Кола турбот

Аўтамабілізацыя насельніцтва ў нашай краіне рухаецца сямімільнымі крокамі, але са шчаслівым набыццём жалезнага каня не кожны аўтааматар турбуецца аб тым, дзе і як яго захоўваць і, галоўнае, штодзённа паркаваць у вірлівым і напружаным па рытме жыцця мегаполісе. На бягучым тыдні якраз і з’явілася падстава нагадаць аб хвалюючай многіх тэме. 


Сёння ў Мінску 49 зон платнай паркоўкі на 3,5 тысячы машына-месцаў (580 з іх знаходзяцца на закрытай тэрыторыі, каля трох тысяч — на вулічна-дарожнай сетцы), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на галоўнага інжынера сталічнага дзяржаўнага аб’яднання “Гаражы, аўтастаянкі і паркоўкі” Пятра Пруднікава. За 9 месяцаў 2018-га яны прынеслі бюджэту горада два мільёны рублёў. Сродкі ідуць на ўтрыманне дарог, на разметку, выраб дарожных знакаў, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый.

Наогул, у Мінску эксплуатуецца 106 аўтастаянак на 27 тысяч месцаў (звыш за сем тысяч з іх свабодныя). За апошні час ад захоўвання ўласнага аўтамабіля адмовіліся 600 чалавек. А з лістапада кошт знаходжання транспарту на гэтых аўтастаянках узнімаецца штомесячна з 30 да 34 рублёў.

Аднак паступова колькасць платных парковак у беларускай сталіцы расце, асабліва ў цэнтры: да 800 падобных машына-месцаў будуць вызначаны ў Мінску напрыканцы года. З пачатку снежня вадзіцелям давядзецца аплочваць аўтастаянкі на вуліцах Калектарнай, Бабруйскай, Акадэмічнай, Сурганава і Энгельса. Новыя парковачныя зоны з’явяцца і з 17 снежня. А, напрыклад, з 1 кастрычніка парковачная плата збіраецца на мінскіх вуліцах Кірава, Свярдлова, Валадарскага, Хмяльніцкага. Кошт — рубель за гадзіну. 

Дзейнасць галіны рэгулюецца Указам Прэзідэнта № 589 і пастановай Савета Міністраў № 9, якія вызначаюць парадак эксплуатацыі і работы стаянак і парковак, плюс рашэннем сталічных улад аб збіранні платы на тым альбо іншым участку вулічнай сеткі.

Спецыялісты нагадваюць: усе платныя паркоўкі Мінска працуюць па прынцыпе папярэдняй аплаты з дапамогай SMS-паведамлення, USSD-запыту, дадатку для смартфона і інтэрнэт-банкінгу, праз плацёжны тэрмінал альбо па карце паркоўкі. Выключэнне за закрытымі паркінгамі са шлагбаумам, дзе дзейнічае аўтаматыка (плата ўносіцца кіроўцам непасрэдна перад выездам). 

У цэлым статыстыка несуцяшальная: вулічныя паркоўкі аплочвае толькі 30 працэнтаў аўтааматараў. Уяўляеце, якія грошы ідуць міма казны з-за вадзіцельскіх хітрыкаў. Яны ставяць аўто на тратуарах, пешаходных пераходах і ў зялёнай зоне, усяляк імкнуцца абмінуць паркоўшчыка, калі той дзяжурыць на аб’екце. На жаль, камеры фіксацыі падобных правапарушэнняў пакуль яшчэ не распаўсюджаны ці працуюць у рэжыме тэсціравання.

Цяпер у сталіцы і іншых гарадах краіны існуе такі трэнд, як “офісная” паркоўка: калі чалавек з раніцы прыехаў на працу, а ўвечары з’ехаў. Паводле слоў Пятра Пруднікава, ад гэтага трэба пазбаўляцца, каб стварыць нармальныя ўмовы паркоўкі для ўсіх аўтамабілістаў у рэчышчы сусветнага і еўрапейскага вопыту. 

Зараз вельмі патрэбна ўдасканальванне заканадаўства па аплаце вулічных парковак, паколькі дзеючая сістэма не прадугледжвае штрафы альбо нейкую строгую заканадаўчую адказнасць вадзіцеляў за неаплату. Ужо некалькі гадоў разглядаецца законапраект, які павінен урэгуляваць гэтыя актуальныя пытанні.

А пакуль у Мінску прапануецца ўвесці павышаны тарыф за неаплату паркоўкі, паколькі адпаведнага грашовага пакарання пакуль няма, а ёсць толькі парушэнне п.139 Правілаў дарожнага руху (ПДР) і патрабаванняў дарожнага знака 7.8. 

Калі вы неўзабаве знайшлі пад дворнікам свайго аўтамабіля “жоўты бланк” — гэта не штраф, а толькі прапанова аплаціць паркоўку адным з вядомых спосабаў. Нумары зацятых парушальнікаў звычайна перадаюцца работнікамі парковачных арганізацый у ДАІ за парушэнне ПДР. Былі прэтэдэнты разгляду падобных спраў у судзе, пасля чаго вадзіцелі ўносілі занадта невялікія грошы. Спадзяёмся, у бліжэйшай перспектыве нашы дэпутаты здолеюць ліквідаваць гэты відавочны прабел, каб урэгуляваць існуючыя прававыя праблемы.

Аб іншых клопатах айчынных аўтамабілістаў і дарожнікаў — чытайце ў нашым сённяшнім дадатку “Аўтаклуб”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter