Номер "СГ" 60 лет назад: коконы шелкопряда колхозники сдавали пудами

Коканы шаўкапрада калгаснiкi сдавалi пудамi

Аб чым пісала «Сельская газета» 60 гадоў таму
Адна з асноўных тэм пачатку чэрвеня 1955 года – удзел беларускіх калгасаў і саўгасаў ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы. “Сёлета УСГВ яшчэ больш багатая па змесце і афармленні. У параўнанні з 1954 годам на ёй прадстаўлена яшчэ больш экспанентаў з БССР: 9 раёнаў, 229 калгасаў, 35 саўгасаў, 14 машынна-трактарных станцый, 92 жывёлагадоўчыя фермы, 5 доследных станцый, 11 навукова-даследчых і навучальных устаноў, 89 іншых гаспадарак і арганізацый. Чакаецца прыезд у Маскву больш за 20 тысяч экскурсантаў з Беларусі. Сёння, напрыклад, на выстаўцы прысутнічае дэлегацыя з Асіповіцкага раёна (на здымку), – расказваў “Калгаснай праўдзе” дырэктар павільёна Беларускай ССР Г. Белякоў. – У цэнтральнай зале ўстаноўлена вялікая, па-майстэрску аформленая рэльефная карта Беларусі. На ёй паказаны буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы і электрастанцыі, калгасы і саўгасы. Карта электрыфікавана і агучана.


Спецыяльная зала прысвечана дасягненням беларускіх бульбаводаў. І гэта натуральна – за 1954 год у рэспубліцы падвоены ўраджай і валавы збор бульбы. У сярэднім з кожнага гектара атрымана па 100 цэнтнераў клубняў. Найбольшых поспехаў дасягнуў Слуцкі раён. Калгас “Першае мая” дзякуючы выкарыстанню перадавой агратэхнікі, укараненню квадратна-гнездавога спосабу пасадкі і механізаванай апрацоўцы міжрадкоўяў у двух напрамках дабіўся ўраджаю ад 180 да 270 цэнтнераў з гектара. 

Упершыню ў гэтым годзе ўдзельнічае на выстаўцы шырокім паказам калгас “XVIII партз’езд” Талачынскага раёна. Яго працаўнікі з кожнага з 74 гектараў сабралі па 6 цэнтнераў насення і 6,4 цэнтнера валакна. А звяно В. П. Кароткай – 7 цэнтнераў насення і 10,5 цэнтнера валакна. Калгас “Камінтэрн” Магілёўскага раёна ў мінулым годзе ўдзельнічаў ва УСГВ па паказчыках ураджайнасці збожжавых культур. Сёння ён ідзе шырокім паказам і па развіцці жывёлагадоўлі. На сто гектараў ворнай зямлі, лугоў і пашы калгас атрымаў 284 цэнтнеры малака і 29,6 цэнтнера мяса”. 

“Хлебаробы калгаса імя Гастэлы Мінскага раёна веснавую сяўбу правялі ў сціслыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні. Зараз садова-агародная брыгада ў скла- дзе Ірыны Клеманчук, Эміліі Варонка, Алены Баляслаўскай і іншых занята на праполцы гародніны. Усяго ў гаспадарцы на доглядзе пасеваў занята 250 чалавек. За апошнія дні ачышчана ад пустазелля звыш за 120 гектараў збожжавых, 40 гектараў ільну, прабаранавана 200 гектараў бульбы. Побач з калгасам імя Гастэлы раскінуліся палі сельгасарцелі імя Красіна. На жаль, тут не адчуваецца клопату пра лёс ураджаю: яшчэ не закончана сяўба, а ўсходы льну і яравых культур зарастаюць пустазеллем. У трэцяй паляводчай брыгадзе больш за 80 калгаснікаў, але на працу выходзяць 15—20 чалавек, астатнія занятыя сваімі прысядзібнымі ўчасткамі”, – сігналізавала газета пра недобрасумленныя адносіны калгаснікаў да працы. 

Газета рэгулярна друкавала звесткі з палёў. На пачатак чэрвеня ніводная з абласцей не выканала на 100 працэнтаў план па сяўбе, але найгорш справы абстаялі ў Маладзечанскай вобласці. Так, на 10 чэрвеня тут было пасеяна ўсяго 80 працэнтаў ільну, 75 працэнтаў яравых збожжавых і бабовых, 60 працэнтаў бульбы, 57 працэнтаў кукурузы, 24 працэнты гародніны. 

Белкаапсаюз выступаў са старонак газеты з заклікам да калгаснікаў, а таксама піянераў і школьнікаў: у вольны ад працы ці вучобы час яны маглі забяспечыць сабе дадатковы даход, збіраючы і здаючы грыбы, ягады і лекавыя расліны. Нарыхтоўчыя пункты, магазіны і крамы Белкаапсаюза гатовыя былі закупіць у насельніцтва ў любой колькасці лясныя і садовыя ягады, сушаныя яблыкі і грушы, свежыя і сушаныя грыбы, лушчаныя і нялушчаныя жалуды. А таксама лекавыя расліны: валяр’яну, кару крушыны і маладога дуба, чараду, талакнянку, крапіву, насенне кміну і кропу, шышкі дзікарастучага хмелю, ягады ядлоўцу, рабіны і жостэру.

Калгаснікі сельгасарцелі “За Радзіму” Нараўлянскага раёна ў мінулым годзе здалі дзяржаве некалькі соцень пудоў коканаў дубовага шаўкапрада, за што атрымалі амаль 150 тысяч рублёў грашыма і каля 10 тонн пшаніцы. Многа такіх коканаў збіраюць таксама члены сельгасарцелей “Серп і молат” і імя Леніна. Шаўкаводствам займаюцца і іншыя сельгасарцелі раёна. Да канца гэтага года яны атрымаюць амаль 5 тонн коканаў. Базай для выкармкі вусеняў шаўкапрада з’яўляюцца нізкарослыя дубовыя зараснікі. 

bolshakova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter