Кола “птушынага” календара

Сярод птушак, якія выступалі пасрэднікамі паміж светам жывых і “светам” памерлых і якіх надзялялі здольнасцю прадвяшчаць, лічылі ворана-крумкача, сароку, зязюлю і саву: “Сарока прыносіць і добрыя, і благія весткі... Крумкач, кракаючы над домам, прадказвае бяду. Па кукаванню зязюлі варожаць, ці доўгае будзе жыццё, пра замужжа, багацце. Крык савы над домам — дрэнны знак”.

Акрамя гэтага вешчунамі лічылі і дробных птушак, такіх, як сініца, ластаўка, верабей: “Калі дробныя птушкі раптоўна залятаюць у хату цераз акно, гэта можа прадказваць рознае: а) ластаўка заляціць — прыйдзе непажаданая вестка, а калі там ёсць нявеста — прыйдуць сваты ці жаніх; б) верабей заляціць — будуць атрыманы неістотныя звесткі, зойдзе наведнік; в) сініца б’ецца і заляціць — трэба чакаць вялікага няшчасця; заляціць у свіран — здарыцца смерць некага з сям’і”.
У структуры беларускага народнага календара птушкам належыць важны гарманізуючы пачатак: яны сваім прылётам азначаюць этапы веснавога абуджэння і разгортвання складанага цыкла земляробчых работ. Заціханне птушынага спеву і адлёт іх у вырай былі знакам згортвання свету, заканчэння цёплага летняга перыяду і падрыхтоўкі зямлі да чарговага этапа зімовага спачыну.
Паэтапнае разгортванне прасторы наваколля ў птушыным кодзе фіксавалася наступным чынам. Веснавое сонца і адпаведна першыя прыкметы пацяплення атаясамліваліся з жаваранкамі. “Пасля жаваранкаў паяўляюцца пліскі, затым на 10—12-м тыдні ад Каляд прылятаюць вадзяныя птушкі, дзікія качкі і гусі... Потым прылятаюць  буслы, жураўлі, кулікі, зяблікі, дразды і іншыя, пасля 15 тыдняў ад Каляд. Пазней — перапёлкі, драчы, жоўны і інш. Лічылася, што менавіта кулік прыносіў з-за мора само пацяпленне, а таксама ключы, якімі адкрывалася вада, замкнёная на зіму лёдам. Ён ускрываў рэкі і “нараджаў” вясёлыя ручаі.
Аб тым, што прыйшла паўна-праўная вясна-ўладарка, абвяшчалі ластаўкі. Яны пачыналі рабіць гнёзды пад дахамі (пад “каньком”) хат і тым самым прыносілі чалавеку (сям’і) прыемную навіну — хата ў гэтым годзе будзе поўніцца шчасцем і дабрабытам. Сапраўднай вясной лічылі той дзень, калі ўпершыню кувала зязюля. Па назіраннях нашых продкаў, часцей за ўсё гэта было “на Юр’я (6 мая, на 17-м тыдні ад Каляд)”. 
Завяршаў шматгалосы птушыны клін салавей. Яго прылёт адпавядаў пераходу вясны ў лета. А ўжо пачынаючы са Спаса (19 жніўня) птушкі пачыналі збірацца ў вырай. Распачынаўся зваротны адлік часу, які таксама парадкаваўся паэтапным развітаннем то адной, то другой птушынай сям’і.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter