глыбінцы вельмі шмат цікавых праектаў і фестываляў. Тыя аграгарадкі, што правядуць лепшыя мерапрыемствы і, напрыклад, стануць пераможцамі конкурсу на лепшы культурны аграгарадок, вядома, атрымаюць больш увагі.

— Ці будзе падобным чынам стымулявацца актыўнасць моладзі, асабліва кампазітараў і паэтаў? На жаль, мы ведаем не так шмат сучасных беларускіх песень, якія б спявала ўся краіна...

— Для таленавітай моладзі праводзіцца конкурс “Геній стартап”, усе жадаючыя таксама могуць паўдзельнічаць са сваімі прапановамі ў праекце “Культурныя ініцыятывы для Беларусі”. Будзе вызначаны і “Чалавек Года культуры”, упершыню асобна будзе адзначана лепшая практыка дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі. Акрамя таго, аб’яўлены конкурс на лепшую сучасную эстрадную песню пра Беларусь “Бела-тон”. Патрыятычныя песні працягласцю ад дзвюх с паловай да чатырох хвілін прымаюцца з 1 верасня па 1 лістапада на адрас Маладзёжнага тэатра эстрады. Спадзяёмся, што творы пераможцаў трапяць у рэпертуар нашых папулярных выканаўцаў, а магчыма, і стануць шлягерамі.

— Ці плануецца правесці адкрыты конкурс работ па вытворчасці кіна- і выдэафільмаў?

— Адбор заявак  ідзе зараз. Адкрыты конкурс праводзіцца у адпаведнасці з заканадаўствам па працэдуры аб дзяржаўных закупках. Умовы размешчаны на афіцыйным сайце міністэрства. Мы прапануем паўдзельнічаць кінакампаніям і прадзюсарам розных форм уласнасці, але рэзідэнтам Беларусі, якія маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкі. Плануецца падтрымаць 5 ігравых фільмаў, 12 неігравых і 10 анімацыйных. Іх тэматыка падказана тымі надзённымі пытаннямі, недахоп фільмаў пра якія зараз адчуваецца і што будзе актуальным у наступныя гады. Што датычыцца неігравых стужак, перш за ўсё гэта тэмы, звязаныя з сучаснымі абаронцамі Айчыны, органамі бяспекі і падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Яны таксама могуць быць прысвечаны сучаснаму жыццю Беларусі і сямейным адносінам. Нашы кінематаграфісты змогуць стварыць свае фільмы з дзяржаўнай падтрымкай. У заявах на ігравое кіно мы прапануем стварыць і кіна-, і тэлеверсію, каб гэтыя фільмы маглі пазней быць паказаны і на нашых беларускіх, і на замежных тэлеканалах. Тэмы дакументальных фільмаў — родная прырода, выдатныя дзеячы нашай культуры, музычнага мастацтва. Гэта фільмы, якія могуць зацікавіць тэлеканалы напярэдадні юбілейных падзей.

— Якія цікавыя культурныя акцыі будуць адбывацца ў Рагачове ў Дзень беларускага пісьменства?

— Гэта выставы літаратурных музеяў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. З цікавым выставычным праектам і шэрагам прэзентацый завітае ў Рагачоў і Нацыянальная бібліятэка. Будзе таксама і тэатральная пастаноўка. Гэта адзін з этапаў вялікага гастрольнага тура па краіне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. У год святкавання 75-годдзя са дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна нашы творчыя дзеячы выступілі з ініцыятывай правядзення гастрольнага тура са спектаклем “Пясняр” у пастаноўцы Валянціны Ераньковай па абласных цэнтрах, на фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, ХVI Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-2016”. Убачаць яе і ў Рагачове. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Беларусі імя І. Жыновіча ўзнавіў рок-оперу «Песня пра долю», якую Уладзімір Мулявін напісаў у 1976 годзе паводле паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня». У час “Славянскага базару” яна сабрала поўны зал. Хто такі сучасны пясняр? Якая яго роля ў беларускім мастацтве? Жыхары ўсіх рэгіёнаў змогуць убачыць два такія маштабныя праекты пры падтрымцы Міністэрства культуры.

yasko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter