Кола “птушынага” календара

Адной з найбольш цікавых, але мала даследаваных праблем міфапаэтычнай спадчыны беларусаў з’яўляецца сімволіка птушак, з якімі чалавек кантактаваў даволі актыўна. З цягам часу птушкі занялі вельмі важнае месца ў фальклорнай спадчыне беларусаў, сталі аб’ектам глыбокага асэнсавання фактычна ва ўсіх жанрах вусна-паэтычнай творчасці.

Акрамя таго, што некаторыя птушкі прадвызначалі лёс чалавека, многія з іх былі самым незвычайным чынам звязаны з часам правядзення тых ці іншых абрадаў або земляробчых спраў. Штогадовы прылёт іх з выраю і адлёт назад быў пакладзены нашымі продкамі ў аснову адной з сістэм вымярэння каляндарнага часу. Яскравым сведчаннем таму сталі шматлікія загадкі: “Дванаццаць арлоў, пяцьдзесят дзве галкі зняслі адно яйцо” (год, месяцы, тыдні); “Дванаццаць варон, трохі болей галіц, хто адгадае, той харошы малец”.
Менавіта да птушкі -- зязюлі, -- той, якая “лёгка” жыве, бо не выхоўвае сваіх дзетак, чалавек звяртаўся, каб даведацца, колькі яму яшчэ гадоў адмерана: колькі разоў “ку-ку” пачуеш, столькі  гадоў і пражывеш.
Асэнсаванне часу праз птушыны код самым непасрэдным чынам звязана з пабудовай Сусвету і падзелам яго на свет жывых і “той” свет (памерлых). І тады становіцца зразумелым, чаму птушка, якая раптам залятала ў хату або моцна стукалася ў акно, так палохала людзей. Па меркаванню нашых продкаў, яна прылятае ў тую хату, з якой хутка адляціць душа ў вырай, а значыцца, нехта хутка памрэ.
Сярод птушак, якія выступалі пасрэднікамі паміж светам жывых і “светам” памерлых, і якіх надзялялі здольнасцю прадвяшчаць, лічылі ворана-крумкача, сароку, зязюлю і саву: “Сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі... Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае бяду. Па кукаванню зязюлі варожаць, ці доўгае будзе жыццё, пра замужжа, багацце. Крык савы над домам -- дрэнны знак”.
Акрамя гэтага вешчунамі лічылі і дробных птушак, такіх, як сініца, ластаўка, верабей: “Калі дробныя птушкі раптоўна залятаюць у хату цераз акно, гэта можа прадказваць рознае: а) ластаўка заляціць -- прыйдзе непажаданая вестка, а калі там ёсць нявеста -- прыйдуць сваты ці жаніх; б) верабей заляціць -- будуць атрыманы неістотныя звесткі; зойдзе наведнік; в) сініца б’ецца і заляціць -- трэба чакаць вялікага няшчасця; заляціць у свіран -- здарыцца смерць некага з сям’і”.
У структуры беларускага народнага календара птушкам належыць важны гарманізуючы пачатак: яны сваім прылётам азначаюць этапы веснавога абуджэння і разгортвання складанага цыкла земляробчых работ. Заціханне птушынага спеву і адлёт іх у вырай было знакам згортвання свету, заканчэння цёплага летняга перыяду і падрыхтоўкі зямлі да чарговага этапа зімовага спачыну.
Паэтапнае разгортванне прасторы наваколля ў птушыным кодзе фіксавалася наступным чынам. Веснавое сонца і адпаведна першыя прыкметы пацяплення атаясамліваліся з жаваранкамі. “Пасля жаваранкаў паяўляюцца пліскі, затым на 10--12-м тыдні ад Каляд прылятаюць вадзяныя птушкі, дзікія качкі і гусі... Потым прылятаюць  буслы, жураўлі, кулікі, зяблікі, дразды і іншыя, пасля 15 тыдняў ад Каляд. Пазней -- перапёлкі, драчы, жоўны і інш. Лічылася, што менавіта кулік прыносіў з-за мора само пацяпленне, а таксама ключы, якімі адкрывалася вада, замкнёная на зіму лёдам. Ён ускрываў рэкі і “нараджаў” вясёлыя ручаі.
Аб тым, што прыйшла паўнапраўная вясна-ўладарка, абвяшчалі ластаўкі. Яны пачыналі рабіць гнёзды пад дахамі (пад “каньком”) хат і тым самым прыносілі чалавеку (сям’і) прыемную навіну -- хата ў гэтым годзе будзе поўніцца шчасцем і дабрабытам. Сапраўднай вясной лічылі той дзень, калі ўпершыню кувала зязюля. Па назіраннях нашых продкаў, часцей за ўсё гэта было “на Юр’я (6 мая, на 17-м тыдні ад Каляд)”. 
Завяршаў шматгалосы птушыны клін салавей. Яго прылёт адпавядаў пераходу вясны ў лета. А ўжо пачынаючы са Спаса (19 жніўня) птушкі пачыналі збірацца ў вырай. Распачынаўся зваротны адлік часу, які таксама парадкаваўся паэтапным развітаннем то адной, то другой птушынай сям’і.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter