Коласу праспявае Мiншчына з аркестрам

У Коласавых мясцiнах на парозе дома-музея Якуба Коласа вас нязменна на працягу дзесяткаў гадоў сустрэне гумарны дзядзька Юрка i ў гэтыя халодныя восеньскiя днi працытуе нашага знакамiтага земляка:

Пры шляху шырокiм,
Дзе стаiць камора,
Я на свет радзiўся
Пад глухi шум бору,
Позняю парою,
Восенню гнiлою...

Усё сваё працоўнае жыццё Георгiй i Соф’я Мiцкевiчы зберагаюць спадчыну Якуба Коласа: Георгiй Мiхайлавiч — унук дзядзькi Юзiка, роднага брата песняра. Спадчына гэта немалая — чатыры фiлiялы Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, куды перабiраўся з леснiчоўкi ў леснiчоўку радзiвiлаўскi ляснiк Мiхал, шлях Коласа ў драўляных скульптурах, прыроднае наваколле, якое з’яўляецца заказнiкам i ахоўваецца законам, у тым лiку знакамiтыя лiпы i дубы.
Гэта восень вельмi адметная ў Коласавых мясцiнах. Дзядзька Юрка зверне ўвагу на тое, што лiчба 6 у бiяграфiчных гадах класiка беларускай лiтаратуры несла за сабою значныя падзеi, вехi. У 1906 годзе ў Вiльнi ў газеце “Наша доля” быў надрукаваны першы верш, у 1916-м годзе Кастусь Мiцкевiч быў прызваны ў армiю i трапiў на румынскi фронт, у 1926 годзе нарадзiўся сын Мiхась, у гэтым жа годзе Якубу Коласу было прысвоена званне народнага паэта Беларусi, у 1936-м ён выбiраецца дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, у 1956 годзе закончыўся зямны шлях паэта. У архiвах спадчыны Якуба Коласа асобным радком будзе ўпiсаны i год 2006-ы. Творчасцi народнага паэта Беларусi прысвячаецца вялiкае свята беларускай песнi “Мiншчына спявае з аркестрам” з удзелам Нацыянальнага аркестра сiмфанiчнай i эстраднай музыкi Рэспублiкi Беларусь пад кiраўнiцтвам народнага артыста Беларусi Мiхаiла Фiнберга. Лiтаратурна-музычнае свята ўмесцiць Коласаўскiя чытаннi, мастацкiя выставы, конкурсы песнi. “Каласавiны” ўвянчае гала-канцэрт “Мая Радзiма — Беларусь”. Упершыню пасля вялiкага капiтальнага рамонту прыме артыстаў i гледачоў Старасвержанскi цэнтр культуры на базе першага ў раёне аграгарадка з аднайменнай назвай. Шмат клопатаў легла на Стаўбцоўскi райвыканкам на чале з яго старшынёй Ігарам Радзюком, на раённы аддзел культуры, якi ўзначальвае Анатоль Грэкаў. У гэтай рупнасцi арганiзатарскiя здольнасцi кiраўнiкоў па праву заслужылi быць высока ацэненымi.
Як нiколi ў гэтыя днi ажывяцца Ласток, Альбуць, Акiнчыцы, Смольня i Мiкалаеўшчына. Загадчык фiлiялаў Дзяржаўнага лiтаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа на яго радзiме Соф’я Мiцкевiч гаворыць, што экскурсаводы будуць займацца сваёй звычайнай паўсядзённай справай — сустракаць гасцей i расказваць пра жыццё i творчасць беларускага песняра. Аднак прыезд такой шаноўнай i прадстаўнiчай публiкi, знакамiтых людзей намагае парупiцца навесцi ўсюды парадак, закончыць планавыя справы. У музеi ў Смольнi, напрыклад, праводзiцца электрычнае ацяпленне. У Альбуцi музейныя будынкi перакрыты новай гонтай, i яны — зноў у гармонii з саламянымi стрэхамi гуменца i хляўца, дзе таксама працуе музейная экспазiцыя. У фiлiялах музея ажыццяўляецца новы вiдэапраект. Зняты вiдэафiльм “Шлях Коласа” — жывы экскурс па радзiме песняра. Гэты вiдэафiльм набываюць настаўнiкi роднай мовы i лiтаратуры, краязнаўцы, музейныя работнiкi. Цяпер рыхтуецца яшчэ адзiн фiльм. Увасабляецца iдэя паказаць прыроду Коласавых мясцiн праз прызму паэмы “Новая зямля”. Вось у такiх клопатах, гаспадарчых i творчых, жывуць захавальнiкi Коласавай спадчыны муж i жонка Мiцкевiчы, якiя працуюць тут на працягу ўсiх 28 гадоў з дня заснавання мемарыяльнага заказнiка. У музейныя экспазiцыi, што так саграваюць даўнiнай драўляна-даматканага ўжытковага побыту продкаў, Мiцкевiчы не-не, ды i ўнясуць iмгненне дня. На аконцы, куды заглядваюць гронкi спелай рабiны, у глiняным збаночку пра пару года нагадаюць жывыя хрызантэмы. А дзядзька Юрка, непераўзыдзены дэкламатар “Новай зямлi”, так раскажа пра кожны экспанат радкамi з гэтай сапраўднай энцыклапедыi сялянскага быту, што слiнкi пацякуць ад каўбас, якiя вудзiлi з мачанкi небажаты, дзевяць дзяцей сям’i Мiцкевiчаў, ажыве куфэрак, запахне лесам бурнос Мiхала i нешта далёкае нашэпчуць кросны Ганны...
А да Якуба Коласа, калi ласка, сёння і заўтра. Гэта яму будзе спяваць Мiншчына з аркестрам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter