Першыя тоны хлеба новага ўраджаю паступілі на нарыхтоўчыя пункты Вiцебскай вобласці

Колас палеглы, але важкі

ПЕРШЫЯ тоны хлеба новага ўраджаю паступілі ў мінулую суботу на нарыхтоўчыя пункты вобласці. Пачатак зрабілі хлебаробы адкрытага акцыянернага таварыства «Ведрынскае-Агра» Чашніцкага раёна. 

Першы сноп дырэктару ААТ «Іванскае» Віктару УНУКОВІЧУ
Першы сноп дырэктару ААТ «Іванскае» Віктару УНУКОВІЧУ

На Полацкім камбінаце хлебапрадуктаў машыну са збожжам сустракалі дырэктар прадпрыемства Васіль Хамёнак і намеснік па якасці Алена Барадзіна. Яны ўручылі намесніку дырэктара гаспадаркі Уладзіміру Касцюкову свежавыпечаны каравай, выказалі хлебаробам гаспадаркі ўдзячнасць і пажаданне поспехаў на жніве.

Першую партыю адборнага зерня ў 20 тон адправілі ўчора на Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў і ААТ «Іванскае» гэтага ж раёна. Дырэктар акцыянернага таварыства Віктар Унуковіч паведаміў, што тры чвэрці з амаль трох тысяч гектараў збожжавых займае азімая пшаніца. Ураджай вырашчаны лепшы, чым у мінулым годзе. Калі на круг намалацілі па 36 цэнтнераў, то сёлета, па падліках, павінна выйсці не менш за 42—45. Першыя гектары і ўвогуле даюць звыш пяцідзесяці цэнтнераў.

Нягледзячы на тое, што каля трыццаці працэнтаў нівы палегла, асаблівай перашкодай, на думку кіраўнікоў, гэта не стане. У гаспадарцы добра падрыхтаваны і абкатаны камбайны, у поўнай гатоўнасці зернесушыльны комплекс, няма праблем з кадрамі.

Збажыну, дзе вільготнасць складае 35—40 працэнтаў, плюшчаць. За тры апошнія дні заклалі 150 тон выдатнага бялковага корму для жывёлы. Усяго мяркуецца сплюшчыць да 600 тон збожжа. Гэтая тэхналогія ў акцыянерным таварыстве прымяняецца ўжо больш як дзясятак год, і яна цалкам апраўдала сябе.

Практычна ўсе гаспадаркі Чашніцкага раёна прыступілі да ўборкі. У кожнай з іх пабывала аўтарытэтная камісія, члены якой праверылі спраўнасць тэхнікі, яе забяспечанасць сродкамі ад пажару, а таксама ўмовы працы ўдзельнікаў уборачнай, іх харчаванне і зарплату.

Адметнасць сёлетняй кампаніі, як адзначыў старшыня райвыканкама Уладзімір Булай, у тым, што жніво пачалося адразу за сенакосам. Ураджай вырас нядрэнны. Праўда, у апошнія навальніцы ў ААТ «Проземля-Агра», КУСГП «Красналуцкае» і «Кашчынскае» да 60 працэнтаў хлябоў паклала. Камбайны, абсталяваныя сцеблапад’ёмнікамі, будуць убіраць праблемныя ўчасткі ў першую чаргу.

— Ёсць цвёрдая ўпэўненасць, што сёлета будзем з хлебам! — сказаў кіраўнік раёна. — Выканаем цалкам дзяржзаказ у 7100 тон і для сваіх патрэб хопіць.

Плануецца, што ўборачная ў раёне будзе ў асноўным завершана да 15 жніўня.

Разам са жнівом працягваецца нарыхтоўка кармоў. Іх назапашана ўжо 14,6 цэнтнера кармавых адзінак, што на 0,6 цэнтнера больш, чым летась.

 Уладзімір САУЛІЧ

saulich@bk.ru

Фота Міхаіла ДЗЕРАВЯГІ



Жніўны час «Вулькаўскага світанку»

ДА ВЫЦЯГНУТАЙ уздоўж дарогі густанаселенай лунінецкай вёскі Бродніца падступае пяцідзесяцігектарны палетак азімага жыта, з уборкі якога пачалі сёлетняе жніво ў СВК «Вулькаўскі світанак». Усе сем камбайнаў выйшлі ў поле. Галоўны аграном Валерый ПАЎЛОВІЧ загадзя агледзеў масівы збожжавых, пад якія сёлета тут адведзена 1600 гектараў, і разам з галоўным інжынерам Русланам ПАШКАЎЦОМ распрацаваў маршруты руху ўборачных экіпажаў. Па традыцыі спачатку ўбіраюцца азімыя на стараворыўных землях, што параскіданы на мінеральных глебах паміж вёскамі. І паспявае збажына на гэтых невялікіх па 40—60 гектараў участках раней, чым на тарфяніках, дзе размешчана асноўная частка збожжавых. 

Камбайнер Уладзімір ПАЎЛОВІЧ (справа) і яго памочнік Мікалай ЯРАХОВІЧ
Камбайнер Уладзімір ПАЎЛОВІЧ (справа) і яго памочнік Мікалай ЯРАХОВІЧ

— Летась мы атрымалі па 40 цэнтнераў на круг, — адзначае Валерый Паўловіч. – І сёлета першыя намалоты азімага жыта амаль такія ж. Гэта наша асноўная збожжавая культура, пад якой 587 гектараў. Пакуль абмалоцім азімыя на мінералцы, даспее жыта і пшаніца на масівах тарфянікаў. Звычайна пшанічнае поле дае найбольшую ўраджайнасць. Спадзяемся на гэта і сёлета. Трэба ўбраць 300 гектараў азімай пшаніцы, а таксама 170 гектараў аўса і 150 ячменю.

З раніцы каля ўборачных агрэгатаў і начальнік вытворчага ўчастка Вера Вячорка. Перад самым жнівом некалькі дзён моцны вятрыска і дажджы даваліся Веры Сцяпанаўны ў знакі – баялася, каб не палегла жыта. Абышлося. І зараз камбайны без асаблівай напругі рухаюцца па полі, поўняць бункеры. 

— Душа радуецца ад такой прыгожай працы, — дзеліцца ўражаннямі Вера Сцяпанаўна. – Хваляваліся, як перазімуюць збожжавыя. Раннія мінулагоднія маразы шмат пасеваў пашкодзілі. Вясною падкармілі рунь, старанна даглядалі пасевы, апрацоўвалі. І вось, бачыце, ёсць што ўбіраць, ёсць чым пахваліцца. 

— Збожжавыя вытрымалі неспрыяльную зімоўку, а рапс на 200 гектарах давялося перасяваць, — канстатуе старшыня СВК «Вулькаўскі світанак» Уладзімір Соц. — Пасеялі зернебабовыя і кармавыя культуры, каб кампенсаваць страты і папоўніць фуражны запас для амаль пяцітысячнага статка жывёлы. Асноўныя нашы хлебныя нівы раскінуты на былых палескіх балотах, збажыну адвозім на зернесушыльны комплекс ЗСК-30ж, дзе даводзім яе да належнай вільготнасці і прадаем дзяржаве. Як і ў мінулыя гады, сёлета таксама план продажу будзе выкананы.

Дзясятае самастойнае жніво ў камбайнера Уладзіміра Паўловіча. Перад гэтым пяць сезонаў быў памочнікам камбайнера Мікалая Яраховіча. Пераймаў вопыт у старэйшага механізатара і цяпер сам ужо можа ім падзяліцца. Памочнікам у яго таксама вопытны Мікалай Ванюк, працуюць някепска. Начуюць камбайны ў полі, а раніцай пад’язджае Рыгор Верас і запраўляе ўборачныя машыны. 

Шэсць грузавікоў адвозяць збожжа. А вадзіцель Яўген Вароніч раніцай прыязджае на поле на грузавой аўтамашыне і ўвесь дзень працуе на камбайне, увечары загружае машыну збожжам і адвозіць на ток. Увесь дзень у полі дзяжураць рамонтная служба і пажарная каманда.

У поўдзень вадзіцель Віктар Куршын прывозіць гарачыя абеды. Раздатчыца Галіна Верас атрымлівае іх у сталоўцы Вулькаўскай сярэдняй школы.

— Мы загадзя заключылі дамову з Лунінецкім спажывецкім таварыствам на гарачае харчаванне, — гаворыць намеснік старшыні калгаса Галіна Соц. — Гэта нам выгадна. Падаём заяўкі на колькасць абедаў, і ў спецыяльных тэрмасах яны дастаўляюцца механізатарам на поле. А калі працоўны дзень захоплівае і вечар, то загадзя рыхтуем яшчэ і падвячорак для ўдзельнікаў жніва. Усё дзеля тэмпаў і якасці, дзеля добрага настрою нашых хлебаробаў.

Уладзімір СУБАТ

Фота аўтара 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter