Коханава: ад зубчыкаў на сярпах да «Лiчбаў на сэрцы»

ДРУГУЮ палову тысячагоддзя адлічвае мястэчка Коханава, што паміж старажытнымі Талачынам і Оршай. З часоў Друцкага княства, што ўваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае, тут пралягае гандлёвы шлях. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе гэтым паселішчам у тры сотні жыхароў валодаў магнат Леў Сапега.

 Разбітыя на Барадзінскім полі французскія войскі пры адступленні да шчэнту спалілі мясцовыя падворкі. Адноўленае Коханава стала цэнтрам воласці Аршанскага павета. Адкрыліся вінакурны завод, бальніца, народнае вучылішча, праваслаўная царква, сінагога. Паўтара века таму побач пралегла Маскоўска-Брэсцкая чыгунка.

У мінулым стагоддзі Коханаву двойчы выпала быць раённым цэнтрам, а з лютага 1947 года — атрымаць статус пасёлка ў Талачынскім раёне. Цяпер тут цэнтр сельсавета, які аб’ядноўвае звыш паўсотні вёсак, вёсачак і хутароў. Прамысловыя прадпрыемствы, на якіх выпускаюць экскаватары, сельгастэхніку, пластмасавыя трубы, жалезабетонныя вырабы, амаль на 60 працэнтаў поўняць раённы бюджэт. На тэрыторыі сельсавета гаспадаркі “Звянячы” і “Коханава-Агра”, прафесійна-тэхнічны ліцэй, дзе падрыхтоўваюць механізатараў і слесараў па рамонце тэхнікі. Гэта зямля дала свету народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага.

ТРАСКУЧЫЯ калядныя маразы моцна скавалі вусце Друці, што юркліва нясе гаючыя воды віцебскіх крыніц сухадоламу Дняпру. З вакна чыгуначнага вагона далёка праглядаюцца ўбеленыя зімовым покрывам краявіды.  Класік французскай літаратуры Анатоль Франс лічыў, што “часам адзін дзень, праведзены ў іншых мясцінах, дае больш, чым дзесяць гадоў жыцця дома”. Пэўна, так. Вялікае шчасце мець магчымасць вандраваць, а яшчэ большае — дзяліцца ўражаннямі ад ўбачанага. Так думалася пад грукат вагонных колаў.

 Цягнік сцішана спыніўся на паўстанку Марцюхова. Бліскучы ад сонечных промняў снег сляпіў вочы і рыпеў пад нагамі. Прыдарожныя хмызы і галіны дрэў пад белымі шапкамі гнутка хіліліся долу. Сцюдзёнае паветра забівала дух. Пасядзеўшы ў кабіне легкавіка старшыні Коханаўскага сельсавета Мікалая Барышава, я нарэшце сагрэўся, і мы ўзялі накірунак на Коханава.

Cтаршыня Коханаўскага сельсавета Мікалай БАРЫШАЎ


 Для Мікалая Яўгенавіча гэта родныя мясціны. Дзяцінства тут прайшло. На Галошынскай малочна-таварнай ферме маці Раіса Якаўлеўна даіла кароў, а бацька Яўген Яўхімавіч кіраваў аўтаматычнай дойкай. Пасля заканчэння сталічнага ўніверсітэта Мікалай Барышаў вярнуўся дамоў з дыпломам інжынера-механіка. Жонкай стала мясцовая дзяўчына Юлія Сцяпанава, якая закончыла Віцебскі медуніверсітэт. І цешча Ніна Станіславаўна вопытны доктар. У Талачынскай цэнтральнай раённай бальніцы пачалі сваю ўрачэбную кар’еру сын Арцём і нявестка Вікторыя. На фармацэўта  ў Віцебскім дзяржаўным медуніверсітэце вучыцца дачка Ангеліна.


 — Ад бацькі пераняў цягу да тэхнікі, — прызнаецца Мікалай Барышаў. — Даільная ўстаноўка на жывёлагадоўчай ферме, якую абслугоўваў бацька, працавала як часы. У яго руках усё атрымлівалася. З дыпломам інжынера-механіка БДАТУ мне давялося яшчэ вучыцца ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі. Працаваў намеснікам дырэктара Коханаўскага сельскага прафтэхвучылішча, якое рэарганізавана ў ліцэй. Падрыхтоўваюць у ім механізатараў шырокага профілю, вадзіцеляў грузавых аўтамашын, слесараў. Выпускнікі могуць далей вучыцца ў Гарадоцкім аграрна-тэхнічным каледжы і Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі.

Паэт Іван БАТРАК(справа) і яго бацькі.

 Сем гадоў таму Мікалай Барышаў узначаліў Коханаўскі сельсавет. Многае зроблена па добраўпарадкаванні пасёлка. Летась новыя агароджы ўпрыгожылі цэнтральныя вуліцы. Клопатаў пастаянна хапае. Востра паўстала праблема занятасці. На трох прампрадпрыемствах пяцітысячнага пасёлка няма вакансій. Коханаўскія заводы выпускаюць экскаватары розных мадыфікацый, поліэтыленавыя трубы для сістэм газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, будаўнічыя матэрыялы з бетону і жалезабетону. Спадзяванні ў старшыні сельсавета на сумесны з расійскімі інвестарамі праект рэканструкцыі пустуючых памяшканняў былога дрэваапрацоўчага цэха. Тут плануюць вырошчваць вёшанкі, што дазволіць стварыць да сарака рабочых месцаў, а ў перспектыве і пашырыць вытворчасць.

 Хвалюе старшыню і недабор навучэнцаў у ліцэй. Штогод памяншаецца выпускнікоў вясковых школ.У Коханаўскай СШ на трэць скарацілася колькасць вучняў. Раней у старым будынку ў тры змены вучыліся паўтары тысячы выхаванцаў. Трохпавярховая тыпавая школа ўпрыгожыла пасёлак. Дзяўчынкі ў выпускных класах авалодвалі прафесіяй швачкі, а юнакі — механізатара.

 АДЗІН з іх, Міхаіл Лягурда, да выхаду на пенсію працаваў механізатарам у гаспадарцы “Коханава-Агра”, якою дзясяты год паспяхова кіруе выпускнік Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі Сяргей Марчанка. Заклапочанага кіраўніка сустрэлі на механізатарскім двары. Моцныя маразы скавалі водаправод на жывёлагадоўчай ферме, і Сяргей Васільевіч са спецыялістамі з раніцы былі там. Аператыўна наладзілі падачу вады.

Дырэктар ААТ «Коханава-Агра» Сяргей МАРЧАНКА.

 У рамонтнай майстэрні некалькі рабочых увіхаліся ля разабраных рухавікоў МТЗ. Магутнае прыстасаванне падавала ў прасторнае памяшканне цёплае паветра. У такіх умовах зручна працаваць. Уся глебаапрацоўчая тэхніка ўжо стаяла на лінейцы гатоўнасці. Машын і агрэгатаў хапае. Вострая праблема механізатарскіх кадраў. Сёння яшчэ ёсць каму садзіцца за руль магутных трактараў. Не падводзяць механізатары Аляксей Лашкоў, Пётр Красоўскі, Анатоль Шпецько, Андрэй Шэйка, Вячаслаў Закрэўскі, Яўген Александрынкін. Але галоўны інжынер Васіль Цыбульскі хвалюецца: хто іх заменіць?

 Ні на хвіліну ў студзёныя дні не пакідае дыспетчарскую Алена Сліжанкова. У перапынку паміж тэлефоннымі званкамі падкідвае дроў у зыркую печ. Пагрэцца зайшла аграном-насеннявод Таццяна Конанава. Паведаміла: да веснавой сяўбы агранамічная служба гатова, застаецца чакаць выхаду ў поле. Яравы пасяўны палетак амаль паўтары тысячы гектараў. Галоўны аграном Алег Каласоўскі распрацаваў з інжынернай службай маршруты механізаваных звенняў на веснавым полі. Лепш за ўсё на коханаўскіх суглінках родзяць аўсы. Летась кожны гектар даў амаль па паўсотні цэнтнераў зерня.

Даваенны будынак Коханаўскай СШ, у якой вучыўся Міхаіл Савіцкі.

 Вострая ў гаспадарцы праблема жывёлагадоўчых кадраў. Моладзі няма на фермах. Раней каля кожнай з пяцідзесяці дзвюх вёсак сельсавета пасвіўся статак кароў, а цяпер ледзьве сотня набярэцца. На першым плане праблема кадраў і ў кіраўніка суседняга ААТ “Звянячы” Сяргея Сушко, які нядаўна ўзначаліў гаспадарку.

 У Коханаўскую сярэднюю школу, якою чвэрць стагоддзя кіравала Таццяна Іванаўна Радзькова, з усіх куткоў рэспублікі ехалі пераймаць вопыт арганізацыі прафарыентацыі. Акрамя рабочых прафесій, дзейнічаў і педагагічны клас. Многія былыя вучні сталі настаўнікамі і вярнуліся ў сваю школу, якую ўзначальвае Міхаіл Татарановіч. Настаўніцтва ён пачынаў у веткаўскай вёсцы Грамыкі, вядомай малой радзіме былога міністра замежных спраў СССР Андрэя Грамыкі. Пасля чарнобыльскай катастрофы Міхаіл Міхайлавіч з сям’ёю перабраўся на Віцебшчыну. Заняты ён падрыхтоўкай да вечара сустрэчы з выпускнікамі. Не толькі выхаванцы, але і педагогі розных часоў збіраюцца ў школе, якой у будучым годзе споўніцца 150 гадоў. Земскае народнае вучылішча ў Коханаве адкрылася ў 1868 годзе.

 У ШКОЛЬНЫМ музеі, якім кіруе настаўніца Ларыса Мацюшэўская, сабраны фотаздымкі, дакументы, пісьмы былых выхаванцаў, рэчы сялянскага побыту мінулага. Сярод іх і лісты ад сусветна вядомага земляка Міхаіла Савіцкага.

 Былая настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Хацкевіч памятае расповед маці, якая жыла ў  Ляўках. А праз поле пачыналася вёска Звянячы, дзе і зараз стаіць бацькоўская хата Міхаіла Савіцкага. Разам убіралі калгасную збажыну. Міхась са сваім бацькам славіліся тым, што спрытна насякалі жнеям зубчыкі на сярпах. Пасля іх даводкі лягчэй хадзіў серп у руках жней. Мне шчасціла сустракацца з Міхаілам Андрэевічам у яго сталічнай майстэрні. Да апошніх дзён жыцця геніяльны мастак з цеплынёю ўзгадваў сваё сялянскае паходжанне, ведаў цану хлебу.

 У Звянячах вокнамі на чыгунку амаль стагоддзе глядзіцца бацькоўская хата народнага мастака Савецкага Саюза, франтавіка, удзельніка абароны Севастопаля, вязня многіх канцэнтрацыйных лагераў смерці, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Старшыня Коханаўскага сельсавета плануе выкупіць будынак і стварыць мемарыяльны музей геніяльнага земляка, карціны якога “Лічбы на сэрцы”, “Чорная быль” сталі сусветна вядомымі. А палатно “Партызанская мадонна” назаўсёды засталося ў Трэцякоўскай галерэі і ўсяму свету распавядае пра нескароную Беларусь.


Ларыса МАЦЮШЭЎСКАЯ, Таццяна РАДЗЬКОВА, Галіна ХАЦКЕВІЧ і Міхаіл ТАТАРАНОВІЧ

Шчыра расказвала Ларыса Мацюшэўская пра іншых вядомых выпускнікоў школы. На пачатку мінулага стагоддзя вучыўся тут сялянскі хлопчык Іван Казлоўскі, які стаў паэтам і ўвайшоў у беларускую літаратуру пад псеўданімам Іван Батрак і быў адным з кіраўнікоў Усесаюзнага грамадства сялянскіх пісьменнікаў. Падтрымліваў сувязь з Максімам Горкім, Аляксандрам Фадзеевым, Аляксандрам Серафімовічам. У канцы трыццатых гадоў неабгрунтавана арыштаваны і расстраляны. Яго прозвішчам названа вуліца ў Оршы. І ў Коханаве плануецца ўвекавечыць памяць аб ім. Імя былога выхаванца, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху Героя Савецкага Саюза Іллі Кожара носіць Коханаўская сярэдняя школа. Званняў Героя Савецкага Саюза ўдастоены былыя яе выхаванцы Пятро Сычэнка, Яўген Целешаў, Фёдар Макавецкі. Генералам арміі і Героем Расіі стаў зямляк Віктар Казанцаў, які прыязджаў на сустрэчу ў родную школу.

Літаратурныя творы Алеся Петрашкевіча ўпрыгожваюць Коханаўскую бібліятэку, размешчаную ў раскошным Палацы культуры. Паслугамі бібліятэкі карыстаюцца, па словах загадчыцы Марыі Цупрыяновіч, амаль 1800 чытачоў, з іх палова — школьнікі. Тры бібліятэкары абслугоўваюць абанемент, чытальную залу і дзіцячы аддзел. Прыемна было бачыць сярод іншых перыядычных выданняў і падшыўку “Сельской газеты”. Пры Палацы культуры, якім шмат гадоў кіруе Алена Бугаёва, працуюць школа мастацтваў, дзясятак розных гурткоў па інтарэсах. Але бадай што самы папулярны — народны тэатр “Балаболы”. Без яго выступленняў не абыходзіцца ні адна раённая ўрачыстасць. На працягу двух дзесяцігоддзяў іх прадстаўленні ўпрыгожваюць розныя абласныя і рэспубліканскія фестывалі. Коханаўскім артыстам апладзіравалі гледачы на “Славянскім базары” ў Віцебску.

Артысткі самадзейнага тэатра «Балаболы» Жана ШЭМІТ і Алена БУГАЁВА.

Напружаны графік тэатра ў калядныя дні. Па традыцыі напярэдадні старога Новага года коханаўцы збіраюцца ля святочнай ёлкі ў цэнтры пасёлка. І, як некалі на слынных пакроўскіх кірмашах, будзе весела і людна. Умеюць у Коханаве рупліва працаваць і любяць прыгожа адпачываць.


Талачынскі раён

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter